Logo Polskiego Radia
Print

Украіна ня хоча дапамагчы ў пошуках пахаваньняў палякаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.10.2017 16:49
Украінскі ІНП напісаў, што няма неабходнасьці надаваць дзеяньням польскага ІНП іншы ранг, чым раней.
Prof. Krzysztof SzwagrzykProf. Krzysztof SzwagrzykFoto: polskieradio.pl

«Ніхто ў Польшчы ня можа зразумець, як гэта магчыма, што краіна, з якой мы падтрымліваем вельмі добрыя адносіны, ад імя якой мы дзейнічаем на эўрапейскай арэне і кожны дзень аказваем падтрымку ў розных галінах, раптам заблякавала нашы дзеяньні, якія не павінны выклікаць якіх-небудзь рознагалосьсяў», – сказаў у эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня TVP INFO намесьнік старшыні Інстытуту нацыянальнай памяці прафэсар Кшыштаф Швагжык (Krzysztof Szwagrzyk). Гаворка ідзе аб праблемах пры правядзеньні дасьледаваньняў на месцы пахаваньня палякаў ва Ўкраіне, у тым ліку ахвяр валынскіх злачынстваў.

Украіну наведала польская дэлегацыя на чале з міністрам культуры Пётрам Глінскім (Piotr Gliński). «Справа тычыцца пошуку месцаў, дзе спачываюць польскія грамадзяне, забітыя падчас Другой сусьветнай вайны. Мы не кажам пра акцыі ўшанаваньня памяці, якія могуць па сваёй форме і зьмесьце быць спрэчнымі. Гаворка ідзе пра магчымасьць правядзеньня пошукаў і эксгумацыі астанкаў», – кажа праф. Кшыштаф Швагжык.

«Ледзь празь некалькі гадзін пасьля нашага вылету з Кіева Украінскі інстытут нацыянальнай памяці апублікаваў на сваім сайце паведамленьне аб тым, што няма неабходнасьці надаваць нашым дзеяньням іншы ранг, чым раней», – працягнуў Швагжык.

Прафэсар лічыць, што ў выніку такога стаўленьня ўкраінскі бок можа многае страціць. – Гэтае паведамленьне павінна быць ўспрынятае намі як выраз адмоўнага стаўленьня да польскіх чаканьняў. Гэта вельмі дрэнная сытуацыя для польска-ўкраінскіх адносін, якая шкодзіць усім, але ў асноўным украінскай дзяржаве, – сказаў ён.

Польскія экспэрты зьбіраліся ва Ўкраіну, каб правесьці эксгумацыю астанкаў у гарадах Астроўкі (ахвяры валынскай разьні), Тыннэ (жаўнеры Корпуса абароны памежжа, якія загінулі ў барацьбе супраць Савецкага Саюза пасьля 17 верасьня 1939 году) і ў Львове (пахаваныя польскія жаўнеры, якія былі забітыя пры абароне гораду).

TVP.INFO/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт