Польскі рынак змагаецца за новых працаўнікоў
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
24.07.2017 20:03
Узровень беспрацоўя ў краіне рэкордна нізкі, разам з тым працягваюць зьяўляцца новыя прапановы для жадаючых уладкавацца.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Польскі рынак змагаецца за новых працаўнікоў, піша газэта Rzeczpospolita. Паводле выданьня, сёньня ў краіне назіраецца даволі цікавая тэндэнцыя. Узровень беспрацоўя рэкордна нізкі, разам з тым працягваюць зьяўляцца новыя прапановы для жадаючых уладкавацца.
У такой сытуацыі фірмы вымушаныя выкарыстоўваць новыя формы пошуку спэцыялістаў. Як паказвае практыка, звычайных аб’яваў на адмысловых інтэрнэт-старонках ужо недастаткова. Усё часьцей кампаніі даплачваюць сваім працаўнікам за рэкамэндацыю зацікаўленага кандыдата. Калі раней, такую форму заахвочваньня выкарыстоўвалі толькі ў вузкаспэцыялізаваных сфэрах, то зараз яе можна сустрэць, напрыклад, у арганізацыях гандлю ці на заводах.
Разам з тым, адзначае аўтар Пётр Мазуркевіч, у назіральнікаў ёсьць пэўная занепакоенасьць. Ва ўмовах дэфіцыту працаўнікоў, гаспадарка рызыкуе запаволіць сваё разьвіцьцё, а замежныя фірмы могуць пачаць пераносіць свае офісы ды фабрыкі ў іншыя краіны. Тым больш, у межах Эўразьвязу зрабіць гэта даволі лёгка.
Міжнародныя арганізацыі, такія, як Сусьветны банк, таксама зьвяртаюць увагу на небясьпеку, зьвязаную з дэмаграфічным становішчам у Польшчы. І, як паказвае практыка, адной толькі праграмай 500+, што мае мэтай стымуляваньне нараджальнасьці, праблему вырашыць не атрымаецца. Трэба таксама зрабіць элястычныя ўмовы ды забясьпечыць дадатковыя гарантыі на рынку працы для маладых жанчын, адзначае Rzeczpospolita.
св