«Вуха старшыні» мае ўжо 10 мільёнаў праглядаў на You Tube.
Праграму, у якой галоўным героем зьяўляецца старшыня кіруючай у Польшчы кансэрватыўнай партыі «Права й справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі, падрыхтавала група сатырыкаў «Кабарэ маральнага неспакою» (Kabaret Moralnego Niepokoju).
"Сатыра павінна весьці да духоўнага ачышчэньня, а не заліваць рэчаіснасьць ядам горычы", – кажа ў гутарцы з газэтай «Polska the Times» лідар групы Робэрт Гурскі (Robert Górski), які іграе ролю Качыньскага. «Я хачу, каб старшыня зь лёгкасьцю паглядзеў на сьвет», – зазначае сатырык.
Ці палітыкі цікавяцца праектам? – пытае выданьне.
Р.Гурскі: Я чуў, што ўсе палітыкі глядзяць, але некаторыя маюць прэтэнзіі. Але не за тое, што мы іх паказалі ў дрэнным сьвятле, а за тое, што іх увогуле там няма. Я размаўляў з палітыкам, які незадаволены тым, што ў нашым сэрыяле сказаў толькі адзін сказ. Да нас зьвярнуўся таксама спадар Говін (Яраслаў Говін (Jarosław Gowin) міністар навукі - рэд.). Ён хацеў бы зьявіцца ў нашым праекце й нават прапануе актора, які б выканаў ролю: гэта Джордж Клуні (George Clooney). Я адказаў, што спачатку Говін у сваім палітычным жыцьці павінен чымсьці зьвярнуць увагу, бо пакуль што ён хаваецца за плотам палітыкі.
Як вы рыхтаваліся да ролі Яраслава Качыньскага?
Р.Гурскі: Калі я апранаю касьцюм, падобны на касьцюм старшыні, адразу адчуваю сябе старэйшым і цяжэйшым, нібы я дзядзька. Мы гэты касьцюм купілі ў краме з таварамі 1970-80 гадоў, зь якімі быццам бы старшыня не растаўся. Акрамя таго, у старшыні характэрная міміка, жэсты, характэрнае чмяканьне й пры гэтым дакладнае мысьленьне.
У праграме «Вуха старшыні» чатыры галоўныя героі: старшыня, яго памочнік Марыюш, сакратарка, якая прапускае наведвальнікаў, і кот. «Кожная пэрсона кіруючай партыі цікавая. Сёньняшняя палітычная сытуацыя - гэта рай для сатырыка," – падкрэсьлівае Робэрт Гурскі.
Сатырычны сэрыял назваецца «Вуха старшыні», таму што кожны падначалены хоча мець доступ да свайго кіраўніка, каб менавіта вуха начальніка пачула яго словы на сваю ж карысьць.
яс/Polska the Times