Logo Polskiego Radia
Print

Сувязі польскай дзяржавы з палякамі за мяжой

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 02.12.2015 15:12
  • NIK-POlacy-ok.mp3
Кантралёры ВКП выказваюць боязі, што эмігранты могуць страціць сувязь з Айчынаю.
pixabay.com

Невядома, ці актыўнасьць польскай дзяржавы, накіраваная на кантакты з палякамі за мяжою, прыносіць эфэкты, паколькі ніхто гэтага не правярае. Такую выснову можна зрабіць з дакладу Вышэйшай кантрольнай палаты. У дакумэнце падкрэсьліваецца, што польскі ўрад толькі ў жніўні гэтага года прыняў праграму супрацоўніцтва з палякамі за мяжою на 2015-2020 гг., а папярэдняя праграма закончылася ў 2012 годзе.

У дакладзе палаты зьвяртаецца таксама ўвага на тое, што пытаньнем палякаў за мяжой цягам апошніх гадоў займалася аж 6 чалавек ва ўладных структурах. Гэта азначае, што кожны з іх у сярэднім працаваў над тэматыкай праграмы толькі чатыры месяцы.

Меркаваньнем кантралёраў Вышэйшай кантрольнай палата, самай істотнай слабасьцю дзейнасьці дзяржавы зьяўляецца адсутнасьць сыстэмы, якая ацэньвала б эфэктыўнасьць прымаемых крокаў, – адзначае прэс-сакратар палаты Дамініка Тарчыньска.

Д. Тарчыньска: На думку Вышэйшай кантрольнай палаты, неабходна ўвесьці крытэры, якія дазволяць ацаніць, ці розныя ініцыятывы, накіраваныя да палякаў за мяжой, спрацоўваюць. Гаворка ідзе як пра ўрадавыя праграмы, так і праграмы муніцыпальных органаў. Пакуль што існуюць толькі колькасныя паказчыкі, якія паказваюць, колькі было падрыхтавана выстаў, майстар-клясаў або канфэрэнцый. Аднак яны не дазваляюць зрабіць высновы, якім чынам гэта ўплывае на кантакт эмігрантаў з Польшчаю.

Кантралёры Вышэйшай кантрольнай палаты выказваюць боязі, што эмігранты, нават тыя, хто нядаўна выехаў за мяжу, могуць страціць сувязь з Айчынаю. Польскі ўрад прадпрымаў нейкія крокі, каб пераканаць палякаў вяртацца ў Польшчу, але пры адсутнасьці моцных сувязяў з Радзімай асобы польскага паходжаньня хутчэй за ўсё не захочуць вярнуцца дадому. Таму неабходна разьвіваць польскую культуру ня толькі ў Польшчы і сярод прадстаўнікоў іншых нацый, але таксама сярод палякаў па-за межамі краіны, – дадае прадстаўніца палаты Дамініка Тарчыньска.

Д. Тарчыньска: Вышэйшая кантрольная палата прыгадвае, што з мэтаю падтрымкі сувязяў з палякамі за мяжою і заахвочваньня іх вяртацца на Айчыну, варта ладзіць прамоўшэн акцыі польскай культуры ня толькі сярод іншаземцаў, але таксама сярод палякаў на эміграцыі.

Вышэйшая кантрольная палата занялася таксама пытаньнем адукацыі самага маладога пакаленьня палякаў за мяжою – дзяцей. Кантроль паказаў, што ў Мінадукацыі няма поўных дадзеных пра тое, колькі польскіх дзяцей вывучае польскую мову й ці патрэбныя новыя цэнтры навучаньня польскай мове. Польскія школы за мяжою існуюць толькі ў вялікіх гарадах, таму большасьць эмігрантаў ня мае магчымасьці вазіць туды сваіх дзяцей. Кантралёры палаты пішуць, што неабходна прыняць нацыянальную стратэгію разьвіцьця польскага школьніцтва за мяжою.

А як беларускія палякі ставяцца да гэтага дакладу? Ці яны адчуваюць клопат за сябе з боку польскіх уладаў? Сытуацыя беларускіх палякаў спэцыфічная, паколькі існуюць два саюзы палякаў – адзін прызнаецца польскім урадам, а другі быў створаны па загаду беларускіх уладаў. Тым ня менш, без падтрымкі з боку Польшчы цяжка было б ладзіць ініцыятывы па разьвіцьці польскай культуры, – гаворыць актывіст Саюза палякаў Анджэй Пачобут.

А. Пачобут: Дзякуючы падтрымцы Польшчы існуюць польскія ініцыятывы ў Беларусі. Калі б не падтрымка Польшчы, не было б агулам дзейнасьці грамадзкіх арганізацый. Беларускія ўлады вельмі нэгатыўна ставяцца да палякаў, толькі дзякуючы Польшчы існуе нейкая дзейнасьць. Наконт навучаньня польскае мове ёсьць дзьве тэндэнцыі – з аднаго боку зьніжаецца колькасьць дзяцей, якія вучацца ў дзяржаўных установах польскай мове, а з іншага боку расьце ўвесь час колькасьць людзей, якія вучацца ў прыватных, камэрцыйных установах. Зьвязана гэта са стаўленьнем беларускіх уладаў, якія хацелі б, каб дзеці вучыліся на расейскай мове.

Канешне, цяжка параўноўваць жыцьцё палякаў у Вялікабрытаніі або ЗША і ў Беларусі. У дэмакратычных краінах польская культура можа свабодна разьвівацца, калі ёсьць жаданьне саміх яе носьбітаў. У Беларусі, у сваю чаргу, палякам прыходзіцца пераадольваць шмат перашкод на шляху разьвіцьця польскасьці.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт