Грамадзяне Польшчы абралі дэпутатаў Сэйму і Сэнату – ніжэйшай і вышэйшай палаты парлямэнту. У выбарах узялі ўдзел толькі крыху больш за палову ўсіх жыхароў дзяржавы з правам голасу, а другая палова павінна зьмірыцца з тым, што іншыя выбаршчыкі зусім зьмянілі выгляд польскай палітычнай сцэны. Для пераможцы – партыі Права і Справядлівасьць – на важнейшым месцы стаяць сацыяльныя задачы.
Права і Справядлівасьць верагодней за ўсё самастойна сфармуе ўрад, без удзелу іншых партый. Нагадаем, што прэзыдэнт Анджэй Дуда, абраны ў траўні гэтага году, прадстаўляе гэтую ж групоўку. Поўная ўлада дае магчымасьць рэалізацыі тых абяцаньняў, з якімі палітыкі партыі выступалі падчас перадвыбарчай кампаніі. А сярод абяцаньняў ПіС было некалькі важных сацыяльных прапаноў. Адна з галоўных – вяртаньне да ніжэйшага пэнсійнага ўзросту – 65 гадоў для мужчын і 60 для жанчын (цяпер, пасьля рэформы Грамадзянскай плятформы, адзіны пэнсійны ўзрост складае 67 гадоў для ўсіх). На другім месцы – абяцаньне ўвесьці фінансавую дапамогу на кожнае другое і наступнае дзіця ў сям’і, а ў сем’ях зь нізкімі даходамі – таксама на першае дзіця.
Дзеля таго, каб ажыцьцявіць свае пастуляты, Праву і Справядлівасьці прыйдзецца ўвесьці зьмены ў бюджэт дзяржавы. Новы ўрад возьме ўладу ў свае рукі на прыканцы году, калі дзяржбюджэт ужо падрыхтаваны папярэдняй уладай, таму застаецца няшмат часу, каб уводзіць папраўкі ў бюджэтны закон. У бюджэце, зразумела, не былі ўзятыя пад увагу фінансавыя кошты прапановаў ПіС. Таму бюджэтны закон неабходна зьмяніць, – адзначае прэс-сакратар Права і Справядлівасьці Эльжбета Вітэк. Плян выдаткаў на будучы год будзе дакладна правераны, каб ужо ў студзені можна было пачаць рэалізацыю абяцаньняў выбарчай кампаніі.
Э. Вітэк: Мы ведаем, што дэфіцыт у дзяржаўным бюджэце прыняты на максымальным узроўні 3%. А мы хацелі б як мага хутчэй пачаць рэалізацыю праграмы, пра якую казала віцэ-старшыня Бэата Шыдла падчас перадвыбарчай кампаніі – 500 злотых на дзіця і паніжэньне пэнсійнага ўзросту. Гэта два лёзунгі, якія для нас вельмі важныя.
ПіС спадзяецца, што дзякуючы сацыяльным прапановам маладыя палякі перастануць так ахвотна, як дагэтуль, іміграваць за мяжу і пачнуць думаць пра завядзеньне сям’і і дзяцей, – мяркуе Эльжбета Вітэк.
Э. Вітэк: Наша самая буйная праблема сёньня – гэта дэмаграфія. Калі мы ня зьменім дэмаграфічных тэндэнцый, калі маладыя палякі надалей будуць іміграваць за мяжу, калі не павысіцца нараджальнасьць, то празь некалькі дзесяткаў гадоў прападзе цэлае адно пакаленьне.
Новая кіруючая партыя ня зможа ажыцьцявіць усе свае перадвыбарчыя абяцаньні, ёй проста ня хопіць на гэта грошай, – мяркуе Цэзары Шыманэк з выданьня Bloomberg Businessweek Polska. На ягоную думку, у першай чарговасьці партыя пачне рэалізаваць свае найважнейшыя пастуляты.
Ц. Шыманэк: Я больш, чым упэўнены, што на пачатку ПіС увядзе падатак ад банкаўскіх апэрацый, падатак на гандаль у супэрмаркетах. У сваю чаргу з абяцаньняў, зьвязаных з выдаткоўваньнем грошай, на першым месцы, на маю думку, будзе дапамога па 500 злотых на другое і кожнае наступнае дзіця, паніжэньне пэнсійнага ўзросту і ўвядзеньне мінімальнай стаўкі за гадзіну працы.
Галоўны рэдактар Bloomberg Businessweek Polska не сумняецца, што за гэтыя шчодрыя выдаткі заплацяць усе жыхары Польшчы. У сваю чаргу, да канца не вядома, адкуль новы ўрад намераны ўзяць грошы на тое, каб ажыцьцявіць свае пастуляты – кажа Цэзары Шыманэк.
Ц. Шыманэк: На прыканцы дня за ўсе заплацім мы, спажыўцы: кліенты банкаў, кліенты вялікіх крам. У гэтым можна не сумнявацца. У сваю чаргу, калі гаворка ідзе пра фінансаваньне ўсіх гэтых абяцаньняў, тут паяўляецца вялікі пытальны знак наконт адносінаў ураду ды Цэнтральнага банку.
Сярод іншых сацыяльных абяцаньняў Права і Справядлівасьці – між іншым зьмены ва ўзросьце абавязковай пачатковай адукацыі (з шасьці да сямі гадоў), бясплатныя лякарствы для пажылых людзей.
Калі ўступныя вынікі галасаваньня застануцца актуальнымі, то ў польскім Сэйме ўпершыню за апошнія 26 гадоў ня будзе левых сілаў. Палітолягі тлумачаць гэта тым, што сацыяльныя пастуляты, якія па традыцыі прапануюць сацыял-дэмакраты, перахапілі палітыкі з Права і Справядлівасьці.
нг