Часам варта зірнуць на сябе вачыма іншых людзей. Такі позірк звонку прыдаецца ня толькі паасобна ўзятым людзям, але таксама і народам, якім добра ведаць, што пра іх думаюць прадстаўнікі іншых нацый. У гэтай перадачы мы распавядзём, як бачаць беларусаў і Беларусь у Польшчы.
На ўсходняй мяжы Польшчы з моманту ўваходу краіны ў Шэнгенскую зону паявіўся практычна новы мур, які ня кожнаму хочацца ды ўдаецца перасячы, паколькі трэба атрымліваць візу. Калі няма кантакту паміж людзьмі, то паяўляецца шмат стэрэатыпаў, у асноўным нэгатыўных. Многія палякі ўяўляюць сабе Беларусь як адсталую краіну, бедную, якой кіруе «апошні дыктатар Эўропы». На шчасьце, ёсьць нямала людзей, якія не баяцца стэрэатыпаў і сьмела накіроўваюцца ў падарожжа па Беларусі.
Артур Зыгмунтовіч упершыню пабываў у Беларусі яшчэ ў часы Савецкага Саюзу, а цягам апошніх двух гадоў быў там чатыры разы, у тым ліку два разы праехаў па краіне на ровары. У выніку сваіх падарожжаў па беларускай зямлі ён напісаў кніжку для палякаў, якія хацелі б паехаць на ўсход. Называецца выданьне «Беларусь - імпэрыя кантрастаў». Аўтар распавядае, што за апошнія гады зьмянілася ў Беларусі.
А. Зыгмунтовіч: Шмат рамантуецца помнікаў, хаця і так патрэбы на шмат большыя. Паявілася нямала месцаў, дзе можна пераначаваць, хаця б прыватныя кватэры ці пакоі на суткі. У краіне ёсьць што ўбачыць. І самі беларусы вельмі зьмяніліся, гэта ўжо зусім іншая краіна, чым была 20 гадоў таму. Наша група ровараў выклікала сэнсацыю ўжо на мяжы, але пазьней было лепш з кожнай хвілінай. Напрыклад, калі мы затрымаліся ў Горадні, то праз 15 хвілін нас ужо запрасілі на два вясельлі.
Палякі знойдуць у Беларусі вельмі шмат помнікаў, зьвязаных з польскай культурай, таму варта наведаць краіну, каб убачыць месцы нараджэньня і жыцьця Элізы Ажэшка, Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касьцюшкі, але варта таксама паехаць туды, дзе ёсьць некранутая прырода, а такіх куткоў засталося ў Эўропе ўжо няшмат, – адзначае госьць ПР.
А. Зыгмунтовіч: Дзікая прырода, асабліва ў ваколіцы Прыпяці, дзе няма турыстычнага руху, дзе трэба прасіць мясцовых, каб раздабыць лодку, а таксама транспартаваць гэтую лодку да ракі. Гэта ня так проста, паколькі неабходна праехаць праз балоты. Гэта вельмі дзікая, некранутая, цудоўная прырода.
Абавязковы пункт наведваньня Беларусі палякамі – гэта ўрочышча Мерачоўшчына непадалёк ад Івацэвічаў, дзе ў сярэдзіне 18-га стагодзьдзя нарадзіўся Тадэвуш Касьцюшка. Хата, дзе прыйшоў на сьвет нацыянальны герой трох народаў, рэканструяваная паводле малюнкаў Напалеона Орды.
А. Зыгмунтовіч: Вёскі Мерачоўшчына на самой справе ўжо няма, адзіным аб’ектам зьяўляецца маёнтак Касьцюшкаў. Месца цікавае, паколькі ад яго мы можам пачаць расповед пра іншага важнага чалавека, якога прызабылі ў Польшчы. Гэта Напалеон Орда, які зрабіў каля тысячы малюнкаў важных архітэктурных аб’ектаў у Польшчы. На падставе малюнкаў гэтыя зьнішчаныя аб’екты будавалі з нуля, таксама было з маёнткам Касьцюшкаў, разбураным падчас вайны. Ён быў збудаваны з нуля дзякуючы сродкам аднаго з амэрыканскіх фондаў. А наведваньне Берасьцейшчыны варта пачаць з самога Берасьця, дзе ёсьць шмат цікавых аб’ектаў для турыстаў.
Аўтар кніжкі пра Беларусь адзначае, што палякам вельмі лёгка знайсьці ў Беларусі знаёмых, а нават сябраў, асабліва ў заходняй частцы краіны.
А. Зыгмунтовіч: На самой справе дастаткова дзесьці сесьці, пад парасонам, у кавярні, рэстаране, і гучна размаўляць па-польску. Неўзабаве ў нас ужо будуць знаёмыя, на 100%. Дарэчы, калі я ўжо пачаў казаць пра кавярні і рэстараны, то варта згадаць, што ёсьць такі беларускі адказ на амэрыканскія гамбургеры – называецца кавярня "Фры Дом" (дом бульбы фры). Цікава тое, што фанэтычна гэта гучыць як ангельскае слова «свабода» (freedom), але беларусы як правіла гэтага не заўважаюць, бо пішацца зусім інакш. Але, калі ім на гэта ўказаць, то яны амаль што падаюць са сьмеху на тратуар. Нельга забываць, што ў Беларусі дыктатарская ўлада, гэта моцна антыамэрыканская краіна.
Відаць, госьць ПР любіць беларусаў і Беларусь, ён мог бы расказваць пра свае падарожжы па гэтай краіне цэлымі гадзінамі, але, на жаль, перадача абмежаваная пяцьцю хвілінамі. Нагадаю, вы слухалі расповед Артура Зыгмунтовіча, аўтара кнігі «Беларусь - імпэрыя кантрастаў».
І Пр. ПР/нг