10 гадоў таму, 23 студзеня 2007 году, памёр Рышард Капусьціньскі - пісьменьнік, фатограф і сусьветнавядомы рэпартэр. Яго шматлікія падарожжы далі плён у выглядзе кніг «Імпэратар», «Імпэрыя», «Чорнае дрэва», «Падарожжы зь Герадотам» і інш.
Гэта быў чалавек з унікальным адчуваньнем падзеі, якое беспамылкова накіроўвала яго туды, дзе стваралася гісторыя. Ён быў сьведкам дзясяткаў пераваротаў і рэвалюцыяў, падзеньня імпэрыяў і стварэньня новых дзяржаваў.
Крытыкі лічаць Капусьціньскага клясыкам польскай літаратуры факту й называюць «майстрам рэпартажу». Літаратары падкрэсьліваюць выдатны аналіз фактаў, унівэрсальнасьць і звышчасовы характар закранутых пытаньняў.
Капусьціньскі зьдзейсьніў шмат паездак за мяжу, у тым ліку ў Амэрыку й Азію. Многія кнігі прысьвяціў падзеям у Афрыцы й апісаў вызваленьне яе ад каляніяльнага прыгнёту.
Рышард Капусьціньскі сам сябе называў «чалавекам у дарозе».
Р.Капусьціньскі: Для мяне падарожжы зьяўляюцца спосабам на пазнаваньне й разуменьне сьвету. Я гэтым займаюся ўжо паўстагодзьдзя й не магу ўявіць іншага жыцьця.
Капусьціньскі працаваў карэспандэнтам Польскага агенцтва друку (РАР) у Афрыцы й Лацінскай Амэрыцы. Празь нейкі час ён сказаў, што праца журналіста калісьці была значна больш складанай.
Р.Капусьціньскі: Атрымліваць інфармацыю тады, калі яшчэ не было інтэрнэту й спадарожнікавай сувязі было вельмі складана. Раней праца журналіста заключалася ў тым, што рэпартэр атрымліваў інфармацыю непасрэдна ад канкрэтных людзей, а потым змагаўся зь перадачай гэтай інфармацыі. Сувязь з рэдакцыяй заўсёды была вельмі, вельмі складанай і патрабавала вялікай крэатыўнасьці й ініцыятывы, і пры гэтым не заўсёды перадача матэрыялу ўдавалася.
Капусьціньскі рабіў справаздачы з грамадзянскіх воен і пераваротаў у многіх месцах у сьвеце, часта рызыкуючы жыцьцём і здароўем. У пэўны момант жыцьця ён падумаў, што трэба зьмяніць балянс паміж падарожжамі й пісаньнем кніг на карысьць пісаньня.
Р.Капусьціньскі: Прыйшоў час, калі трэба было ацаніць сытуацыю з пункту гледжаньня ўласных абмежаваньняў і вызначыць такі момант, калі я стану менш езьдзіць і больш пісаць. Гэта важна, каб у пэўны момант жыцьця зьмяніць прыярытэты й аддаць перавагу больш спакойнаму позірку на сьвет і на самога сябе.
Рышард Капусьціньскі, будучы ўжо вядомым журналістам і пісьменьнікам, пачаў пісаць вершы. Першы зборнік яго паэзіі «Запіскі» (Notes) выйшаў друкам у 1986 годзе. Другі зборнік называўся «Законы прыроды» (Prawa natury). Паэт сам казаў, што для яго паэзія зьяўляецца вельмі важнай частка творчасьці.
Р.Капусьціньскі: Паэзія суправаджае мяне ў прынцыпе пастаянна: я заўсёды чытаю вершы. Калі я не магу нічога іншага чытаць, калі няма сіл, калі я стомлены, то ўсё роўна буду чытаць паэзію. Паэзія для мяне - нешта надзвычай блізкае й каштоўнае.
Капусьціньскі напісаў больш за дваццаць кніг, якія былі перакладзеныя на дзясяткі моў.
На працягу многіх гадоў ён згадваўся сярод кандыдатаў на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Яго лічылі пісьменьнікам з дасканалым адчуваньнем інфармацыі, абставін і падзей. Побач з пісьменьнікам Станіславам Лемам Капусьціньскі зьяўляецца найбольш папулярным польскім аўтарам у сьвеце.
Капусьцінскі атрымаў шмат узнагарод, у тым ліку ён двойчы ўганараваны прэміяй польскага ПЭН-клюбу.
Ён атрымаў прэмію Гётэ, гішпанскую Прэмію Прынца Астурыйскага, а ў Італіі – літаратурную прэмію імя Эльзы Марантэ. Пісьменьнік атрымаў тытул ганаровага докатара многіх унівэрсытэтаў.
Капусьціньскі нарадзіўся ў Пінску й на ўсё жыцьцё захаваў прыхільнасьць да Беларусі. Ён ня раз казаў: «Я заўсёды шукаў мой дом, шукаў Пінск – у Афрыцы, у Азіі, у Лацінскай Амэрыцы».
На беларускую мову перакладзены раман Рышарда Капусціньскага «Імпэратар» (Сеsarz), зборнік вершаў «Вяртаньне», «Імпэрыя», «Імпэратар. Падарожжы з Герадотам», «Чорнае дрэва» (Heban).
Памёр Рышард Капусьціньскі 23 студзеня 2007 года ў Варшаве.
яс