Logo Polskiego Radia
Print

Адкрыты зварот былых прэзыдэнтаў да палітыкаў і грамадзтва

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.03.2017 13:53
Уваход Польшчы ў Эўразьвяз стаў зьдзяйсьненьнем мараў палякаў. Нельга яго абясцэніць.
flickr.com

З нагоды 60-ай гадавіны падпісаньня Рымскіх дамоўленасьцяў, былыя польскія прэзыдэнты Лех Валэнса, Аляксандар Квасьнеўскі і Браніслаў Камароўскі напісалі адкрыты зварот – піша «Rzeczposdpolita».

«Мы глыбока занепакоеныя канфрантацыйнай і эўраскептычнай палітыкай польскага ўраду, – гаворыцца ў лісьце. – Рымскія дамоўленасьці ды ідэя інтэграцыі, якая стала іх падставай, прынесьлі Эўропе 60 гадоў міру, дабрабыту і разьвіцьця.

Эўрапейскі Зьвяз – гэта супольнасьць каштоўнасьцяў і пазытыўны позірк у будучае, дзе народы Эўропы супрацоўнічаюць і яднаюцца, паважаючы пры гэтым разнароднасьць, самабытныя традыцыі, іншую веры і звычаі.

За такую Эўропу аддалі свае галасы мільёны палякаў падчас эўрапейскага рэфэрэндуму ў 2003 годзе. Уваход Польшчы ў Эўразьвяз стаў зьдзяйсьненьнем мараў цэлых пакаленьняў палякаў аб тым, каб Польшча была бясьпечнай і салідарнай».

Палітыкі падкрэсьліваюць у тэксьце, што перад Эўрапейскім Зьвязам стаіць шмат цяжкіх заданьняў. Яны з занепакаеньнем назіраюць за эўраскептычнай пазыцыяй актуальнага ўраду. У выніку Польшча можа сама сябе выключыць з ліку дзяржаў, якія прымаюць рашэньні пра будучыню эўрапейскай інтэграцыі.

«Палякі ў пераважнай большасьці хочуць бачыць Польшчу моцнай і сяброўскай у аб’яднанай Эўропе. І таму, беручы пад увагу маштаб глябальных выклікаў і пагрозаў, якія мы можам вырашыць толькі разам з іншымі эўрапейскімі краінамі, мы заклікаем польскі ўрад ды ўсе палітычныя сілы весьці адказную эўрапейскую палітыку», – падсумоўваюць Валэнса, Квасьнеўскі і Камароўскі.

Rzeczposdpolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт