Logo Polskiego Radia
Print

У экстрэмальных сытуацыях тэлефануйце ў службу 112!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.02.2018 13:52
  • 112.mp3
У службу 112 можна зьвяртацца ў выпадку здарэньняў, якія могуць несьці пагрозу жыцьцю або здароўю людзей.
Ілюстрацыйны здымакІлюстрацыйны здымакwww.pixabay.com/CC0 Public Domain

Як у Польшчы, так і ў Беларусі дзейнічае нумар адзінай дзяжурна-дыспэтчарскай службы – 112. Пазваніўшы па ім, можна паведаміць пра любое надзвычайнае здарэньне – гарантаваную дапамогу акажуць ва ўсіх экстрэмальных сытуацыях.

Служба нумару 112 была створана, каб ратаваць жыцьцё людзей у надзвычайных сытуацыях. Званкі прымаюць дыспэтчары Цэнтраў дзяжурнай ратунковай службы. Па ўсёй Польшчы такіх цэнтраў 17, у тым ліку 5 – у сталіцы. Нядаўна мэр Варшавы ўручыла ўзнагароды пяці дыспэтчарам, якія адзначыліся надзвычайнай інтуіцыяй і ўратавалі камусьці жыцьцё ў вельмі складаных і неадназначных умовах. Напрыклад, адна з жанчын-дыспэтчараў расказвала, што атрымала званок, але ў трубцы была цішыня, толькі хтосьці пыхцеў. Яна папрасіла пастукаць у трубку – атрымала адказ – стук-стук. «Ці вам патрэбная дапамога». Стук-стук. Ці вы ня можаце размаўляць? Стук-стук. Аказалася, што ў мужчыны здарылася цяжкая алергічная рэакцыя, ён ня мог гаварыць, а паколькі званіў з гарадзкога нумару, удалося выслаць хуткую дапамогу і ўратаваць яму жыцьцё.

У адным толькі Сылескім ваяводзтве Польшчы дыспэтчары атрымліваюць каля 2,5 млн. паведамленьняў на нумар 112. Пра гэта паведаміў дырэктар аддзяленьня Цэнтру выратавальных паведамленьняў сылескай ратушы ў Катавіцэ Томаш Міхальчык. Неўзабаве цэнтры пяроймуць таксама іншыя нумары экстранных службаў.

Т. Міхальчык: Наш цэнтар быў абраны, каб правесьці праверку-тэставаньне пераводу ў яго экстраннага нумару 997 (выклік паліцыі). Тэставаньне праходзіць ад лістапада, усё ідзе па пляну, спадзяемся, што ў гэтым годзе ўсе нумары выкліку паліцыі будуць перададзеныя Цэнтрам экстраннага паведамленьня.

Дыспэтчары пастаянна сутыкаюцца з ілжывымі трывогамі, званкамі для жарту або п’яных ці псыхічна неўраўнаважаных людзей. Многія таксама звоняць па дробязях, не разумеючы, што ў гэты час лінія будзе занятая, і можа не дазваніцца хтосьці, каму на самой справе будзе патрэбная дапамога. Напрыклад, дыспэтчары расказваюць, што званіла ў паніцы жанчына, у якой дзіця ўжо тры дні не пакакала, іншы мужчына пазваніў, каб паскардзіцца, што ў тэрмомэтры разрадзілася батарэйка, і каб яму прыслалі нарад паліцыі, які б закупіў новую батарэйку. Тэлефануюць таксама адзінокія людзі, каб паразмаўляць, паскардзіцца, такія гутаркі могуць цягнуцца гадзінамі, бо дыспэтчар ніколі адразу ня ведае, ці такому чалавеку насамрэч не патрэбная дапамога, можа, у яго думкі аб самагубстве.

Больш за палову званкоў – ілжывая трывога, – адзначае Томаш Міхальчык.

Т. Міхальчык: Мы вучым людзей перш за ўсё, што ілжывы званок – гэта адбіраньне часу ў дыспэтчара. Мы хочам, каб людзі зразумелі, што калі яны блякуюць тэлефонную лінію, звоняць для жартаў, то гэта адцягвае ўвагу дыспэтчара. Можа ў гэтым часе хтосьці ня мог дазваніцца, каму на самой справе была патрэбная дапамога. І нам ужо ўдаецца дабіцца некаторых посьпехаў. Чатыры гады таму такіх ілжывых выклікаў было 64%, а цяпер – 53%.

Каб такіх непатрэбных выклікаў было менш, у Польшчы былі ўведзеныя больш жорсткія правілы карыстаньня нумарам экстраннай службы. За сьвядомую і неабгрунтаваную блякіроўку тэлефоннай лініі ўведзена пакараньне – штраф памерам у 1,5 тыс. злотых (прыкладна 450 даляраў ЗША) або пазбаўленьне волі. Увядзеньне такіх жорсткіх пакараньняў было патрэбнае, каб адпужнуць жартаўнікоў. Напрыклад, у мясцовасьці Новы Томысьль мужчына за шэсьць гадзін 67 разоў набіраў нумар у паліцыю і нумар 112, а жыхарка горада Элк цалкам заблякавала тэлефонную лінію паліцыі, звонячы на нумар 997 больш за 200 разоў у дзень.

Нагадваем, у адзіную службу 112 можна зьвяртацца па дапамогу ў выпадку ўзьнікненьня надзвычайнай сытуацыі або іншых здарэньняў, якія могуць несьці пагрозу жыцьцю або здароўю людзей. Яе дыспэтчар пераадрасуе выклік у патрэбную службу экстраннага і аварыйнага рэагаваньня. Нумар 112 дачакаўся таксама ўласнага сьвята – у нядзелю, 11 лютага, адзначаўся Сусьветны дзень экстраннай службы 112.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт