С. Шушкевіч: Мы дзейнічалі насуперак пераканьням заходняга сьвету
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.12.2016 12:54
Былы сьпікер ВС Беларусі пра тое, навошта ён распусьціў Савецкі Саюз і ці гэта ўдалося зрабіць да канца.
Сустрэча ў Віскулях, падчас якой было падпісана пагадненьне аб роспуску СССРRIA Novosti archive, image #848095 / U. Ivanov / CC-BY-SA 3.0
У тыднёвіку «Polityka» інтэрвію з былым старшынёй Вярхоўнага Савета Беларусі Станіславам Шушкевічам пра тое, навошта ён распусьціў Савецкі Саюз і ці гэта ўдалося зрабіць да канца і эфэктыўна, калі ўсё больш людзей сумуе па савецкай дзяржаве.
«Мы не спадзяваліся, што ўсё будзе ідэальна, – кажа Шушкевіч. – Перш за ўсё мы хацелі прадухіліць грамадзянскую вайну. Гэта ўдалося, хаця тады кіраўнікі савецкіх рэспублік дзейнічалі насуперак поглядам Буша, Тэтчэр ці Мітэранда. Усе гэтыя сусьветныя лідары казалі, што неабходна падтрымліваць цэнтар і захаваць СССР».
Многія людзі сумуюць па Савецкім Саюзе, але гэта не сапраўднае люстра настрояў, а вынік прапаганды. Паслухайце, што гавораць крамлёўскія прагандысты, напрыклад, Салаўёў ці Кісялёў. Фашыст Гебельс у параўнаньні з імі – гэта дробязь. Ва ўмовах вялізнай прапаганды людзі забываюць, што звычайны ахоўнік у Нямеччыне або сантэхнік у Польшчы жывуць лепш у матэрыяльным пляне, чым прафэсар вышэйшай школы ў Беларусі. Аднак людзі, якія ня маюць кантакту з замежжам, павераць тэлебачаньню, што людзям у Польшчы ці ў Летуве жывецца цяжка.
Чаму большасьць тэрыторыі былога СССР не зьяўляецца цяпер дэмакратычнай? «А як можа разьвівацца дэмакратыя ў рабскай сыстэме? Дзеля гэтага патрэбны адпаведны ўзровень адукаванасьці грамадзтва. Я гляджу сёньня на Ўкраіну, як яна спрабуе змагацца з карупцыяй, са старой сыстэмай. Гэта вельмі доўгі і балючы працэс. Я зайздрошчу палякам, што ім удалося правесьці зьмены так эфэктыўна», – падкрэсьлівае С. Шушкевіч.
Polityka/нг