Logo Polskiego Radia
Print

Асьцярожна з антыбіётыкамі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.02.2016 15:04
Чым часьцей мы карыстаемся гэтым лякарствам, тым прасьцей мікробам «уцячы» ад яго ўзьдзеяньня.
pixabay.com

Антыбіётыкі – цудоўныя лякарствы, якія выратавалі мільёны людзей ад сьмерці. Аднак усё часьцей спэцыялісты кажуць пра пагрозу вяртаньня чалавецтва ў эру, калі не было антыбіётыкаў. Так можа здарыцца ў выніку празьмернага выкарыстаньня гэтых лекаў.

Антыбіётыкі сталі танныя і лёгка даступныя. Мы п’ем іх, калі трэба і калі ня трэба. Напрыклад, пры вірусных інфэкцыях антыбіётыкі не дапамогуць, тым ня менш, часта пацыенты самі націскаюць на лекара, каб той прапісаў лек, бо ім здаецца, што тады яны вылечацца хутчэй і ня будзе ўскладненьняў.

Прафэсар Валерыя Грыневіч з Нацыянальнага інстытуту лякарстваў, старшыня польскай Нацыянальнай праграмы аховы антыбіётыкаў адзначае, на колькі важна разумна і асьцярожна карыстацца антыбіётыкамі.

В. Грыневіч: Чым часьцей мы карыстаемся гэтым лякарствам, тым прасьцей мікробам «уцячы» ад яго ўзьдзеяньня. Паяўляюцца бактэрыі, устойлівыя на антыбіётыкі, лякарствы страчваюць сваю моц. Можна сказаць, што посьпех антыбіётыкаў стаў іх паразай. Яны выкарыстоўваюцца вельмі шырока – іх прапісваюць пры вірусных інфэкцыях, карыстаюцца імі ў жывёлагадоўлі, а нават расьлінагадоўлі, што здаецца зусім нерацыянальным. У выніку мэдыцына становіцца бездапаможнай нават пры некаторых простых інфэкцыях.

У такім выпадку як адрозьніць хваробу, пры якой ня трэба прымаць антыбіётыкі, ад захворваньня, калі гэтыя лякарствы ўсё ж неабходныя?

В. Грыневіч: Перш за ўсё павінны быць клінічныя сымптомы. Нельга прапісваць антыбіётык пацыенту, які прастудзіўся, у яго баляць цягліцы, суставы, тэмпэратура вырасла, скажам, да 37,5 градусаў. Акрамя таго, ёсьць ужо хуткія дыягнастычныя тэсты, якія паказваюць, ці інфэкцыю выклікалі вірусы, на якія антыбіётык ня дзейнічае, ці бактэрыі. Канешне, у выніку правядзеньня лябараторных аналізаў тэрапія можа пачацца крыху пазьней, але яны даюць агульную карціну самых частых інфэкцый. Маючы такія веды, лекары могуць больш эфэктыўна лячыць хваробы ў дадзеным горадзе, рэгіёне або краіне.

Сапраўды, у ідэале лекар спачатку павінен праверыць тэстам, аналізамі, якая разнавіднасьць мікробаў выклікала хваробу, а толькі пазьней прапісваць антыбіётык, калі такая неабходнасьць існуе. Аднак на практыцы лекары вельмі рэдка карыстаюцца ў Польшчы дыягностыкай. Многія дактары, асабліва гэтай званай даўняй школы, якія закончылі інстытут у 70-80 гады, прапісваюць антыбіётык « на ўсялякі выпадак».

В. Грыневіч: Гэта няправільна, паколькі ў выніку такіх дзеяньняў разьвіваецца ўстойлівасьць мікробаў на антыбіётыкі. У распараджэньні мэдыкаў усё больш вузкае кола эфэктыўных антыбіётыкаў, таму тыя заражэньні, якія раней лёгка лячыліся антыбіётыкамі, цяпер могуць прывесьці нават да сьмерці.

Калі антыбіётык падабраны правільна, то ён павінен паўплываць на стан хворага вельмі хутка – нават на першы дзень, у горшым выпадку паляпшэньне стану здароўя назіраецца на другі-трэці дзень з пачатку лячэньня. Калі паляпшэньня няма або назіраецца пагаршэньне, трэба зьвярнуцца да лекара.

В. Грыневіч: Калі стан пацыента пагаршаецца, далучаюцца новыя сымптомы, неабходна неадкладна зьвярнуцца да лекара. Многія інфэкцыі пачынаюцца падобным чынам – тэмпэратурай, болем цягліц, але можа разьвіцца вельмі цяжкая хвароба. У такім выпадку трэба пайсьці да лекара або зьвярнуцца ў шпітальную кансультацыю.

Пры лячэньні антыбіётыкамі важна закончыць поўны цыкл тэрапіі. Гэта як правіла 5-7 дзён. Даволі часта здараецца, што пацыент адчуе сябе лепш, і праз 2-3 дні спыняе лячэньне. Празь некалькі дзён сымптомы вяртаюцца, і што тады рабіць – закончыць лячэньне старым антыбіётыкам, ці ісьці па новы?

В. Грыневіч: Трэба зьвярнуцца да лекара. Гэта можа быць іншая інфэкцыя, альбо бактэрыі маглі набыць устойлівасьць на антыбіётык, і ён перастаў дзейнічаць. Нас павінен абсьледаваць лекар. Ніколі нельга вяртацца ў такім выпадку да старога лякарства. Антыбіётык выклікае ўстойлівы імунітэт у тых бактэрый у нашым арганізьме, якія не загінуць. І гэтыя ўстойлівыя бактэрыі могуць стаць прычынай новай хваробы або ўскладненьня старой інфэкцыі.

Вялікія паліклінікі ў Польшчы пачынаюць ужо разумець, на колькі важна абмяжоўваньне выкарыстаньня антыбіётыкаў. Яны дазваляюць карыстацца лекарам таннымі дыягнастычнымі тэстамі. За некалькі хвілін можна праверыць, ці, напрыклад, ангіна выклікана бактэрыйнай ці віруснай інфэкцыяй. Тым ня менш, пакуль што гэта ня стала яшчэ нормай, і многія дактары прапісваюць антыбіётык без дыягностыкі.

І Пр ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт