Logo Polskiego Radia
Print

Неўзабаве ў Польшчы можа скончыцца нядзельны шопінг

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 01.11.2016 10:20
  • 01-spoleczna.mp3
У Сэйм унесены законапраект, які ўводзіць забарону на гандаль у нядзелю.
pixabay.com/Public Domain CC0

Слухачы нашага радыё, якія пажылі на сьвеце ўжо некалькі дзесяткаў гадоў, могуць памятаць, што яшчэ ня так даўно многія працавалі часьцяком у суботу, а дзеці хадзілі ў гэты дзень у школу. Цяпер жа пераважная большасьць людзей у суботу і нядзелю адпачывае, але паявілася новая мода, прынамсі ў Польшчы – хадзіць у суботу, а нават у нядзелю за пакупкамі ў гандлёвыя цэнтры. І сталі пратэставаць супрацоўнікі гандлю, казаць, што яны таксама хацелі б адпачыць у нядзелю, пабыць з блізкімі.

З модай на нядзельны шопінг змагаецца польскі прафсаюз «Салідарнасьць», які прыводзіць аргумэнты, што супрацоўнікі гандлю таксама павінны мець права на нядзельны адпачынак, час для сваякоў, сяброў, магчымасьць пайсьці ў касьцёл, калі гэта веруючыя людзі. Прафсаюз падрыхтаваў законапраект, які забараняе гандляваць у нядзелю, зь невялікімі выключэньнямі. «Салідарнасьці» удалося сабраць звыш 500 тыс. подпісаў пад грамадзянскім законапраектам аб забароне гандлю ў нядзелю. Праект быў пададзены ў парлямэнт. Нядзеля павінна быць часам для дзяцей, сям’і – гавораць палякі.

Жанчына: Нядзеля – гэта божы дзень. Маці павінна быць зь дзецьмі, мужам, а не на працы. Калісьці мы працавалі ў суботу да 13-ці, а крамы працавалі толькі да 18 г. І людзі неяк арганізавалі сабе жыцьцё, каб пасьпець зрабіць пакупкі. А цяпер трэба хадзіць па супэрмаркетах, каб было што есьці цэлы тыдзень. Я гэтага не разумею.

Аднак далёка ня ўсе жыхары Варшавы выказваюцца за забарону нядзельнага гандлю.

Мужчына: Мы вельмі задаволеныя, што ёсьць нядзельны гандаль. З гандлем зьвязаныя агулам паслугі па правядзеньні свабоднага часу. У такіх цэнтрах часта ёсьць цікавыя прапановы для дзяцей. У нас вельмі многа дзяцей, таму мы часта прыяжджаем у гандлёвы цэнтар, дзе можна пагуляць і адразу пры нагодзе зрабіць пакупкі на цэлы тыдзень.

Калісьці, калі паявілася прапанова ўвесьці больш сьвяточных дзён у польскі каляндар, наймальнікі таксама пужалі кіруючыя сілы тым, што пачнуцца масавыя звальненьні супрацоўнікаў, але нічога такога не адбылося, – нагадвае старшыня польскай сэкцыі супрацоўнікаў гандлю прафсаюзу «Салідарнасьць» Альфрэд Буяра, які выступае за забарону нядзельнага гандлю.

А. Буяра: Перад увядзеньнем у Польшчы свабодных дзён у сьвяты прыводзілі тыя ж аргумэнты – маўляў, упадзе Валавы ўнутраны прадукт, узровень працаўладкаваньня, абароты. Працадаўцы прыводзяць самыя розныя лічбы. Аднак цяпер, паводле статыстыкі, назіраецца 9-працэнты недахоп працоўных рук у гандлі. І таму словы пра звальненьні гучаць несур’ёзна. Цікава, чаму заходнія гандлёвыя кампаніі падпарадкоўваюцца правілам у сваіх краінах і не адчыняюць там свае крамы, а ў нас пратэстуюць? Так што ня трэба баяцца гэтага новаўвядзеньня, супрацоўнікі таксама не баяцца, што іх звольняць, яны чакаюць гэтых свабодных нядзель.

Ніхто нікога не прымушае працаваць у гандлі – такім контраргумэнтам адказвае Анджэй Марыя Фаліньскі з Польскай арганізацыі замежнага гандлю.

А.М. Фаліньскі: Часьцей за ўсё графік так укладваецца, каб жанчыны мелі дзьве нядзелі, а мужчыны – адну. Так што ў кожнага ёсьць час, каб пабыць з сям’ёй. Але з іншага боку, гэта машыны, каб зарабляць грошы, такая асноўная мэта працадаўцаў. А працаўнікі выцягваюць такую базарную карцінку: людзі, памажыце, бо нас б’юць, нас заганяюць працаваць. Яны ж падпісваюць кантракт, ніхто іх не прымушае працаваць на дадзенай пасадзе. Калі хтосьці згаджаецца працаваць у гандлі, то ведае, як выглядае рытм працы ў дадзенай галіне. Давайце быць рацыянальнымі, давайце быць эканамічнымі, сацыяльная ахова патрэбная, але нельга сьлепа падпарадкоўвацца сацыяльным патрабаваньням. Калі ўрад увядзе падатак для гандлёвых аб’ектаў, забароніць гандаль у нядзелю, пачне праводзіць экспэрымэнты з рэгуляваньнем працэсу паставак тавараў, то гэта прамая дарога да эканамічнага крызысу.

У Сэйм унесены законапраект, які ўводзіць забарону на гандаль у нядзелю. Ці закон уступіць у сілу, пакуль невядома, але кіруючая партыя «Права й справядлівасьць» схіляецца да таго, каб увесьці ўсё ж такі забарону на нядзельны гандаль. Што цікава, хоць большасьць палякаў робіць пакупкі ў нядзелю, то амаль палова апытаных жыхароў краіны выказваецца за тое, каб крамы былі ў нядзелю зачыненыя.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт