Logo Polskiego Radia
Print

Як мядзьведзь Войтэк у званьні капрала ў Войску Польскім служыў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 02.12.2016 19:20
  • Wojtek.mp3
Войтэк любіў езьдзіць у кузаве аўтамабіля, а таксама піва, сыропы, фрукты, мармэляд ды мёд.
фота: Polish Institute

Сёньня ў гістарычнай рубрыцы распавядзём пра незвычайнага ваяра, незвычайнага жаўнера. Гэта не чалавек, а мядзьведзь. Звалі яго Войтэк, а ваяваў мішка ў 2-м Польскім корпусе, які называюць арміяй генэрала Ўладзіслава Андэрса, у часы Другой сусьветнай вайны.

Нагадаем, падчас Другой сусьветнай вайны армія генэрала Андэрса была створаная на тэрыторыі Савецкага Саюза й праз Пэрсію ды Блізкі Ўсход перакінутая на захад Эўропы, дзе ў складзе саюзьніцкіх войск змагалася супраць ворагаў.

І вось, на тэрыторыі сучаснага Ірану жаўнеры ўбачылі ў хлопчыка медзьведзяня. Гэта было ў 1942 годзе. За некалькі бляшанак ялавічынай кансэрвы, плітак шакаляда й сьцізорык салдаты адкупілі жывёліну. Назвалі мядзьведзя Войтэк. Ён ня ўмеў есьці й піць, таму салдаты яго выкармілі ўручную згушчаным малаком. Жывёлінай аказаўся сырыйскі буры мядзьведзь, які разам з арміяй Андэрса прайшоў баявы шлях праз Ірак, Сырыю, Палестыну, Эгіпет і Італію ажно да Вялікабрытаніі, дзе быў мабілізаваны.

Public
Public Domain

Мядзьведзь прымаў удзел у многіх ваенных апэрацыях, у тым ліку ў вядомай бітве пад Монтэ Касіна. Дарэчы, цікавы факт: мядзьведзь Войтэк меў ваеннае званьне капрала.

Public
Public Domain

Войтэк стаў легендай ужо пры жыцьці, калі яшчэ ішла вайна. Гэтак ужо пасьля вайны ўспамінаў Войцех Траяноўскі – журналіст Польскай службы Радыё Свабодная Эўропа.

Войтэк вельмі любіў піва, любіў дужацца, але ніколі не прымяняў сваю мядзьведжую сілу супраць людзей. Ён ня толькі быў мілы й сьмешны, але й часта дапамагаў салдатам. Найбольш вядомыя моманты з жыцьця Войтэка падчас бітвы пад Монтэ Касіна. Тады мядзьведзь-жаўнер дапамагаў разгружаць з машын скрынкі з артылерыйскімі снарадамі.

Некаторыя кажуць, што гэта звычайная прыгожая легенда, якой далёка да праўды. Аднак гэта сапраўды так было! Адзін з брытанскіх вайскоўцаў, які быў сьведкам здарэньня, апісаў яго наступным чынам: «я вачам сваім не хацеў верыць!». А ўбачыў ён наступнае: вялізны мядзьведзь стаяў у чарзе жаўнераў, якія разгружалі снарады. Спачатку мядзьведзь адкрываў пашчу, куды яму клалі шакалядку, пасьля чаго жывёла лёгка й асьцярожна брала цяжкую скрынку з боепрыпасамі, несла ў адпаведнае месца й зноўку вярталася ў чаргу, дзе зноў атрымлівала шакалядку, брала скрынку й гэтак далей – працэс паўтараўся.

Сьведкі таксама распавядалі, што Войтэк вельмі любіў езьдзіць у кузаве грузавога аўтамабіля. Ён любіў, як згадвалася піва, а таксама сыропы, фрукты, мармэляд ды мёд. Еў разам з салдатамі ды зь імі спаў. Калі падрос, яму зрабілі «домік» – скрынку з дошак. Але ён не любіў быць адзін і часта ноччу выходзіў са скрынкі, ішоў да салдат у палатку й спакойна лажыўся каля аднаго зь іх ды ціха прытуляўся. Адным словам, Войтэк быў заўсёды ў цэнтры ўвагі й быў несумненна душой кампаніі.

Public
Public Domain

Пасьля дэмабілізацыі арміі Андэрса ў Вялікабрытаніі было прынятае рашэньне аддаць Войтэка ў заапарк у Эдынбургу. Аднапалчане мядзьведзя часта яго наведвалі ў новым месцы ды нават заходзілі ў клетку, што выклікала вялікую ўвагу й зацікаўленьне сярод наведвальнікаў. Яны ж ня ведалі, што людзі ў клетцы – гэта саслужыўцы мядзьведзя, якія да яго прыйшлі ў госьці!

Public
Public Domain

У эдынбурскім заапарку Войтэк пражыў 16 гадоў: з 1947-га да 1963-года. Спробы сацыялізацыі яго зь іншымі мядзьведзямі заапарку рэзультату не далі, бо найбольш ён любіў кантактавацца зь людзьмі. Памёр Войтэк у 1963 годзе ва ўзросьце 22 гадоў. Пра яго сьмерць паведамілі амаль усе брытанскія радыёстанцыі.

Памяць пра слаўнага жаўнера Войтэка жывая надалей: яму пастаўлена некалькі помнікаў, зьняты фільмы, напісаныя песьні ды кніжкі. І гэта можна зразумець: бо ж нячаста здараецца сустракаць жаўнера-мядзьведзя, ды яшчэ ў званьні капрала!

Валеры Саўко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт