Чым намераны заняцца прэзыдэнт Польшчы
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
03.08.2015 13:31
За ім захаваецца права мець уласны офіс, пэрсанал для яго абслугі, ахову і пажыцьцёвую пэнсію.
Photo: Prezydent.plhttp://www.prezydent.pl
Празь некалькі дзён, 6 жніўня, на пасаду прэзыдэнта Польшчы заступіць Анджэй Дуда. Браніслаў Камароўскі стане былым прэзыдэнтам, тым ня менш, за ім захаваецца права мець уласны офіс, пэрсанал для яго абслугі, ахову і пажыцьцёвую пэнсію – нагадвае Polska The Times.
Камароўскі, здаецца, не зьбіраецца ісьці на палітычную пэнсію. Ён заявіў, што намераны заснаваць Інстытут свайго імя, па прыкладу іншых былых прэзыдэнтаў – Валэнсы і Квасьнеўскага. Магчыма, Камароўскі хоча стварыць уласны кавалак палітычнага жыцьця, а не вяртацца ў кіраўніцтва сваёй партыі Грамадзянская плятформа.
Прэзыдэнт, які неўзабаве стане былым, забярэ з сабою шмат людзей з уласнай канцылярыі. Большасьць блізкіх супрацоўнікаў прэзыдэнта – гэта выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, у іх хутчэй няма багатага палітычнага досьведу. Яны змогуць вярнуцца працаваць у ВНУ або пайсьці на новую працу да Камароўскага. Пра намер стварыць уласны інстытут Камароўскі заявіў падчас аднаго са сваіх апошніх візытаў ва Ўкраіне. Ён сказаў, што ўстанова будзе займацца, у прыватнасьці, польска-украінскімі адносінамі. Такая дэклярацыя прагучала пры нагодзе візыту ў Львове, але агулам інстытут зоймецца тымі сфэрамі дзейнасьці, якія перш за ўсё цікавяць Камароўскага: на першым пляне абарончая і прасямейная палітыка.
За прэзыдэнта на выбарах галасавала амаль палова палякаў. Калі хтосьці не бярэ пад увагу гэты палітычны капітал, то ён проста наіўны. Хутчэй, чым нам здаецца, можа аказацца, што выбаршчыкі запатрабуюць вяртаньня свайго прэзыдэнта, – сказаў выданьню адзін з дарадчыкаў галавы дзяржавы. Уласны інстытут можа стаць базай будучых палітычных ініцыятываў з Камароўскім у галоўнай ролі.
Polska The Times/нг