Расьце колькасьць згубленых і скрадзеных пашпартоў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
24.02.2016 14:16
Некаторая частка дакумэнтаў можа трапляць у рукі кантрабандыстаў і баявікоў ІД.
foto: mswia.gov.pl
У Польшчы прападае ўсё больш пашпартоў. Прадстаўнікі сілаў правапарадку мяркуюць, што вялікая частка прапалых дакумэнтаў пераходзіць у рукі злачынных груповак, нелегальных імігрантаў або баявікоў Ісламскай дзяржавы – піша «Dziennik Gazeta Prawna».
Пашпарт дае магчымасьць уехаць на тэрыторыю Шэнгенскай зоны. Па інфармацыі нямецкіх СМІ, ІД кантралюе вялікую частку чорнага рынку дакумэнтаў. Цэны даходзяць да 1,5 тыс. эўра.
У Польшчы дагэтуль прападала каля сотні пашпартоў, а ў гэтым годзе, хаця яшчэ толькі люты, зафіксавана ўжо 90 скрадзеных або згубленых дакумэнтаў. Таксама назіраецца рост колькасьць польскіх пашпартоў, згубленых за мяжою. А турыстычны сэзон яшчэ наперадзе. Ці прапалыя пашпарты могуць быць выкарыстаны дзеля кантрабанды нелегальных імігрантаў? Адпаведныя органы пазьбягаюць адназначна адказваць на гэтае пытаньне. Тым ня менш, статыстыкай занепакоіліся асобы, адказныя за бясьпеку дзяржавы. Таму магчыма, што неўзабаве будзе зьменены ўзор польскага пашпарту. У Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі пацьвердзілі, што ідзе аналіз магчымасьці павышэньня ўзроўню бясьпекі дакумэнтаў.
Магчыма, што частка пашпартоў, якія былі быццам бы згубленыя або скрадзеныя, на самой справе былі прададзеныя іх уладальнікамі або сваякамі памерлага чалавека. Падобная сытуацыя назіраецца ў Чэхіі. Чэскія пашпарты лічацца аднымі з найлепш абароненых на сьвеце, таму яны рэдка выклікаюць падазрэньні падчас кантролю. Таму можа аказацца, што, парадаксальна, пры росьце абароненасьці польскага пашпарту ён стане яшчэ больш папулярны сярод зламысьнікаў.
Dziennik Gazeta Prawna/нг