Logo Polskiego Radia
Print

«Беларускія вязьні зарабляюць ад 50 капеек да 5 рублёў на месяц»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 02.08.2017 19:42
  • «Беларускія вязьні зарабляюць ад 50 капеек да 5 рублёў на месяц».mp3
Праваабаронцы крытыкуюць намер польскай фірмы вырабляць нумарныя знакі ў калёніях у Ваўкавыску й Навасадах.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Польская фірма Utal намераная выпускаць нумарныя знакі ў беларускіх калёніях. У сярэдзіне чэрвеня на перамовы ў Польшчу прыяжджала дэлегацыя Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, а напрыканцы ліпеня Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі наведалі, польскія прадпрымальнікі. Вязьні ў Беларусі працуюць усяго за два даляры на месяц, таму такую працу ўпэўнена можна назваць прымусовай – заяўляюць беларускія праваабаронцы. У сытуацыі разьбіраўся Аляксандар Папко.

Як паведаміла агенцтва Interfax, прадстаўнікі фірмы Utal – польскага вытворцы нумарных знакаў і абсталяваньня для іх прадукцыі – правялі перамовы ў Менску зь кіраўніцтвам Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС. Месцамі, у якіх фірма з гораду Познань можа наладзіць выпуск нумарных знакаў, называюцца папраўчая калёнія № 11 у Ваўкавыску і папраўчая калёнія № 14 у пасёлку Навасады Барысаўскага раёну.

Гэта калёніі строгага рэжыму, дзе ўтрымліваюць людзей, якія паўторна зьдзейсьнілі злачынствы – камэнтуе дырэктар праваабарончай арганізацыі «Нью Платформ Інавэйшн» Андрэй Бандарэнка.

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС кіруе вялікай колькасьцю вытворчасьцяў. Зьняволеныя ў Беларусі шыюць уніформу й спэцвопратку, вырабляюць тратуарную плітку й мэблю, робяць посуд і нават выпускаюць аўтазапчасткі. Асартымэнт прадукцыі можна лёгка ўбачыць на сайтах «турэмных» фабрыкаў. Зь ляканічных назваў, кшталту РУП «Адзінаццаць» альбо РУП «ІК-9» не заўсёды можна здагадацца, да якога ведамства адносяцца гэтыя прадпрыемствы.

Андрэй Бандарэнка, сам вязень у недалёкім мінулым, кажа, што працу зьняволеных у Беларусі можна сьмела назваць прымусовай. За сваю працу, у парушэньне беларускага заканадаўства, яны практычна не атрымліваюць грошай – кажа праваабаронца.

Андрэй Бандарэнка: Камэнтар да Крымінальна-выканаўчага кодэксу кажа пра тое, што аплата, а таксама страхаваньне жыцьця й здароўя асуджаных павіныя адбывацца на падставе Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. І вось тут пачынаюцца праблемы. Існуе негалосны загад Міністра ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь, які ўзгоднены з Міністэрствам працы й сацыяльнай абароны. У ім гаворыцца, што працоўная дамова альбо кантракт са зьняволенымі не заключаюцца. Гэта дазваляе на аплачваць працу зьняволеных – нават у памеры мінімальнага ўсталяванага заканадаўствам заробку. Таму ўвесь разьлік сабекошту прадукцыі і выдаткаў працы чалавека зьдзяйсьняецца адміністрацыяй калёніяў. У выніку зьняволеныя атрымліваюць заробак у памеры ад 50 капеек да 5 рублёў на месяц.

Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, умовы працы й зьнешні выгляд прадпрыемстваў у калёніях мала адрозьніваюцца ад умоваў на прадпрыемствах на волі. Аднак, калі зьняволены атрымлівае траўму на вытворчасьці, адміністрацыя вельмі часта стараецца пазьбегнуць адказнасьці.

Начальнікі прымушаюць вязьня альбо прызнаць траўму бытавой, альбо заявіць, што яна нанесеная па віне самога зьняволенага.

Андрэй Бандарэнка: Калі чалавек атрымаў траўму ў працэсе выкананьня працы – гэта значыць вытворчую траўму – то адміністрацыя аказвае на яго ціск. Яна патрабуе ад зьняволенага, каб ён уласнаручна напісаў заяву пра тое, што ён парушыў правілы тэхнікі бясьпекі, у выніку чаго й атрымаў траўму. Такім чынам калёніі пазьбягаюць выплатаў страхавых кампэнсацыяў.

Што вырабляе «спэцыяльны кантынгент» калёніяў у Навасадах і Ваўкавыску?

Прадпрыемствы папраўчай калёніі № 14 заўсёды лічыліся ўзорнымі – кажа супрацоўнік праваабарончага цэнтру «Тайм-Акт» Васіль Завадзкі. Ён доўгі час адпрацаваў у беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме й добра ведае калёнію ў Навасадах.

Васіль Завадзкі: У калёніі № 14 працуе даволі вялікі мэталяапрацоўчы завод. Яны выпускаюць ацынкаваныя вёдры; ёсьць цэх, дзе вырабляюць радыятары для МАЗаў і БелАЗаў; ёсьць цэх, дзе вырабляюць глушыцелі для МАЗаў і МТЗ; ёсьц цэхі, дзе робяць несэрыйныя прадукты на замову.

Адносна высокімі заробкамі, у памеры 200-300 рублёў на месяц, у зьняволеньні могуць пахваліцца толькі адзінкавыя кваліфікаваныя спэцыялісты, напрыклад зваршчыкі – кажа Васіль Завадзкі. Вялікая колькасьць вязьняў лічыць, што працаваць лепш, чым нудзіцца за кратамі, аднак грошай за працу яны фактычна не атрымліваюць. У «пасьпяховым» прадпрыемстве ў калёніі № 14 зьняволены наўрад ці заробіць больш за 10 рублёў на месяц – лічыць Васіль Завадзкі.

Вытворчасьці 11-й калёніі з Ваўкавыску лічацца не настолькі тэхнічна прасунутымі, як цэхі калёніі ў Навасадах. Як вынікае з інфармацыі на сайце РУП «Адзінаццаць», ваўкавыскае прадпрыемства вырабляе мэблю, вокны, спэцвопратку.

Намесьнік начальніка па забесьпячэньні й збыце РУП «Адзінаццаць» Леанід Красічэнка пацьвердзіў, што яго ўстанова вядзе перамовы з польскай кампаніяй Utal. Зараз калёнія займаецца вырабам пробнай партыі нумарных знакаў.

Леанід Красічэнка: Трэба вырабіць тры ўзоры нумарных знакаў. Гэтыя ўзоры трэба ўзгодніць паміж намі, зацьвердзіць, і толькі пасьля гэтага, паводле дадзеных узораў, мы будзем вырабляць прадукцыю.

Сказаць, у якіх умовах будуць працаваць зьняволеныя, і якія заробкі яны будуць атрымліваць, прадстаўнік РУП «Адзінаццаць» адмовіўся, спаслаўшыся на камэрцыйную таямніцу.

На камэрцыйную таямніцу спасылаюцца і прадстаўнікі польскай фірмы Utal. Супрацоўніца аддзелу экспарту гэтай кампаніі адмовіліся адказаць на пытаньне, у якіх умовах будуць працаваць беларускія зьняволеныя. Таксама яна не дала адказу на пытаньне, ці не асьцерагаецца кампанія, што кантракт з МУС Беларусі можа пашкодзіць рэпутацыі фірмы.

Прадстаўніца кампаніі Utal: Я не магу даць інтэрвію на гэтую тэму. Вы, на жаль, не атрымаеце ад мяне такіх зьвестак, таму, што гэта ўнутраная інфармацыя фірмы. Калі вы зацікаўленыя, то прапаную зьвярнуцца да беларускага боку.

Вытворчасьць нумарных знакаў у беларускіх калёніях можа быць вельмі прыбытковай – мяркуе старшыня праваабарончай арганізацыі «Нью Платформ інавэйшн» Андрэй Бандарэнка. Аднак высокіх заробкаў зьняволеныя беларускіх калёніяў ня ўбачаць. «Таму ўзьнікае вялікая маральная праблема выкарыстаньня рабскай працы, і іміджавыя страты заходніх бізнэсмэнаў могуць быць большымі за прыбыткі, якія яны атрымаюць», – падкрэсьлівае праваабаронца.

Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС вядзе перамовы ня толькі зь кампаніяй Utal, але й зь іншымі польскімі фірмамі – напісала ў сваім нядаўнім артыкуле польская штодзёнка Dziennik Gazeta Prawna.

З фірмай Hamech беларускае турэмнае ведамства хацела б наладзіць вытворчасьць сушыльных камэраў, а з фірмай Streamled яно вядзе перамовы аб гандлі драўнінай. Абодва прадпрыемствы знаходзяцца на Беласточчыне. Як мяркуе газэта, з-за крызысу ў Расеі колькасьць замоваў з-за ўсходняй мяжы ў беларускіх калёніях упала, таму «турэмныя» фабрыкі цяпер шукаюць кантрактаў на Захадзе.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт