Logo Polskiego Radia
Print

“Менск гатовы стаць мостам, які зьвяжа старое з тым, што яшчэ не нарадзілася”

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 22.09.2017 15:30
  • Менск гатовы стаць мостам, які зьвяжа старое з тым, што яшчэ не нарадзілася.mp3
З трыбуны ААН Уладзімер Макей прапанаваў сусьветным лідэрам правесьці ў беларускай сталіцы перамовы, якія б паставілі кропку ў халоднай вайне.
Уладзімер Макей падчас прамовы ў штаб-кватэры ААНУладзімер Макей падчас прамовы ў штаб-кватэры ААНyoutube.com/screen

Беларускія ўлады не адмаўляюцца ад праекту «Хэльсынкі-2». Сустрэча высокапастаўленых прадстаўнікоў ЗША, Расеі, Эўразьвязу ды Кітаю дапамагла б пераадолець многія супярэчнасьці. А самі перамовы гатовы прыняць Менск – заявіў з трыбуны ААН міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Кіраўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства – адзін з прыблізна 120 удзельнікаў агульнапалітычнай дыскусіі 72 сэсіі Генэральнай асамблеі Арганізацыі абʼяднаных нацыяў, што распачалася ў аўторак у Нью-Ёрку. У штаб-кватэры ААН пасьпелі выступіць многія з прэзыдэнтаў, прэмʼер-міністраў і дыпляматаў. Уладзімер Макей падчас сваёй прамовы (яна доўжылася каля 12 хвілінаў) сканцэнтраваў увагу на глябальных праблемах, сярод якіх – войны, тэрарызм ды ксэнафобія. Паводле прадстаўніка беларускіх уладаў, прычыны геапалітычнай нестабільнасьці крыюцца ў тым, што ў сьвеце ўсё яшчэ чутныя адгалоскі халоднай вайны.

Уладзімер Макей: Па вялікім рахунку, усе праблемы, што назьбіраліся з пачатку 90 гадоў, зьяўляюцца сьледзтвам нашай няздольнасьці давесьці справу да канца ў завярэньні халоднай вайны. Але ніколі ня позна зрабіць тое, што правільна. У мінулым годзе прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь выступіў зь ініцыятывай правядзеньня новага працэсу па аналёгіі з Хэльсынскім працэсам 70 гадоў. З разуменьнем тых праблем ды пагроз, якія актуальныя для нас сёньня. Трэба размаўляць аб своеасаблівым пашырэньні і пераасэнсаваньні гэтага фармату. Мы прапануем, каб ключавыя глябальныя гульцы (перш за ўсё, Кітай, Расея, ЗША, дзяржавы Эўразьвязу) пачалі дыялёг аб стратэгічным бачаньні новых канструктыўных стасункаў. Рэспубліка Беларусь са свайго боку гатовая забясьпечыць пляцоўку для працэсу. Менск гатовы стаць мостам, які зьвяжа старое з тым, што яшчэ не нарадзілася.

Уладзімер Макей адзначыў, што дамоўленасьці, дасягнутыя па выніках такіх перамоваў, маглі б быць рэалізаваныя пры актыўным удзеле Арганізацыі абʼяднаных нацыяў. Як адзначыў у размове з намі экспэрт па зьнешняй палітыцы Андрэй Фёдараў, сама ідэя слушная, але рэалізаваць яе будзе вельмі няпроста, беручы пад увагу цяперашнія рэаліі.

Андрэй Фёдараў: Перамовы могуць прывесьці да нейкага выніку, але для гэтага мусяць быць створаныя перадумовы, якіх зараз, на мой погляд, не назіраецца. Галоўным дасягненьнем «Хэльсынкаў-1» было замацаваньне пасьляваенных межаў у Эўропе. Зараз яны парушаныя, а парушыла іх Расея, якая анэксавала Крым. Вярнуць яго, наколькі я разумею, яна не зьбіраецца. Што можна абмяркоўваць? Новыя межы ў Эўропе, іх непарушнасьць? Гэта будзе азначаць легітымізацыю дзеяньняў Расеі. Які сэнс гэтых перамоваў у такіх абставінах? Усе гэта цудоўна разумеюць, і таму мне здаецца, ніхто ўсурʼёз гэтую ініцыятыву сёньня не ўспрымае.

Кажучы пра карысьць, якую сама Беларусь атрымала б ад глябальных перамоваў на сваёй тэрыторыі, незалежны палітоляг адзначае – Менск, верагодна, прэтэндуе на званьне донара рэгіянальнай бясьпекі, але разьлічваць на сурʼёзныя дывідэнды ня варта.

Андрэй Фёдараў: Забесьпячэньне пляцоўкі, на мой погляд, яшчэ не зьяўляецца донарствам. Гэта добрая рэч, але ня больш за тое. Наколькі я памятаю, ні Фінляндыя, ні Швэйцарыя сябе так ніколі не называлі, хоць яны й забясьпечвалі такія пляцоўкі для больш сурʼёзных перамоваў, чым па Ўкраіне. Тым ня менш, нейкі пазытыўны водгук на Захадзе гэта знайшло б. Але я лічу, што лепшы эфэкт прынесла тое, што Беларусь цалкам не далучылася да Расеі ва ўкраінскім пытаньні. Гэта значна больш істотна, чым проста прадастаўленьне гатэлю для сустрэч.

У ліку іншых пытаньняў, якія Ўладзімер Макей уздымаў з трыбуны ААН у Нью-Ёрку – уплыў глябалізацыі на сытуацыю ў сьвеце. Ад гэтай зьявы выйграюць далёка ня ўсе, а нэгатыўным эфэктам нярэдка зьяўляюцца беднасьць і сацыяльная няроўнасьць, адзначыў міністар. Пераадолець тэндэнцыю, на думку кіраўніка беларускай дыпляматыі, можна за кошт рэгіянальнай інтэграцыі і ўкараненьня новых падыходаў у эканоміцы. Выказаўся Макей таксама й наконт рэформы ААН, якую анансаваў новы генэральны сакратар арганізацыі Антоніу Гутэрыш.

Уладзімер Макей: Посьпех стане магчымы, калі ўсе мы будзем прытрымлівацца трох прынцыповых момантаў. Па-першае, рэформа мае быць празрыстай, лягічнай ды арыентаванай на вынікі. Па-другое, рэформа не павінна прывесьці да бюракратызацыі ды павелічэньня нагрузкі на краіны-удзельніцы. Па-трэцяе: рэформа павінна быць інклюзыўнай, голас кожнай дзяржавы-удзельніцы мае быць пачуты. Аднак галоўная рэформа сыстэмы ААН заключаецца не ў пераглядзе схемы ўзаемадзеяньня і падпарадкаванасьці яе асобных элемэнтаў. Рэформа – гэта не аптымізацыя штату арганізацыі ды яе фінансаваньня. Самая сурʼёзная й істотная рэформа можа і павінная адбыцца ў нашым стаўленьні да арганізацыі.

На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, рэформа ААН сапраўды патрэбная. Але зьмены мусяць быць карэнныя. Перш за ўсё, неабходна адмяніць права вета, якім у Савеце Бясьпекі валодаюць Расея, ЗША, Кітай, Вялікабрытанія ды Францыя. Праўда, такі сцэнар спэцыяліст лічыць нерэальным.

Андрэй Фёдараў: Сытуацыя, калі Расея, Кітай ці іншы з бакоў можа заблякаваць любую больш-менш рэальную ініцыятыву, якая, на іх думку, шкодзіць іх інтарэсам, фактычна блякуе ўсю працу ААН па вырашэньні самых істотных пытаньняў. Там-сям яна, канешне, зьяўляецца карыснай, але радыкальныя рашэньні прымацца ня могуць. Таму без адмены права вета, я ўпэўнены, у самой ААН прынцыпова нічога ня зрушыцца.

Выступам з трыбуны ААН візыт Уладзімера Макея ў Злучаныя Штаты не абмежаваўся. У Нью-Ёрку міністар замежных справаў Беларусі сустрэўся з кіраўнікамі МЗС Ірляндыі, Швэцыі, Вэнэсуэлы, Пакістану й ЗША. Агульнапалітычная дыскусія 72 сэсіі Генасамблеі ААН, нагадаем, будзе доўжыцца да бліжэйшага панядзелку.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт