Logo Polskiego Radia
Print

Шчучынская турфірма шукае людзей, якія служылі ў мясцовым бункеры

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 10.09.2017 11:57
  • Шчучынская турфірма шукае людзей, якія служылі ў мясцовым бункеры.mp3
З аб'екту, які многія гады пуставаў, хочуць зрабіць музэй, прысьвечаны гісторыі халоднай вайны.
Шчучынскі бункерШчучынскі бункерФота: tutgrodno.com

Новая турыстычная славутасьць зьявіцца неўзабаве на мапе Шчучына. Там зьбіраюцца адкрыць музэй халоднай вайны. Даведацца больш аб тым, як Савецкі Саюз рыхтаваўся да магчымага супрацьстаяньня з Захадам, можна будзе, наведаўшы мясцовы бункер.

Ідэя ладзіць экскурсіі ў былым сакрэтным бункеры, што знаходзіцца на тэрыторыі Шчучына, зьявілася ў кіраўніцтва аднаго з турыстычных апэратараў. Пасьля перамоваў зь мясцовай адміністрацыяй кампанія атрымала аб’ект ва ўласнасьць. Як адзначаюць аўтары ідэі, наперадзе яшчэ шмат працы. Паралельна з абуладкаваньнем пабудовы ды прылеглай тэрыторыі працягваецца падрыхтоўка экскурсаводаў. Адкрыць музэй плянуюць не раней чым празь месяц. Падрабязьней аб тым, што зь сябе ўяўляе бункер, нашай рэдакцыі расказала дырэктар турыстычнай кампаніі «ЛориСтур» Ларыса Ваўчок.

Ларыса Ваўчок: Бункер двухпавярховы. Першы паверх знаходзіцца прыблізна на ўзроўні зямлі. Другі – крыху вышэй. Але калі глядзець на спадарожнікавыя мапы, то, ня ведаючы, што шукаеш, яго ня знойдзеш зьверху. Ён вельмі добра замаскіраваны. Паводле тых дакумэнтаў, якія мы атрымалі, ён цягам цэлага месяцу мог функцыянаваць аўтаномна, без усялякіх кантактаў са зьнешнім сьветам. Лічылася, што за месяц савецкая армія здольная справіцца зь любым ворагам. У бункеры адначасова маглі разьмясьціцца каля трохсот чалавек. Баявое дзяжурства павінныя былі несьці 90. У мірныя часы ён функцыянаваў, але ў закансэрваваным рэжыме. Дзяжурства несьлі толькі 10 чалавек.

Адзначым, сам бункер будаваўся ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Некаторы час пасьля распаду Савецкага Саюзу аб’ект знаходзіўся пад наглядам ваенных, і толькі ў пачатку 2000-х быў перададзены ва ўласнасьць мясцоваму райвыканкаму. Што тычыцца будучай праграмы наведваньняў, то яна ў распрацоўцы. Але некаторымі дэталямі арганізатары гатовыя падзяліцца ўжо зараз. Асноўны акцэнт зробяць на інфармацыйны складнік. Разам з тым, будзе чым заняцца й аматарам актыўнага адпачынку. Працягвае Ларыса Ваўчок.

Ларыса Ваўчок: Канешне, зрабіць усё, як было раней, мы ня зможам. Многае дагэтуль застаецца ваеннай таямніцай. У музэі будуць розныя пакоі – пакой для вольнага часу, спальні, шыфравальны аддзел, тэлетайпы. Усе гэтыя памяшканьні мы будзем пры магчымасьці аднаўляць. Плянуем таксама невялікі музэйны пакой, які будзе знаёміць людзей зь гісторыяй халоднай вайны ад моманту ўзьнікненьня самога тэрміна да яе канца. Паколькі ў бункера вельмі вялікая прылеглая тэрыторыя (8 гектараў зямлі) у нас ёсьць задума, якую мы ўжо абмяркоўвалі з нашымі партнэрамі. Мы паспрабуем адрадзіць гульню «Зарніца». Праводзіць яе плянуем у міжнародным фармаце – удзелам беларусаў, палякаў ды летувісаў. На тэрыторыі ёсьць невялікі спартыўны гарадок, дзе можна ладзіць групавыя спаборніцтвы.

На самым пачатку для наведвальнікаў будуць ладзіцца аднадзённыя туры. Пры неабходнасьці фірма прапануе разьмяшчэньне на ноч у Шчучыне, Горадні, Мастах ці Лідзе. Але ў пэрспэктыве арганізатары плянуюць зрабіць на тэрыторыі комплексу намётавы гарадок. Кажучы пра экспазыцыю музэю, Ларыса Ваўчок адзначае – дапамагчы экспанатамі могуць усе неабыякавыя. Стваральнікі будуць удзячныя за любыя рэчы, зьвязаныя з тэмай халоднай вайны. Аднак ёсьць яшчэ адно – не менш актуальнае пытаньне.

Ларыса Ваўчок: Мы шукаем людзей, якія там служылі, каб яны расказалі нам пра гісторыю самога бункеру і пра тое, як там праходзіў службовы дзень у чалавека, які знаходзіўся на дзяжурстве. Але пакуль мы ня можам знайсьці гэтых людзей. Вельмі чакаем. Нам важна зразумець, як служылася ды што адчувалася ў такія моманты. Гэта неабходна для таго, каб зрабіць усё правільна.

Дапамагчы інфармацыяй арганізатарам могуць ня толькі людзі, зьвязаныя менавіта са шчучынскім бункерам, але і ўсе, хто меў дачыненьне да іншых падобных аб’ектаў. Кантактныя дадзеныя можна знайсьці на афіцыйным сайце турыстычнай кампаніі.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт