«Расея ня ў стане заняць Польшчу за суткі»
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
04.08.2016 19:06
Газэта Bild паведаміла, што ў выпадку ваенных дзеяньняў Расея заняла б тэрыторыю Польшчы цягам сутак.
Цяжкі зьнішчальнік Су-27 ВПС Расеі. Ілюстрацыйны здымакwww.flickr.com/IRONHIDE
У апошні час шмат гаворыцца пра супрацьстаяньне паміж краінамі Захаду (перш за ўсё членамі NATO) і Расеяй. Некаторыя палітыкі, прычым з двух бакоў, а таксама аглядальнікі пужаюць насельніцтва магчымым узброеным канфліктам. Для прыкладу, на днях нямецкая газэта Bild паведаміла, што ў выпадку ваенных дзеяньняў Расея заняла б тэрыторыю Польшчы цягам сутак.
Гэтае пытаньне мы папрасілі пракамэнтаваць аглядальніка й спэцыяліста па ваеннай тэматыцы Аляксандра Алесіна. Ён лічыць, што гэта немагчыма. Камэнтатар таксама дадае, што такія чуткі ў апошні час зьяўляюцца часта й служаць набліжаным да арміі колам, мэта якіх – павелічэньне выдаткаў на армію.
У апошні час таксама ўсё часьцей зьяўляецца інфармацыя пра тое, што калі ваенныя дзеяньні пачнуцца, то на паўночным усходзе Польшчы, бо менавіта там разьмяшчаецца гэтак званы Сувалкскі калідор. Гэта ўмоўная назва тэрыторыі Польшчы паміж Калінінградзкай вобласьцю й Беларусьсю. У сцэнарах гіпатэтычнага канфлікту паміж Расеяй і сіламі NATO яму адводзіцца ключавая роля. Беларускія й расейскія войскі, заняўшы гэты калідор, могуць адрэзаць краіны Балтыі ад іх саюзьнікаў з Паўночнаатлянтычнага пакту.
Аляксандр Алесін лічыць, што ў ваенна-стратэгічным пляне такі крок сапраўды магчымы, але ў рэальных умовах яго неабходна выключыць. Чаму? Таму што палітычныя вынікі прывялі б да татальнага каляпсу, зазначае камэнтатар.
Такім чынам, хоць пэўныя ваенныя сцэнары тэарэтычна й магчымыя, то на практыцы іх наўрад ці трэба спадзявацца. А ўвогуле дык лепш ня думаць пра нейкія ваенныя дзеяньні, а старацца жыць мірна й сябраваць, у тым ліку альбо перш за ўсё на ўзроўні чалавечай адзінкі, – бо, як гаворыцца, бяду можна наклікаць.
Валеры Саўко
размова з экспэртам у гукавым файле