Ня сорамна добра зарабляць
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        15.03.2018 17:34
                    
                                 
                
                
                    Дзіўна, што ўрад, замест адважна павысіць заробкі міністраў, паціху дае ім узнагароды.
                
                
                    
                         Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
                     
                
                
                
               
                
                         Палякі з радасьцю зазіраюць у чужыя кашалькі. Апошнім часам народ распалілі фінансавыя ўзнагароды для міністраў. Ня сорамна, калі прыватны ўладальнік добра плаціць мэнэджэрам, якія разьвіваюць яго бізнэс. Гэтае ж правіла павінна адносіцца таксама да дзяржавы, - піша камэнтатар "Rzeczpospolita" Кшыштаф Адам Кавальчык.
Таму дзіўна, што ўрад, замест адважна павысіць заробкі міністраў, паціху дае ім узнагароды. Дзіўна, калі заробак міністра знаходзіцца на 32 месцы ў рэйтынгу зарплат у міністэрстве. Або, што цяжка знайсьці віцэ-міністра па інфарматычнай бясьпецы, бо спэцыліст звонку мусіў бы працаваць за невялікую частку заробкаў, якія меў раней. Народу павінна залежаць на самых лепшых прафэсіяналах. Для выбаршчыкаў лепш, калі кіруючыя дзяржавай зарабляюць добра, тады ў палітыку ішлі б людзі, якія сапраўды зьяўляюцца прафэсіяналамі.
Замарожаньне зарплат у міністэрствах мела сэнс у час крызісу, але не цяпер, калі ў краіне эканамічны бум. Грошы на гэта можна ўзяць са скарачэньня на палову, а не на чвэрць, колькасьці віцэ-міністраў і ліквідуючы палітычныя кабінэты. У паліткабінэтах водзяцца маладзёны без ніякага вопыту, якія носяць за міністрам партфэлі і вырашаюць аб важных справах, за якія аднак не нясуць адказнасьці.
Кіруючая партыя ішла на выбары, абяцаючы барацьбу з распушчанасьцю ўлады, таму праблемай для яе сталі заробкі міністраў. Аднак «Права і справядлівасьць» пацярпела больш, калі дала ім грошы паціху.
Палітыкам цяжка прызнацца, што ня сорамна добра зарабляць, – напісаў камэнтатар «RZ» Кшыштаф Адам Кавальчык.
Rzeczpospolita/яс