Польская кампанія PESA не выключае адкрыцьця заводу ў Кіеве
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        29.09.2017 13:39
                    
                                 
                
                
                    PESA выпускае электрацягнікі, дызэль-цягнікі, пасажырскія чыгуначныя вагоны, лякаматывы, рэйкавыя аўтобусы й трамваі.
                
                
                    
                         PESA tram in Kiev.Photo: PESA
PESA tram in Kiev.Photo: PESA
                     
                
                
                
               
                
                         Эканамічная газэта Puls Biznesu паведамляе пра тое, што буйны польскі вытворца сродкаў транспарту, кампанія PESA не выключае адкрыцьця заводу ў Кіеве.   
Фірма PESA, завод і галаўны офіс якой знаходзіцца ў горадзе Быгдашч, выпускае электрацягнікі, дызэль-цягнікі, чыгуначныя пасажырскія вагоны, лякаматывы, рэйкавыя аўтобусы й трамваі. Пабудаваць прадпрыемства ў Кіеве заклікаў кампанію PESA мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Паводле яго слоў, кіраўніцтва польскага прадпрыемства згадзілася гэта зрабіць.
Віталь Клічко кажа, што сярод 400 трамваяў, якія курсуюць па Кіеве, ажно 90% мае больш за 30 гадоў. Нядаўна Кіеў заказаў 40 трамваяў менавіта ў кампаніі PESA – з Быдгашчы ў Кіеў накіруюцца 26-мэтровыя нізкападлогавыя трамваі вялікай пасажыраўмяшчальнасьці. Але запатрабаваньне намнога большае: у бліжэйшы час украінскай сталіцы трэба заказаць 165 трамваяў для аднаўленьня парку.
Клічко высока ацэньвае якасьць польскіх машын, таму, паводле яго, найлепшым выхадам было б будаўніцтва заводу ва ўкраінскай сталіцы.
Дырэкцыя кампаніі PESA не выключае, што ў выпадку вялікіх заказаў ва Ўкраіне на іх тэхніку яны пабудуць завод у Кіеве альбо ў іншым украінскім горадзе, чытаем на старонках газэты Puls Biznesu.      
вс
на фота: трамвай вытворчасьці кампаніі PESA на вуліцы Кіева