Logo Polskiego Radia
Print

Катынскі сьпіс і польская меншасьць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 06.08.2015 11:27
Бяссэнсоўна верыць у абяцаньні Лукашэнкі, але пры нагодзе можна некалькі рэчаў атрымаць.
Фота: ТАССФота: ТАСС

Прэзыдэнт Лукашэнка распачаў фэстываль перадвыбарчых абяцаньняў – паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. Няма сэнсу ў іх верыць, але пры нагодзе можна некалькі рэчаў атрымаць. Падчас інтэрвію незалежным СМІ Лукашэнка даў зразумець, што ён вызваліць Міколу Статкевіча – былога кандыдата ў прэзыдэнты, які дагэтуль прабывае ў турме як апошні дзекабрыст. Ягоны зварот да Лукашэнкі «вярні, што ўкраў» стаў ужо легендай. Вызваленьне Статкевіча адчыніла б Лукашэнку дзьверы на Захад, якія і так ужо прыадчынены дзякуючы міратворчай місіі Беларусі ў канфлікце Расеі з Украінай.

Лукашэнка прадставіў сваё бачаньне адносінаў з Захадам: на «рускі мір» ён не згаджаецца, расейскіх войскаў у сябе ня хоча, ахвотна прыме ўдзел ЗША ва ўрэгуляваньні канфлікту, а ўзамен можа пагутарыць пра вызваленьне Статкевіча і быццам бы свабодныя выбары. Падобныя абяцаньні мы чулі пяць гадоў таму. Тады беларускі кіраўнік парушыў слова, дадзенае Радаславу Сікорскаму. Дарэчы, Лукашэнка вядомы тым, што парушае ня толькі дадзенае слова, але і падпісаныя ўласнай рукой пагадненьні.

Ці гэта азначае, што не варта ісьці на гульню з Лукашэнкам? Пры нагодзе можна нечага дасягнуць, калі разумець яго псыхалёгію. Здаецца, гэта разумее акружэньне Анджэя Дуды: вялікія зьмены ў Беларусі немагчымыя, але пры нагодзе выбараў можна дасягнуць дробных посьпехаў. Напрыклад, такіх, як атрыманьне беларускага катынскага сьпісу – прозьвішчаў грамадзян Польшчы, якія былі забітыя на тэрыторыі Беларусі па загаду Сталіна. Беларускія ўлады кажуць, што такога сьпісу ў іх няма, але часам намякаюць, што ўдалося б яго знайсьці. Іншая справа – сытуацыя польскай меншасьці. У Беларусі дзейнічаюць два саюзы палякаў, адзін прызнаюць польскія ўлады, а другі – беларускія. Гаворка ідзе пра празаічныя пытаньні культуры і навучаньня польскай мове ў краіне, дзе бальшыня палякаў не размаўляе па-польску. Калі палякі не спрабуюць перад выбарамі нешта зрабіць па гэтай справе, то можа аказацца, што пасьля выбараў Лукашэнка стане для Захаду палітыкам, з якім ня хочацца, але трэба размаўляць. А Польшча апошняя будзе яго ізаляваць і ў выніку сама трапіць у ізаляцыю.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт