Непрыезд Лукашэнкі ў Санкт-Пецярбург выклікаў розныя здагадкі
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
27.12.2016 16:08
Беларускі кіраўнік не ўпершыню ігнаруе важныя сумесныя мерапрыемствы Саюзнай дзяржавы.
thekievtimes.ua
У Санкт-Пецярбургу лідары краін Эўразійскага Эканамічнага Саюзу падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэксу. Аляксандар Лукашэнка з-за невядомых прычын не прыехаў на саміты ЭАЭС і АДКБ, якія па традыцыі праходзяць пад канец году. Беларускі кіраўнік не ўпершыню ігнаруе важныя сумесныя мерапрыемствы. Напрыклад, у разгар расейска-беларускай «малочнай вайны» ў 2009 годзе ён таксама не паехаў на саміт АДКБ, што не перашкодзіла іншым удзельнікам падпісаць дакумэнты аб стварэньні сілаў апэратыўнага рэагаваньня.
Адсутнасьць Лукашэнкі і на гэты раз не перашкодзіла лідарам краін Эўразійскага Эканамічнага Саюзу падпісаць новы Мытны кодэкс. Аднак камэнтатары больш увагі засяроджваюць не на самім дакумэнце, а на прычынах праігнараваньня сустрэчы беларускім кіраўніком. У сеціве нават паяўляюцца здагадкі, што беларускія спэцслужбы даведаліся аб плянах замены Лукашэнкі кімсьці іншым, якія распрацаваныя ў Маскве. Маўляў, гэты сцэнар ужо пачалі ажыцьцяўляць.
Цяжка сказаць, ці сапраўды Крэмль ужо вырашыў паставіць свайго чалавека ў Беларусі, але можна сказаць упэўнена, што паміж Расеяй і Беларусяй існуе вельмі шмат канфліктаў, – адзначае філёзаф і мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч.
У. Мацкевіч: Паміж Масквой і Менскам існуюць велізарныя гандлёвыя непаразуменьні. Гэта тычыцца нафтапрадуктаў, вуглевадародаў, і цэлага шэрагу іншых тавараў. Гэта і беларуская «малочка», і машынабудаваньне... Усе гэтыя пытаньні раней вырашаліся на карысьць расейскага рынку, а цяпер беларускі рэжым ня згодны прымаць рашэньні, цалкам арыентуючыся на расейскія інтарэсы. Нафта-газавыя войны ўжо сталі звыклымі, накопліваюцца супярэчнасьці і па іншых таварах.
Эканамічная сытуацыя Беларусі пагаршаецца. У гэтым годзе яна атрымала значна менш сырой нафты з Расеі, чым плянавала. А нельга забываць, што продаж нафтапрадуктаў – гэта асноўная крыніца паступленьня валюты ў краіну. Пагаршэньне становішча заканамернае, калі ўзяць пад увагу, што Беларусь вельмі моцна павязаная з расейскай эканомікай, а расейскі рынак робіцца ўсё менш тавараёмкім. Нядаўна кіраўнік расейскага Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леанід Рашэтнікаў зрабіў скандальную заяву пра Беларусь – на ягоную думку, яна зьяўляецца часткаю рускага міру і падсумаваў, што Беларусі неабходна абапірацца на нейкую вялікую сілу (чытай -Расею). А можа якраз лепшы вынік можна дасягнуць, будучы сябрам партнэрскай структуры розных невялікіх дзяржаў, як Эўрапейскі Зьвяз?
А. Мацкевіч: Калі трымацца лёгікі Рашэтнікава, і параўнаць моц Расеі і Эўрапейскага Зьвязу, то нават у гэтай лёгіцы варта арыентавацца на эўрапейскі рынак, а не на расейскі, які скарачаецца. Але трэба зразумець, што раўнапраўны ўдзел і вялікіх, і малых краін Эўразьвязу ў вырашэньні праблем – гэта вялікая перавага Эўразьвязу і ўсіх эўрапейскіх інтэграцыйных ініцыятыў. Але беларускі рэжым мысьліць расейскай лёгікай, таму яму цяжка зразумець гэтыя перавагі.
А можа прычына непрыезду Лукашэнкі на саміт празаічная – ён мяркуе, што новыя мытныя правілы некарысныя для Беларусі і таму пратэстуе такім чынам – нагамі. Папярэднім разам ён таксама падпісаў дакумэнт зь пяцідзённым спазьненьнем.
У. Мацкевіч: Асноўная перашкода ў беларускай эканоміцы – што мытныя тарыфы ўстанаўліваюцца, зыходзячы з расейскага рынку. Нават тыя тавары, якія ў Беларусі не выпускаюцца, цяжка трапляюць па імпарту ў краіну, паколькі гэтаму замінаюць мытныя правілы, уведзеныя ў інтарэсах Расеі. Пры гэтым беларускі бок значна адстае ў падрыхтоўцы дакумэнтаў. Нашая эканамічная школа, эканамічнае мысьленьне саступае расейскаму. І толькі пасьля таго, калі нарматывы распрацаваныя, беларускі бок пачынае разумець, наколькі гэта не на карысьць Беларусі. А адмовіцца ўжо цяжка. Таму дробныя эканамічныя спрэчкі выносяцца часта на вышэйшы ўзровень міжнародных стасункаў. Так адбываецца таму, што беларускае Міністэрства фінансаў не ў стане своечасова абараніць Беларусь, на стадыі падрыхтоўкі дакумэнтаў.
Згодна новым мытным правілам, уводзіцца паступовае зьніжэньне парогу бязмытнага ўвозу тавараў з замежных інтэрнэт-крамаў. Праз два гады пасьля пачатку дзейнасьці новага кодэксу прадугледжана зьніжэньне нормы да 200 эўра, а звыш гэтай сумы неабходна будзе заплаціць мыта.
нг