«Nesweek Polska» друкуе вялікі рэпартаж на тэму жыцьця замежных працаўнікоў у Польшчы. Гаворка ідзе пра ўкраінцаў, беларусаў ды расейцаў. Іх рабочы дзень можа працягвацца нават 19 гадзін. Устаюць на досьвітку, пазьней толькі праца – нудная, цяжкая, якую ня хочуць выконваць палякі.
Ежа? Кітайскія супы-інстант. Начлег? У танным хостэле. Забава заключаецца ў падліках: колькі ўдалося ўжо зарабіць, і калі з гэтымі грашыма можна будзе паехаць дадому, пахваліцца перад сваякамі.
Большасьць палякаў гастарбайтэраў з-за ўсходняй мяжы проста не заўважае. «Мы жывем у паралельным сьвеце. Стараемся нікому не перашкаджаць. Незалежна ад таго, ці ты размаўляеш па-расейску, па-беларуску ці па-ўкраінску, для палякаў і так будзеш «рускім». Часам спытаюць, адкуль ты. Расейцаў як правіла ненавідзяць, украінцаў або любяць, або не. Найлепш казаць, што ты зь Беларусі», – сьмяецца Яўген, украінскі будаўнік.
У жыцьці гастарбайтэра самае важнае – праца. Калі яе няма, жыцьцё ў Польшчы вылятае ў капейчыну. Або знаходзіш працу праца, або вяртайся туды, адкуль прыехаў. І таму працуюць - многія штодзённа, без выходных, да позьняга вечара. Ня маеш права быць хворым, ня маеш права не прыйсьці на працу. Важна ня толькі зарабіць грошы.
Праца зьяўляецца сэнсам жыцьця тут, апраўданьнем разлукі з домам. Таму многія нават не хацелі б працаваць па 8 гадзін і мець два выходныя дні. Лепш атрымліваць грошы за кожную прапрацаваную гадзіну. Кепская стаўка – 10 злотых за гадзіну (каля 2,6 даляра - нг), нядрэнная – 15 злотых.
Канешне, ня ўсе працуюць у ценявой сфэры. Некаторыя дабіваюцца посьпехаў, робяць кар’еру, купляюць кватэры. Гэтыя два сьветы падзяляе моўны бар’ер. Тыя, каму ўдалося яго пераступіць, рэдка скардзяцца. Тыя, хто ў Польшчы здаўна, як украінцы Ірына ды Аляксандар, кажуць, што яны жывуць практычна як палякі, не адчуваюць сябе іншымі.
Выданьне падсумоўвае рэпартаж інфармацыяй, што мінулы год быў рэкордным па колькасьці выдадзеных дазволаў на працу для іншаземцаў (больш за 127 тыс.) і зарэгістраваных заяў пра намер прыняць на працу іншаземца (звыш 1,3 млн.). Паводле статыстычных дадзеных, сярод іншаземцаў, якія прыяжджаюць на працу ў Польшчу, абсалютная большасьць – украінцы, на другім месцы беларусы.
Nesweek Polska/нг