На думку працадаўцаў, правілы працаўладкаваньня іншаземцаў у Польшчы павінны быць толькі нязначна зьмененыя. Прапануецца зрабіць больш шчыльнай сыстэму кантролю выдачы заяваў аб намеры прыняць на працу замежніка.
Віцэ-прэзыдэнт фірмы «Work Service» Івона Шміткоўска, якая працуе таксама ў арганізацыі «Працадаўцы РП», сказала Польскаму радыё, што ў Польшчы не хапае працаўнікоў. Таму натуральным вырашэньнем зьяўляецца найманьне на працу людзей з Украіны і Беларусі:
І.Шміткоўска: Так, прыяжджаюць да нас таксама работнікі з Нэпалу, але паміж намі існуе вялікая моўная барʼера. Таму лепш, каб да нас ехалі працаўнікі з краін, падобных да нас, зь якімі ў нас няма камунікатыўных праблем. У такой сытуацыі для абодвух бакоў старт на многа прасьцейшы.
Івона Шміткоўска лічыць, што адзіныя зьмены, якія павінны быць зроблены, павінны ўводзіць спрашчэньні працэдур для замежнікаў, якія хочуць працаваць у Польшчы.
Аднак, дарадчык па бізнэсе-кансалтынгу Марта Земба-Шклярска мяркуе, што варта ўшчыльніць кантроль над заявамі працадаўцаў аб намеры прымаць на працу замежніка, таму што менавіта тут адбываюцца шматлікія злоўжываньні.
М.Земба-Шклярска: У цяперашні час, па-сутнасьці, ніхто ня ведае, хто прыехаў на працу, дзе ён працуе. Няма поўнага маніторынгу замежных працаўнікоў. Не вядома, калі хто мяняе працадаўцу.
Міністэрства працы пацьвярджае, што гэтак званай сэзоннай працай у Польшчы ў найбольшай ступені зацікаўленыя грамадзяне Ўкраіны – звыш 95% усіх працаўнікоў з-за мяжы.
Вялікія недахопы працоўных рук назіраюцца ў сельскай гаспадарцы і будаўнічай галіне. Урад імкнецца да таго, каб умовы працы і заробкі паляка і замежніка ў Польшчы былі на падобным узроўні.
Эфірны выпуск перадачы "Пуль польскай эканомікі" ў далучаным файле
яс