Logo Polskiego Radia
Print

Польшча запрашае 8-20 сем'яў рэпатрыянтаў у год

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.12.2015 15:45
  • 29.12-spol.mp3
А на працягу году Расея становіцца новай айчынай для прыкладна 100 тыс. людзей у рамках рэпатрыяцыі.
www.kik.waw.pl

У краінах Эўрапейскага Зьвязу, у тым ліку ў Польшчы, пытаньне дапамогі імігрантам стаіць цяпер на галоўным месцы. Палякі ў пераважнай большасьці вельмі скептычна і зь вялікай дозай недаверу, а нават боязі падыходзяць да гэтай тэматыкі. Пасьля зьмены ўраду нават гучаць галасы, што дзяржава агулам павінна адмовіцца ад прыманьня ўцекачоў, а памагаць ім толькі фінансамі за мяжой.

Пры нагодзе тэматыкі бежанцаў паяўляецца таксама пытаньне рэпатрыяцыі, маўляў, чаму Польшча згадзілася прыняць тысячы імігрантаў, якія ўцякаюць ад вайны, а ня здолела за 25 гадоў дэмакратычнага ладу вярнуць на Айчыну соцень тысяч палякаў, якія калісьці былі вывезены за мяжу, як правіла ў Казахстан.

Доктар сацыялёгіі, сябар Таварыства Wspólnota Polska і Зьвязу рэпатрыянтаў Робэрт Вышыньскі адзначае, што ў адным толькі Казахстане жывуць тысячы палякаў, якія хацелі б вярнуцца на Айчыну.

Р. Вышыньскі: У Казахстане ёсьць каля 300 тыс. людзей каталіцкага веравызнаньня. Можна меркаваць, што прыкладна палова з іх – гэта палякі. А чыстых палякаў, па мацярынскай і бацькоўскай лініі, польскай нацыянальнасьці паводле пашпарту, каля 30 тыс. Яшчэ ня так даўно іх было ў два разы болей, але цягам апошніх 6 гадоў Пуцін запрасіў жыць у Расею палову палякаў з Казахстану. На працягу году Расея становіцца новай айчынай для прыкладна 100 тыс. людзей у рамках рэпатрыяцыі. У сваю чаргу Польшча запрашае ад 8 да 20 сем’яў за год. Палякі пераяжджаюць таксама ў Нямеччыну, паколькі іх перасялялі разам зь немцамі, і сем’і часта зьмешаныя. Іншы кірунак, куды накіроўваюцца жыць палякі з Казахстану – гэта Беларусь, якая ладзіць акцыю перасяленьня.

Як правіла ўсе згодныя, што неабходна запрашаць перасяляцца ў Польшчу людзей, якія былі выселены з польскіх зямель у выніку гістарычных падзей. А ці трэба перацягваць асобаў польскага паходжаньня зь Беларусі ці Ўкраіны? Робэрт Вышыньскі кажа, што лепш іх пакінуць там, дзе яны жывуць.

Р. Вышыньскі: Трэба задацца пытаньнем, ці трэба перасяляць асобаў польскага паходжаньня з тэрыторыі Беларусі ці Ўкраіны, дзе яны зьяўляюцца карэннымі жыхарамі, паколькі гэта іх родная зямля. Канешне, гэта магчыма, і, здаецца, цяпер рыхтуюцца такія пляны. На маю думку, гэта памылковы падыход. Дарэчы, расейскія цары, а таксама Сталін, заўсёды пра гэта марылі – ачысьціць землі Беларусі ды Ўкраіны ад палякаў.

Палякі – у Казахстане, іншых краінах, часта мараць, каб перасяліцца ў Польшчу на пастаяннае месца жыхарства. На жаль, у іх саміх няма такой магчымасьці, яны спадзяюцца на дапамогу польскай дзяржавы. Але Польшча, хоць выдзяляе немалыя сродкі на гэтыя мэты, ня здолела такім чынам наладзіць акцыю рэпатрыяцыі, каб запрасіць усіх жадаючых. А яны чакаюць, – кажа настаўніца польскай мовы з Мінска Мазавецкага спадарыня Ядвіга.

Сп. Ядвіга: Падчас канікул я вяла ўрокі польскай мовы для палякаў з Казахстану, Туркмэністану і Таджыкістану. Яны мараць пра магчымасьць перасяліцца ў Польшчу, чакаюць ужо доўга – па 8-12 гадоў. Яны вельмі ўдзячныя нават за магчымасьць прыехаць у Польшчу вучыцца. Іх бацькі, дзядулі, бабулі перанесьлі страшныя рэчы. Канешне, яны засноўвалі сем’і, жаніліся, выходзілі замуж за розных людзей, ня толькі палякаў, але ці гэта дрэнна? Для параўнаньня скажу – палякі, якія перасяляюцца ў Польшчу, атрымліваюць 30 гадзін урокаў польскай мовы, а немцы гарантуюць асобам, якія ў іх пасяляюцца, адразу 600 гадзін нямецкай мовы.

Рэпатрыянтаў могуць запрашаць польскія гміны – самыя малыя тэрытарыяльныя адзінкі. Дзяржава выдзяляе на гэтыя мэты грошы, але рэпатрыянтам самім прыходзіцца шукаць мясцовасьць, улады якой іх запросяць. На самой справе рэпатрыянты знаходзяцца ў горшай сытуацыі, чым уцекачы, – адзначае Робэрт Вышыньскі.

Р. Вышыньскі: Рэпатрыянт павінен ведаць, дзе ён будзе жыць, працаваць і толькі тады прыяжджае. А бежанец прыяжджае, і дзяржава тут, на месцы, павінна даць яму жыльлё, працаўладкаваньне, мэдычную апеку, адукацыю, сродкі на кішэнныя выдаткі й іншае. Так што ў рэпатрыянтаў менш правоў, чым у бежанцаў. Мы прапануем хаця б зраўнаць іх правы. Што цікава, тыя грошы, якія дзяржава прызначае на рэпатрыяцыю, да канца не выкарыстоўваюцца. Чаму так адбываецца? Таму што няма адказных структур, няма праверак, няма кантролю, няма адпаведных тэндараў. Усё пастаўлена на самацёк. Скажам, у Расеі два разы ў год зьбіраюцца прадстаўнікі ўсіх структур, адказных за праграму «Суайчыньнік» і прадстаўляюць, што ўдалося зрабіць. Калі нешта ідзе ня так, мяняем законы. А ў Нямеччыне агулам 50 гадоў досьведу ў рэпатрыяцыі.

Нагадаем, Польшча прымае ў год ад 8 да 20 сем’яў рэпатрыянтаў. Такія дадзеныя прадставіў Робэрт Вышыньскі з Таварыства Wspólnota Polska і Зьвязу рэпатрыянтаў. Меркаваньнем госьця Польскага радыё, дзяржава павінна зрабіць усё магчымае, каб як мага больш асобаў польскага паходжаньня пераехала сюды жыць на пастаяннае месца жыхарства, нават па прычыне дрэннай дэмаграфічнай сытуацыі Польшчы. На жаль, пакуль што польскія ўлады робяць ня шмат. Але новая кіруючая партыя Права і справядлівасьць заявіла, што для яе гэта вельмі важнае пытаньне. Пабачым, што ўдасца зрабіць.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт