Польскія памежнікі надалей вяртаюць мігрантаў з КПП у Беларусь
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.04.2018 15:45
Прадстаўнікі МУС неафіцыйна адзначаюць, што бар’ер на мяжы быў пастаўлены з-за боязі тэрарызму.
Ілюстрацыйны здымакIAR/Krystian Dobuszyński
«Dziennik Gazeta Prawna» працягвае тэму мігрантаў, якіх адмаўляецца ўпускаць у Польшчу памежная служба краіны. Гаворка ідзе перш за ўсё пра беларуска-польскі кантрольна-прапускны пункт у Берасьці-Тарэспалі. Напрыклад, сужонская пара таджыцкіх журналістаў Сітора і Хашымі Юсупавы кажуць, што памежная варта ў Тарэспалі парушае законы, не дазваляючы ім падаць заяву на палітычны прытулак у Польшчы і адсылаючы назад у Беларусь. «Раз робяць выгляд, што нас ня чуюць, іншым разам абяцаюць, што перададуць камэнданту. Нас заўсёды вяртаюць у Беларусь», – кажа жанчына. Польская памежная служба адхіляе ўсе абвінавачваньні.
Невядома, паводле якіх крытэраў адных упускаюць, а іншых не. З прыкладна 80 сем’яў пераважна чачэнскіх і таджыцкіх, якія хацелі б трапіць у Польшчу, палякі прымаюць максымальна адну ў дзень, – гаворыць Эніта Браніцка з беларускай арганізацыі Human Constanta.
Прадстаўнікі МУС неафіцыйна адзначаюць, што бар’ер на мяжы быў пастаўлены з-за боязі тэрарызму. Праваабаронца Эва Асташэўска-Жук кажа, што праверкай іншаземцаў займаюцца спэцыяльныя службы. Немагчыма, каб хтосьці не прайшоў праверкі і атрымаў статус уцекача. Браніцка дадае, што Польшча мае права правяраць іншаземцаў, якія шукаюць прытулку, але павінна прытрымлівацца акрэсьленых працэдур.
Крызыс у Берасьці пачаўся ў 2016 годзе, калі вырасла колькасьць чачэнцаў і таджыкаў, якія хацелі атрымаць у Польшчы палітычны прытулак. Польскія памежнікі адсылалі іх назад па прычыне адсутнасьці візаў. З таго часу практычна нічога не зьмянілася. Памежная варта далей не прымае заяваў аб прытулку.
Летась ніводзін таджык не падаў заявы пра статус уцекача ў Беларусі, паколькі краіна ня лічыцца бясьпечнай. У верасьні мінулага году Беларусь выдала Расеі чачэнца Імрана Саламава, якога восем разоў вярталі з беларуска-польскай мяжы. Саламава выслалі ў Грозны, яго лёс невядомы.
Dziennik Gazeta Prawna/нг