Як успрымаць словы Пуціна пра вайсковы патэнцыял Расеі?
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
02.03.2018 11:56
Перадвыбарчая Расея функцыянуе паводле спэцыфічных нацыяналістычна-мілітарных прынцыпаў.
PAP/EPA/KREMLIN / HANDOUT
«Dziennik Gazeta Prawna» друкуе камэнтар пра словы Пуціна аб вялізным патэнцыяле расейскай арміі. Калі б не факт, што 18 сакавіка ў Расеі адбудуцца выбары, выказваньне Пуціна можна было б успрыняць як запрашэньне да новай гонкі ўзбраеньняў.
Учарашняе шоў мае глыбокі палітычны сэнс. Перадвыбарчая Расея функцыянуе паводле спэцыфічных нацыяналістычна-мілітарных прынцыпаў. Гэта эўраазіяцкі варыянт хвалі папулізму, якая пракацілася па Эўропе. Расейская вясна ня можа абысьціся без гісторыі посьпеху. Крым, куды, дарэчы, Пуцін адправіцца галасаваць, гэта ўжо мала. Расейскі мір патрабуе новай перамогі. Гэтую ролю павінна выканаць, цытуючы словы прэзыдэнта, вялізная праца ў арміі i марскім флёце.
Выступленьне Пуціна – гэта таксама спроба замяць паразу ў Сірыі, якой была гібель жаўнераў прыватнай арміі – Групы Вагнера. Фармаваньне было разгромленае амэрыканскімі войскамі, такім чынам было аспрэчанае перакананьне пра пераможную расейскую армію.
Расейскія ўлады стараюцца замесьці пад дыван зьвесткі пра гэтае прыкрае здарэньне, таксама, як замялі інфармацыю пра затапленьне падлодкі Курск. Але Курск затануў да таго, як паявіліся сацсеткі, пры дапамозе якіх можна абыйсьці інфармацыйную блякаду ў афіцыйных СМІ.
Пуцін хваліцца сучасным узбраеньнем, але, нават калі праца над падрыхтоўкай такой зброі ідзе, гэта не азначае, што яна закончыцца посьпехам. Можна прыгадаць праблемы Масквы з будаваньнем самалёта пятай генэрацыі або сучасным танкам Т-14. Прэзыдэнт кажа пра снарад, які немагчыма перахапіць. Аднак ужо сёньня няма ўпэўненасьці, што ўстаноўкі «Патрыёт» былі б у стане зьнішчыць снарад «Іскандэр». Такіх выпрабаваньняў ніхто ніколі не праводзіў. Пераканацца аб гэтым можна было б толькі ў часе вайны.
Ніводзін рацыянальны палітык, а такім зьяўляецца Пуцін, ня будзе імкнуцца да маштабнага ваеннага канфлікту. Але гэта не перашкаджае яму ладзіць шоў, праводзіць гібрыдную вайну або дэзінфармацыю.
Dziennik Gazeta Prawna/нг