Logo Polskiego Radia
Print

Праграма 500+ прынесла шмат пазытываў, але ёсьць і нэгатывы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.12.2016 13:30
Значна ўпала колькасьць дзяцей, якія жывуць у крайняй галечы, вырасла колькасьць цяжарнасьцяў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Выданьне «Rzeczpospolita» падсумоўвае першы амаль што год дзейнасьці праграмы падтрымкі сем’яў зь дзецьмі 500+. Палякі задаволеныя праграмай, паколькі ўпершыню хтосьці дае ім 500 злотых кожны месяц на дзіця, не зазіраючы ў кашалёк і не пытаючы, на што яны прызначаць грошы.

Меркаваньнем віцэ-міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Барташа Марчука, палякі рацыянальна выдаткоўваюць грошы. Відаць ужо прыкметы ажыцьцяўленьня асноўнай мэты праграмы – павялічылася колькасьць цяжарных жанчын – на 14,5 тыс. у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Значна ўпала таксама колькасьць дзяцей, якія жывуць у крайняй галечы – паводле падлікаў Сусьветнага банку, на 70%.

Аднак праграма прынесла таксама нэгатыўныя вынікі. Асноўны – зьмяншэньне прафэсійнай актыўнасьці жанчын. Многія маці звольніліся з працы, каб займацца дзецьмі. Гэта шкодзіць эканоміцы, якой не хапае працоўных рук. Дапамога таксама не ахоплівае сем’яў з адным дзіцём, якім патрэбная падтрымка, але ў іх даход на аднаго чалавека нязначна перавышае прыняты парог. Затое вельмі багатыя сем’і з двума дзецьмі атрымліваюць грошы, хаця для іх гэтыя сродкі ня маюць вялікага значэньня. Таму эканамісты прапануюць перагледзець праграму, але кіруючыя сілы адзначаюць, што асноўныя прынцыпы застануцца бязь зьменаў.

Праграма 500+ – гэта геніяльны палітычны крок – камэнтуе галоўны рэдактар выданьня Багуслаў Хработа. Гэта пастка для апазыцыі, якой цяжка будзе ў будучыні адмовіцца ад праграмы. Пытаньне ў тым, ці Польшча можа сабе дазволіць раздаваць грошы направа і налева? А палітыка, якая заключаецца ў раздаваньні сродкаў, можа завесьці кіруючых у тупік.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт