Logo Polskiego Radia
Print

Скарына й рэвалюцыя – галоўныя тэмы Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.08.2017 09:12
  • Скарына й рэвалюцыя – галоўныя тэмы Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі.mp3
Адзін з самых вялікіх беларускіх навуковых форумаў адчыніцца ў Варшаве ўжо праз 2 тыдні.
icbs.palityka.org

Да пачатку адной з галоўных падзеяў у беларускім навуковым жыцьці засталося ўсяго 2 тыдні. 15 верасьня ў Варшаве пачынае сваю працу VII Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі. На форум прыедуць больш 600 навукоўцаў з больш як 20 краінаў сьвету. Пра галоўныя тэмы сёлетняга Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі нам распавядае адзін з яго арганізатараў – дырэктар Інстытуту палітычных дасьледаваньняў «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч.

Падрыхтоўка да VII Міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі знаходзіцца на завяршальны этапе. Ужо зацьверджана праграма кангрэсу, вырашаныя ўсе пытаньні, зьвязаныя з разьмяшчэньнем гасьцей. Вырашаюцца апошнія дробныя тэхнічныя праблемы – кажа адзін з арганізатараў кангрэсу доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Кангрэс дасьледчыкаў Беларусі – гэта штогадовая сустрэча навукоўцаў з розных краінаў сьвету, якія займаюцца вывучэньнем беларускай гісторыі, культуры, сацыяльнай і эканамічнай сыстэмаў. Кангрэс дае выдатную магчымасьць для сустрэчы ўнівэрсытэцкіх выкладчыкаў, грамадзкіх дзеячаў, прадстаўнікоў дзяржаўных установаў, якіх абʼядноўвае цікавасьць да Беларусі.

У гэтым годзе на навуковым форуме свае працы прадставяць больш за 600 дасьледчыкаў з больш як 20 краінаў сьвету. Тэматыка тэкстаў вельмі шырокая – ад лінгвістыкі, гісторыі й мастацтва да эканомікі. Абмяркоўваць іх будуць на 17 сэкцыях.

Пры такой разнастайнасьці дысцыплінаў вызначыць тэму кангрэсу даволі складана – кажа Андрэй Казакевіч. Аднак ёсьць сюжэты, якім будуць прысьвечаныя адразу некалькі сэкцыяў. Першая тэма зьвязана з 500-годздзем выданьня скарынаўскай Бібліі.

Андрэй Казакевіч: Мы будзем абмяркоўваць ня толькі спадчыну Скарыны й нават ня столькі саму спадчыну, колькі праблему перакладу Бібліі на беларускую мову, праблему іншых перакладаў на беларускую мову, кніжнай традыцыі ў Беларусі, фэномэн Рэнэсансу ў беларускай гісторыі, уплыў эпохі Адраджэньня на сучасную беларускую культуру й гістарычную традыцыю.

Другая тэма, якая будзе падрабязна разгледжаная на Міжнародным кангрэсе дасьледчыкаў Беларусі – гэта Кастрычніцкая рэвалюцыя. Сёлета будзе адзначацца стагодзьдзе аднаго з самых вялікіх катаклізмаў у чалавечай гісторыі.

Андрэй Казакевіч: Мы будзем разглядаць камуністычную рэвалюцыю 1917 году, а таксама ўсе зьвязаныя з ёй падзеі – савецкім тэрор, індустрыялізацыю, калектывізацыю, усталяваньне камуністычнай сыстэмы. Гэтыя тэмы будуць разглядацца як на сэкцыях, так і на пленарным паседжаньні. Мы прааналізуем я працэс самой рэвалюцыі і практыкі палітычнага тэрору, так і ўплыў гэтай падзеі на сучасную беларускую ідэнтычнасьць, грамадзкую структуру і палітычную культуру, а таксама эканамічнае разьвіцьцё.

Навукоўцы таксама будуць абмяркоўваць праблемы міграцыі, дэмаграфіі й бясьпекі, у тым ліку інфармацыйнай бясьпекі Беларусі.

Падчас кангрэсу адмысловае журы ўручыць традыцыйныя прэміі за найлепшыя навуковыя публікацыі ў трох намінацыях: сацыяльна-палітычныя навукі, гісторыя й гуманітарныя навукі. У кожнай катэгорыі ўзнагароды атрымаюць найлепшы артыкул і найлепшая манаграфія.

Зьявяцца й новыя ўзнагароды – кажа Андрэй Казакевіч.

Андрэй Казакевіч: Новаўвядзеньнем гэтага году зьяўляецца ўручэньне прэміі за найлепшую публікацыю на польскай мове па выніках апошніх 5 гадоў. Таксама ў гэтым годзе мы ўпершыню ўручым узнагароду за найлепшую студэнцкую працу магістарскага і бакаляўрскага ўзроўняў.

Першы Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі прайшоў у 2010 годзе ў летувіскім Коўна. Там, на базе Ўнівэрсытэту Вітаўта Вялікага, навуковы форум праводзіўся да гэтага году. За 6 гадоў аформілася традыцыя кангрэсу, вызначылася кола партнэраў, якія яго праводзяць. У 2017 годзе арганізатары прынялі рашэньне штогод праводзіць кангрэс у новым месцы. Першай пасьля Коўна сталіцай беларускага навуковага форуму стане Варшава.

«Правядзеньне кангрэсу ў новых гарадах дазволіць зрабіць яго больш адкрытым і дынамічным, уцягнуць у яго працу новых дасьледчыкаў і знайсьці новых партнэраў», – тлумачыць прычыны пераезду Андрэй Казакевіч.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт