Logo Polskiego Radia
Print

Расея: 9 мільёнаў грамадзян пад наглядам

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 18.05.2016 15:54
Расейскія спэцслужбы цікавіліся, перш за ўсё, лідарамі апазыцыі.
Foto: włodi/flickr.com

Цягам апошніх гадоў 9 мільёнаў грамадзян Расеі апынуліся пад наглядам спэцслужбаў. Пра гэта сьведчаць вынікі справаздачы пад назовам „Расея пад наглядам”, якую апублікавалі праваабаронцы зь міжнароднай арганізацый „Агора”, паведамляе „Rzeczpospolita”.

Аўтары справаздачы спасылаюцца на дадзеныя інфармацыйнага аддзела Вярхоўнага суду Расейскай Фэдэрацыі. Паводле іх, расейскія спэцслужбы й праваахоўныя органы ў 2007-2015 гадах прасілі ў судоў дазволы на назіраньне за больш чым 4,5 мільёна расейцаў. У сваю чаргу суд адобрыў ажно 97% гэткіх просьбаў.

„Калі кожная з гэтых асоб на працягу месяца размаўляла па меншай меры з адным суразмоўцам, то за апошнія дзевяць гадоў на самой справе пад наглядам апынуліся каля 6% насельніцтва Расеі”, - падсумаваў кіраўнік арганізацыі „Агора” Павел Чыкаў, якога цытуе расейская газэта „Ведомости".

Пракрамлёўскія экспэрты пераконваюць, што актыўнасьць расейскіх спэцслужбаў зьвязаная са „шматлікімі пагрозамі бясьпецы расейскай дзяржавы”.

„Апошнім часам тэрарыстычная пагроза ўзрасла. Мы арганізавалі Алімпійскіх гульні ў Сочы. Тое, што не дайшло да тэрактаў, не азначае, што яны не рыхтаваліся”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita” галоўны рэдактар расейскага часопіса „Нацыянальная абарона” Ігар Каротчанка.

Тым часам расейскія праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ня толькі тэрарысты й злачынцы знаходзіліся пад наглядам. Ахвярамі праслушкі часта становяцца актывісты дэмакратычнай апазыцыі. Пра гэта сьведчаць шматлікія рэпартажы, якія апошнім часам трансьляваліся ў эфіры крамлёўскіх тэлеканалаў.

Дарэчы адзін зь іх, паказаны ў НТВ, прывёў да распаду дэмакратычнай кааліцыі, якая на восеньскіх парлямэнцкіх выбарах мела супернічаць з „Адзінай Расеяй”.

Выкарыстаныя ў перадачы запісы аўтары атрымалі ад Фэдэральнай службы бясьпекі. „Такім чынам, Пуцін пазбавіўся ад канкурэнтаў”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita” праваабаронца Леў Панамароў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт