Польшча прасоўвае ідэю малога энэргетычнага зьвязу
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.09.2016 13:27
Гэтае пытаньне ў Крыніцы абмеркавалі міністры Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны й Летувы.
Photo: pixabay.com
Падчас сёлетняга Эканамічнага форму ў Крыніцы сустрэліся міністры адказныя за энэргетыку з пяці краінаў рэгіёну, то бок Польшчы, Чэхіі, Славаччыны, Вугоршчыны й Летувы. Польскі міністар Кшыштаф Тхужэўскі (Krzysztof Tchórzewski) пераконваў сваіх калегаў, што, нягледзячы на розныя інтарэсы, рэальным зьяўляецца выпрацаваньне супольнай пазыцыі па энэргетычных пытаньнях, паведамляе выданьне „Puls Biznesu”.
Чэскі міністар прамысловасьці й гандлю Ян Млядэк (Jan Mladek) зьвяртаў увагу на праблему некантраляваных пасылаў электраэнэргіі зь Нямеччыны ў Аўстрыю праз тэрыторыю Чэхіі і Польшчы, якія дэстабілізуюць рынкі энэргіі апошніх краін. Ён прызнаў таксама, што Чэхія не намерваецца больш інвэставаць у каменны вугаль і выказваецца за большую інтэграцыю рынкаў рэгіёну.
Пра інтэграцыю казаў таксама славацкі віцэ-міністар эканомікі Войтэх Фэрэнч (Vojtech Ferencz), хоць з засьцярогай, што неабходная раўнавага, якая гарантуе сувэрэнітэт кожнай краіны.
У сваю чаргу вугорскі віцэ-міністар па справах энэргетыкі Андрас Арадшкі (Andras Aradszki) паясьніў, што ягоная краіна з дыстанцыяй ставіцца да „зялёнай энэргетыкі” ў сувязі з коштамі ейнай інтэграцыі ў энэргетычную сыстэму.
Падчас, калі міністры з Польшчы, Чэхіі й Славаччыны заахвочвалі да інтэграцыі энэргетычных рынкаў, міністар Рокас Масюліс (Rokas Masiulis) зь Летувы казаў пра паразы краіны ў гэтай галіне. „Беларусь інвэстуе ў АЭС, супраць чаго мы пратэстуем. Я не выключаю, што мы вырашым аб перакрыцьці энэргетычнай мяжы з Усходняй Эўропай”, - сказаў летувіскі міністар, а ягоныя словы прыводзіць выданьне „Puls Biznesu”.
аз