Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы няма адзінства наконт разьвіцьця электрамабільнасьці

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.11.2017 15:09
Ці толькі падтрымліваць дасьледаваньні, ці спрабаваць самім будаваць электрамабіль?
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотаФота: pixabay.com/Sabine Kroschel/

Нагадаем, польскі ўрад паставіў перад прамысловасьцю задачу: да паловы будучай дэкады па дарогах краіны павінен езьдзіць адзін мільён электрамабіляў, – піша «Dziennik Gazeta Prawna». Гэта заданьне для прадпрыемства Electromobility Poland, якое нядаўна адзначыла гадавіну існаваньня. Пакуль што ўдалося правесьці тэндэр на кузаў электракару. У сьнежні можа быць аб’яўлены чарговы, на гэты раз на прататып аўто.

Магчыма, у бліжэйшы час прадпрыемства атрымае вялікі фінансавы капітал, Міністэрства энэргіі плянуе, што фірма ў канчатковым варыянце атрымае мільярд злотых з бюджэту дзяржавы. Да гэтага часу 25% акцый суполкі мелі кампаніі энэргетычнага сэктару: Польская энэргетычная група (PGE), Enea, Tauron i Energia. Пакуль што яны фінансавалі праект, але дзякуючы добрай сытуацыі дзяржаўных фінансаў, прадпрыемства можа атрымаць капітал таксама ад дзяржавы.

Неафіцыйна вядома, што сярод прадстаўнікоў ураду няма поўнай згоды наконт працы над польскім электрамабілям. Міністар энэргіі Кшыштаф Тхужэўскі хоча як мага хутчэй укласьці сродкі ў кампанію, а міністар разьвіцьця Матэвуш Маравецкі прапануе, каб пачакаць да таго часу, калі будзе гатовы канкрэтны бізнэс-плян. Гэта спрэчка за тое, якую стратэгію павінна выбраць дзяржава: ці толькі падтрымліваць дасьледаваньні, падрыхтоўку канцэпцыі, ці спрабаваць самой або ў супрацоўніцтве з іншымі будаваць электрамабіль. Выбар стратэгіі важны, паколькі новы тып аўто – гэта мільярдныя выдаткі.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт