Logo Polskiego Radia
Print

Шэндэровіч: Пуцін зрабіў стаўку на Шарыкавых

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 05.11.2015 12:57
  • Пуцін зрабіў стаўку на Шарыкавых.mp3
З Расеі выяжджаюць найлепшыя людзі, і дэградацыя можа стаць незваротнай – з сумам зазначае сатырык.

«У расейскай традыцыі ёсьць прафэсар Прэабражэнскі з доктарам Бармэнталем, а ёсьць Шарыкаў са Швондэрам. Уладзімер Пуцін, на жаль зрабіў стаўку на Шарыкавых. З краіны зьяжджаюць лепшыя людзі, і дэградацыя становіцца незваротнай», – заявіў у Варшаве вядомы расейскі сатырык Віктар Шэндэровіч. Перад канцэртам, які прайшоў у польскай сталіцы, сатырык падзяліўся сумнымі думкамі пра тое, што зрабіў пуцінскі аўтарытарызм з расейскім грамадзтвам, колькі ён будзе трымацца, і чым ён нарэшце скончыцца.

Спадар Віктар, неяк адзін мой сябра сказаў: «Калі размаўляеш з расейцамі пра ўсё, акрамя палітыкі – яны самыя мілыя, адукаваныя эўрапейскія прасунутыя людзі. Як толькі гаворка заходзіць пра Ўкраіну й Пуціна – пачынаецца «крымнаш», сталінізм і пекла». Як такія супрацьлеглыя сьветапогляды ўжываюцца ў галовах людзей? Што зрабіла адукаваных расейцаў такімі?

В. Шэндэровч: На мой погляд галоўная віна Пуціна заключаецца ў гэтым разбэшчваньні насельніцтва. 90-я гады паказалі, што ў расейскім грамадзтве дастаткова энэргіі для свабоды. Калі дзяржава абрынулася, аказалася, што расейцы ў стане самі сябе накарміць, апрануць. Так, былі чаўнакі, так спачатку гэта было дзіка – але затым зьявіўся нармальны, а не бандыцкі, бізнэс, дабрачыннасьць. Высьветлілася, што нам патрэбная свабода ня менш, чым яна патрэбная, напрыклад, датчанам.

Аднак унутры Расеі жыве дзьве краіны. Адна – шматмільённая Расея – каля 30 мільёнаў людзей, якія арыентуюцца на эўрапейскія каштоўнасьці, ведаюць замежныя мовы, цягнуцца да адукацыі, гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць і дапамагаць іншым. Аднак ёсьць і іншая Расея... Пытаньне было ў тым, на каго ўлады зробяць стаўку. Кожная размова пра расейскія традыцыйныя каштоўнасьці – гэта размова хлусьлівая. Таму, што ў расейскай традыцыі месьцяцца і прафэсар Прэабражэнскі з доктарам Бармэнталем, і Шарыкаў са Швондэрам. Таму слова «традыцыі» – пустое. Якія менавіта традыцыі маюцца на ўвазе?

Калі ўлады робяць стаўку на Бармэнталя і Прэабражэнскага, калі яны становяцца элітай, то грамадзтва атрымлівае штуршок наперад. Калі Шарыкаў становіцца элітай – грамадзтва дэградуе. Пуцін зрабіў стаўку на Шарыкавых. Пуцін зрабіў стаўку на люмпэн, Пуцін зрабіў стаўку на «кансэрватыўныя каштоўнасьці», на імпэрскі фантомны боль. І расейцы ў патрыятычным чадзе – гэта тыя ж самыя людзі, якія пры іншым дзяржаўным імпульсе маглі б пайсьці зусім у іншым накірунку...

Як доўга будзе трываць гэты аўтарытарны ўра-патрыятычны чад? Ён жа некалі скончыцца. Што прымусіць людзей апрытомнець, і калі гэта адбудзецца?

В. Шэндэровч: Канешне, гэта ўсё скончыцца, усё гэта абрынецца, як абрынуліся ўсе аўтарытарныя рэжымы. Аднак разважаць пра тэрміны ня мае сэнсу. Гэта можа адбыцца заўтра, а можа празь некалькі дзесяцігодзьдзяў. Для гісторыі – гэта ўсё ў межах статыстычнай памылкі. Пуцін павялічвае колькасьць рызыкаў для Расеі. Ён раскалоў Расею, аб’явіў ворагамі ўсіх, хто не падзяляе яго шляху. Што стане той бананавай лупінай, на якой пасьлізьнецца рэжым – невядома. Гэта можа быць чачэнская тэма з Кадыравым, гэта можа быць сацыяльная тэма – калі праз год вычарпаецца Стабфонд і пачнецца сапраўдны дарвінізм. Раней ці пазьней гэта адбудзецца. Але ў мяне няма ніякіх аптымістычных прадчуваньняў наконт таго, што адбудзецца пазьней. Таму, што ўсе мэханізмы эвалюцыйнага выхаду з крызысу Пуцін сам разламаў.

/


12 гадоў таму Лукашэнка забараніў вам уезд у Беларусь. Як глядзяць на вашую творчасьць улады сучаснай Расеі? Ці можаце вы свабодна выступаць у сябе на радзіме?

В. Шэндэровч: Сатырык у prime-time на галоўным канале ці жорсткія карыкатуры на кіраўніка дзяржавы на першых старонках газэтаў – гэта прыкмета свабоднай дзяржавы. Зразумела, ані ў Беларусі, ані ў Расеі, ані ў Вэнэсуэле, Паўночнай Карэі ці Ўзбэкістане такога быць я можа. Некалі адмяняліся мае канцэрты ў Беларусі. Цяпер такая Беларусь настала па ўсёй Расеі. У Расеі няма маіх канцэртаў. Самая ўсходняя кропка, дзе я магу правесьці свой афішыяваны канцэрт – гэта Харкаў. Далей толькі Токіо. У прамежку паміж Харкавам і Токіо я не выступаю – не па маёй волі. Гэта даволі забаўна, бо я былы невыязны габрэй, а цяпер гастралюю па ўсім сьвеце, ад Ванкувэра да Сіднэя, толькі не магу выступаць у Расеі.

Мой сябра з Расеі, калі адбылася анэксія Крыму і па Маскве пракаціліся першыя патрыятычныя маніфэстацыі, запытаў мяне: «Як жыць сярод звар’яцелых суседзяў?» Што могуць рабіць людзі, якія жывуць у дыктатарскай краіне, але захавалі цьвярозасьць розуму? Ці ад нас нешта залежыць? Што мы можам зрабіць?

В. Шэндэровч: Можна змагацца, удзельнічаць у палітычным супрацьстаяньні з усімі рызыкамі, якія з гэтага вынікаюць. Можна зьехаць. Адзінага слушнага адказу не існуе. Зьехаць ці змагацца – гэта асабісты выбар кожнага. І тыя, хто зьехаў, і тыя хто засталіся паступілі правільна – для сябе. Аднак мушу зазначыць, што калі недзе чагосьці дадаецца, то недзе чагосьці памяншаецца. Кожны, хто зьехаў і выйшаў з гульні, памяншае шанцы тых, хто застаўся. Да якой ступені гэта павінна мучыць тых, хто зьехаў – гэта, зноў-такі, іх асабісты выбар. Аднак тое, што краіна дэградуе – відавочна.

Паскаль казаў, што калі з Францыі зьедзе 300 чалавек, то Францыя стане краінай ідыётаў... Ну можа, не 300, а 300 тысячаў. Аднак калі зьяжджаюць лепшыя, самыя разумныя людзі – гэта адбіваецца на агульным інтэлектуальным узроўні. У пэўны момант зьмены становяцца незваротнымі. За межамі Расеі ўжо паўстала іншая Расея, якая вельмі адрозьніваецца ад першай. На жаль, ня гэтыя людзі вызначаюць палітыку краіны. Нядаўна кіраўніком Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця быў прызначаны Сяргей Гурыеў. Гэта чорная іронія гісторыі. Сяргей Гурыеў, якога выгналі з Расеі, празь некаторы час будзе вырашаць, ці даваць Расеі крэдыт. Згадзіцеся, гэта забаўны паварот. І ў гэтым павароце ёсьць нейкая праўда пра час, у якім мы жывем...

Размаўляў Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт