Logo Polskiego Radia
Print

Сёлета кардыналу Казіміру Сьвёнтэку споўнілася б 102 гады

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 25.10.2016 19:54
  • HIST.mp3
Вядомы беларускі каталіцкі дзеяч нарадзіўся ў кастрычніку 1914 года.
Кардынал Казімір Сьвёнтэк у чэрвені 2009 года Кардынал Казімір Сьвёнтэк у чэрвені 2009 года commons.wikimedia.org/Serge Serebro, Vitebsk Popular News/CC BY-SA 3.0

21 кастрычніка беларускаму сьвятару, кардыналу Казіміру Сьвёнтэку споўнілася б 102 гады. Вядомы каталіцкі дзеяч нарадзіўся ў 1914 годзе. Яго жыцьцё было вельмі цяжкім і цярністым, нават трагічным, а сам кардынал зьяўляецца прыкладам чалавечай нязломнасьці й глыбокай веры ў Бога.

Казіміра Сьвёнтэка называлі «чалавекам вялікай веры».
Казімір Свёнтак нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Эстоніі каля Нарвы ў сямʼi палякаў. Пасьля Першай сусьветнай вайны сямʼя будучага кардынала пераехала на тэрыторыю цяперашняй Беларусі. У Баранавічах Казімір Свёнтак скончыў гімназію.

У 1933 годзе хлопец паступіў у Вышэйшую духоўную сэмінарыю ў Пінску. Праз 6 гадоў, у 1939 годзе, быў пасьвечаны ў сьвятары й распачаў душпастырскую дзейнасьць на пасадзе вікарыя ў Пружанах. Нагадаем, тады Заходняя Беларусь была ў складзе міжваеннай Польшчы.

У красавіку 1941 года Свёнтак быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Яго абвінавацілі ў шпіянажы, два месяцы сьвятар правёў у турме ў Берасьці. Пасьля нападу гітлераўцаў на Савецкі Саюзу ксёндз выйшаў з турмы й вярнуўся ў Пружаны. Пасьля вайны Сьвёнтэк застаўся з парафіянамі, нягледзчы на тое, што мог выехаць у Польшчу.

У канцы 1944 года яго зноў арыштавалі й прыгаварылі да 10 гадоў пазбаўленьня свабоды. Казімір Сьвёнтэк зьняволеньне адбываў у лягерах Сібіры й Комі. У 1954 вярнуўся ў Беларусь, стаў пробашчам у Пінску.

З 1991 года – арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі, галава беларускага каталіцкага касьцёла. У 1994 годзе атрымаў ад Папы рымскага сан кардынала. У 2006 годзе Казімір Сьвёнтэк пайшоў на пэнсію.

Дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі лічыць, што адраджэньне каталіцкага касьцёла ў Беларусі – гэта ў вялікай ступені заслуга менавіта Казіміра Сьвёнтэка.

Кардынал быў вельмі сьціплым чалавекам. Нягледзячы на тое, што ён выконваў важныя касьцельныя функцыі, у Пінску ён жыў не ў палацы, а ў звычайным доме, дзе займаў невялічкі пакой.

Жыцьцё Казіміра Сьвёнтэка было цяжкім, момантамі трагічным, але, нягледзячы на тое, ён ніколі не шкадаваў таго, як зь ім абышоўся лёс. Пра гэта ён узгадваў у фільме «Маці Міласэрная» рэжысёра Юрыя Гарулёва.

Памёр вялікі сын беларускага касьцёла, кардынал Казімір Сьвёнтэк 21 ліпеня 2011 года. Пахаваны ў Пінску, зь якім зьвязаў большасьць свайго жыцьця.

вс

У перадачы выкарыстаны фрагмэнты выказваньня біскупа Ю.Касабуцкага для БТ і фільму Юрыя Гарулёва пра кардынала Казіміра Свёнтэка (1997 год).

слухайце гукавы файл


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт