Усё гэта стала магчыма, дзякуючы актыўнасьці мясцовых жыхароў.
У Цэнтральнай Эўропе ёсьць некалькі краінаў, якія могуць быць цікавым прыкладам для Беларусі. Яны жылі доўгі час у цяні імпэрый, мусілі даказваць суседзям і сабе права на існаваньне ды адметнасьць. Цяпер яны выкарыстоўваюць гэтую спадчыну, як матэрыяльную, так і нематэрыяльную, каб распавесьці пра сябе сьвету ды зарабіць на далейшае разьвіцьцё, прыцягваючы турыстаў.
Адзін з цікавых прыкладаў выкарыстаньня сваёй спадчыны з мэтай разьвіцьця краіны ды турыстыкі зьяўляецца Славенія. Гэта маленькая краіна, якая доўгі час была ў цяні буйных суседзяў, належала да розных імпэрый, сёньня ж славенцы жывуць незалежна. Яны гэтым задаволеныя, а сваю гістарычную спадчыну выкарыстоўваюць дзеля ўласнага разьвіцьця, напрыклад, пры дапамозе турыстыкі. Паводле словаў перакладчыка Вальтэра Шквора, тое, што магло быць для некага мінусам, малыя памеры, аддаленасьць, славенцы ператварылі ў плюсы.
Вольтэр Шквор: На маю думку найбольш цікавая рэч у Славеніі – гэта тое, што тут вельмі малыя адлегласьці паміж рознымі гатункамі прыроды. У сьвеце ёсьць мноства краін, якія надзвычай прыгожыя, тут жа на адлегласьці ў некалькі дзесяткаў кілямэтраў можна пабачыць розныя кліматычныя зоны. З аднаго боку тут Альпы, карставыя горы Крас, а зь іншага боку – міжземнаморскі клімат. Усё гэта ў непасрэднай блізкасьці. Пры гэтым згаданыя рэгіёны моцна адрозьніваюцца культурай, традыцыямі, кулінарыяй, людзі зусім розныя. Мы – гэта надзвычайная разнастайнасьць на малой адлегласьці.
У апошнія гады славенцы паставілі на разьвіцьцё турызму, асабліва актыўнага, экалягічнага ды культурніцкага. Штогод у краіну прыяжджае каля 4 мільёнаў турыстаў. Галіна выпрацоўвае больш за 12% ВУП штогод. Людзі едуць у Славенію для таго, каб пабачыць прыродныя ды гістарычныя адметнасьці краіны, скаштаваць смачную ежу, пазнаёміцца з мясцовай культурай. Урад паставіў на «зялёны» экалягічны турызм, ладзіць шырокую кампанію па прыцягваньні турыстаў пад лёзунгам «Пачуй Славенію». Аднак гэта толькі адзін бок справы. Другі элемэнт, ня менш важны, гэта актыўнасьць людзей. Распавядае Анна Бэргшквор з пансіянату Fam-skvor у Піране ды сябра асацыяцыі «Анбот».
Анна Бэргшквор: Вось ужо некалькі дзесяцігодзьдзяў мы вядзем сямейны пансіянат у Піране. Гэта сярэднявечнае мястэчка на беразе мора. Вельмі прыгожае ды маляўнічае, з гарадзкімі мурамі ды шматвекавой гісторыяй. Мне вельмі цікава працаваць з людзьмі з розных краін ды культур, дапамагаючы ім адкрыць для сябе гэтае чароўнае месца: Піран, Партарож, узьбярэжжа Істрыі, дзе захавалася шмат цікавых сярэднявечных гарадоў. Людзі прыяжджаюць сюды як на доўгатэрміновы побыт: некалькі тыдняў, каб адпачыць. За апошнія гады паболела турыстаў, якія прыяжджаюць на больш кароткі тэрмін – на некалькі дзён актыўнага вандраваньня, робячы прыпынак на шляху ў Харватыю.
Горад Піран цікавы яшчэ тым, што паказвае як для разьвіцьця турызму важныя ня толькі ўрадавыя кампаніі, але і лякальныя, да якіх далучаюцца людзі. Пасьля Другой сусьветнай вайны ў горадзе зьмяніўся склад насельніцтва. Мясцовыя жыхары зьехалі, а прыежджыя не адчувалі яго сваім. Горад згубіў свой характар. Толькі цяпер ён аднаўляецца, між іншым, дзякуючы таму, што мясцовыя жыхары вельмі цікава рэклямуюць яго прыродныя ды гістарычныя помнікі горада. Тут штогод вельмі цікава праходзяць Эўрапейскія дні спадчыны, якія ладзіць лякальная асацыяцыя «Анбот». Распавядае старшыня асацыяцыя Натальля Планін.
Натальля Планін: Дні Эўрапейскай спадчыны маюць у Славеніі доўгую традыцыю. Штогод у рамках гэтых дзён раскручваецца адна тэма. Так, напрыклад, у 2004 годзе мы заняліся і паказалі нашу спадчыну праз старыя прадметы побыту й культуры, якія мы аднаўлялі. Мы падрыхтавалі нашу праграму вакол тэмы «рэстаўрацыя». Мы так добра гэта зрабілі, што зацікавілі ўсіх. У Любляне былі ў захапленьні. Яны ня ведалі, што ў Піран могуць так добра рабіць цікавыя акцыі. Яны былі настолькі захопленыя, што з 2005-га года мы ладзім дні спадчыны на тэму нематэрыяльнай спадчыны – гэта песьні, традыцыі, абрады.
Піранская асацыяцыя «Анбот» за мінулыя гады зладзіла мноства цікавых акцый па захаваньні культурнай спадчыны. Адна з апошніх – фотавыстава «Малыя гісторыі нашай спадчына», якая была прысьвечана гісторыі зьніклых прафэсій у горадзе. Дзякуючы такім акцыям, сярэднявечны горад, які пасьля вайны спазнаў вялікія страты, сёньня адраджае свой характар.
Юры Ліхтаровіч