Ідэалягічныя дыскусіі ў Сэйме
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
30.07.2015 11:32
ПіС прапануе ўвесьці ў павестку дня законапраект аб поўнай забароне абортаў.
Вяртаюцца ідэалягічныя спрэчкі ў польскі парлямэнт. Дэпутаты прагаласуюць, ці ўвесьці ў павестку дня законапраект Права і справядлівасьці, які забараняе экстракарпаральнае апладненьне, а таксама праект аб партнэрскіх саюзах. У чарзе чакае поўная забарона абортаў – піша Gazeta Wyborcza.
Законапраект ПіС прадбачвае забарону апладненьня зародка ў іншым асяродзьдзі, чым арганізм жанчыны. Доктар, які парушыць забарону, на 5 гадоў можа быць пазбаўлены права працаваць па прафэсіі (у першым варыянце законапраекту было пакараньне турэмным зьняволеньнем).
У сваю чаргу поўная забарона абортаў, у тым ліку калі цяжарнасьць стала вынікам гвалту, зьяўляецца непрымальнай для сябраў кіруючай Грамадзянскай плятформы, нават самых кансэрватыўных. Кааліцыя Грамадзянскай плятформы і Польскай сялянскай партыі верагодней за ўсё заблякуюць ідэалягічныя дыскусіі да восені, калі адбудуцца парлямэнцкія выбары. У чарзе чакае шмат дакумэнтаў, між іншым неабходна закончыць працу над законам, які дазволіць стварыць працоўныя месцы для тысяч маладых людзей, закон аб паніжэньні пэнсійнага ўзросту.
На думку філёзафа і этыка Магдалены Сьроды, сёньня ў Польшчы назіраецца вайна цывілізацыі з варварствам і, парадаксальна, было б добра, калі б Сэйм заняўся законапраектам аб поўнай забароне абортаў. Гэта дазволіла б людзям зразумець, што адбудзецца, калі Права і справядлівасьць прыйдзе да ўлады. Польшча ідзе ў напрамку Расеі ды ісламскіх дзяржаваў, якія абмяжоўваюць свабоды грамадзян, – мяркуе Сьрода.
Gazeta Wyborcza/нг