Logo Polskiego Radia
Print

Грэцыя сказала НЕ, але даўгі аддаваць прыйдзецца

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.07.2015 15:41
  • Грэцыя сказала НЕ, але даўгі аддаваць прыйдзецца.mp3
Праўда, даўгі з Грэцыі будуць выцягваць доўга і зь вялікімі цяжкасьцямі – прадказваюць экспэрты.

Грэцыя адказала «не» патрабаваньням Эўракамісіі, Эўрапейскага цэнтральнага банку і Міжнароднага валютнага фонду скараціць бюджэтныя выдаткі. З-за гэтага Атэны ня змогуць атрымаць фінансавай падтрымкі, неабходнай, каб выплаціць раней узятыя крэдыты. Адмова грэкаў заціснуць пасы зусім не азначае, што 350-мільярдны доўг зьнік. Эўропу чакаюць доўгія перамовы, прысьвечаныя вяртаньню гэтых грошай – кажуць экспэрты.

На вуліцах Атэнаў грэкі лікавалі да позьняй ночы. На нядзельным рэфэрэндуме 61% грамадзянаў выказаліся супраць далейшага скарачэньня дзяржаўных выдаткаў. 39% падтрымалі патрабаваньні Эўразьвязу. На рэфэрэндуме прагаласавала 63% грэкаў.

Прэм’ер Грэцыі Алексіс Цыпрас заявіў, што падтрымка, якую ён атрымаў на рэфэрэндуме, дазволіць яму больш рашуча паводзіць сябе на перамовах з Эўракамісіяй і Эўрапейскім цэнтральным банкам. Адным з патрабаваньняў Атэнаў стане скасаваньня часткі доўгу.

Міністар фінансаў Яніс Варуфакіс заявіў, што грэцкіх грамадзянаў ніхто ўжо не прымусіць «зацікаць пас»:

Я. Варуфакіс: Вынік рэфэрэндуму – гэта знак таго, што палітыка зацісканьня паса скончана. Вэрдыкт грэкаў – гэта вялікае «так» для эўрапейскай дэмакратыі.

Пасьля гэтага, аднак крайне непапулярны сярод эўрапейскіх палітыкаў грэцкі міністар падаў у адстаўку. «Я буду з гонарам насіць на сабе нянавісьць крэдытораў» – заявіў Варуфакіс на сваім блёгу. Палітык спадзяецца, што яго адстаўка дапаможа Атэнам выгандляваць лепшыя ўмовы рэструктурызацыі запазычанасьці.

Рэфэрэндум быў прыдуманы дзеля таго, каб павысіць папулярнасьць грэцкага ўраду і зьняць з яго адказнасьць за любое непапулярнае рашэньне – лічыць былы амбасадар Польшчы ў Грэцыі Міхал Клінгер.

М. Клінгер: Гэта незвычайна хітрая ўлоўка грэцкага ўраду, які прыдумаў спосаб павысіць сваю пазыцыю на перамовах і сваю папулярнасьць. Цяпер, калі народ падтрымаў Цыпраса, ён можа сказаць крэдыторам: «Прашу ня ставіць мне ўмоваў. Грэцкі ўрад ня хоча скарачэньня выдаткаў».

Грэкі прагаласавалі на рэфэрэндуме перадусім супраць скарачэньня сацыяльных выдаткаў. Аднак кіраўнікі эўрапейскіх краінаў успрымаюць грэцкае «не» як адмову вяртаць даўгі.

У эканамічным сэнсе нічога не зьмянілася – кажуць экспэрты. Грэцыя надалей павінна выплаціць крэдыторам 350 мільярдаў эўра. Таму нават пасьля рэфэрэндуму перамовы працягнуцца. Нас чакае чарговая сэрыя доўгай грэцкай мыльнай опэры – прадказвае іншы былы амбасадар Польшчы ў Грэцыі Рышард Жуўтанэцкі.

Р. Жуўтанэцкі: Мы вельмі недаацэньвалі Цыпраса, лічылі яго аматарам. А ён паказаў, што ён зьяўляецца вельмі цьвёрдым перамоўшчыкам і эфэктыўным палітыкам. Рэфэрэндум яшчэ больш узмацніў яго ўладу. Любы вынік галасаваньня быў для яго добры. Любы вынік даваў яму магчымасьць працягваць сваю палітыку, якая ўжо прыгадвае мыльную опэру. Цяпер мы будзем назіраць чарговую яе сэрыю.

Грэцыю не выкінуць з Эўразоны. Выхад Грэцыі пакажа бясьсільнасьць Эўразвязу ў вырашэньні крызысу. Ён нанясе паразу міжнароднаму іміджу нямецкага ўраду, які хоча паказаць сябе эўрапейскім лідарам. Таму грэкам запрапануюць нейкі кампраміс – лічыць Рышард Жуўтанэцкі.

Р. Жуўтанэцкі: Нямеччына зацікаўлена ў тым, каб Грэцыя засталася ў Эўразоне. Нямеччына – гэта адзіная моцная краіна ў Эўрапейскім зьвязе. Гэта адзіная краіна-лідар. Таму яна ня можа дазволіць сабе паразы. Параза ў Грэцыі стане паразай Эўразьвязу, а параза Эўразьвязу стане паразай Нямеччыны. Бэрлін павінны знайсьці такі кампраміс, які дазволіць прафінансаваць Грэцыю, скараціць яе даўгавы цяжар і пры гэтым дасьць магчымасьць растлумачыць гэтае рашэньне ўласным падаткаплацельшчыкам і банкам.

Эўракамісія ўжо заявіла, што працягне перамовы з Грэцыяй па рэструктурызацыі запазычанасьці й магчымым аказаньні новай дапамогі. Аднак даверу да Грэцыі ўжо нашмат менш, і перамовы будуць нашмат больш жорсткімі. Пра гэта заявіў камісар па справах валюты эўра Валдзіс Дамброўскіс.

В. Дамброўскіс: Лёгкага выхаду з гэтага крызысу ня будзе. Занадта шмат часу і магчымасьцяў было ўпушчана. Эўракамісія гатовая працягнуць сваё супрацоўніцтва з Грэцыяй. Аднак Эўракамісія ня можа працягваць перамовы без новага перамоўнага мандату ад ўрадаў краінаў Эўразоны. Адна рэч застаецца яснай – месца Грэцыі па-ранейшаму толькі ў Эўразоне. Каб вырашыць гэтую праблему ўсе бакі павінныя працаваць адказна ў імя грэцкага народу.

Грэцыя павінна выплаціць прыватным крэдыторам каля 60 мільярдаў эўра. Яшчэ 290 – гэта запазычанасьць перад урадамі эўрапейскіх краінаў, перадусім Нямеччыны, Францыі, Бэльгіі, Гішпаніі, Італіі.

Нямецкі ўрад выказаўся крыху больш жорстка за Эўракамісію: пакуль не Грэцыя не правядзе патрэбных скарачэньняў сацыяльных выдаткаў, грошай на выплату ранейшых пазыкаў яна не атрымае.

«Бэрлін паважае волю грэцкіх грамадзянаў і гатовы да далейшых перамоваў з Атэнамі. Аднак умовы для выдзяленьня Грэцыі новага пакету фінансавай дапамогі не выкананыя", – ляканічна зазначыў у сваім камюніке прэс-сакратар нямецкага ўраду.

Новыя перамовы міністраў фінансаў краінаў Эўразьвязу па справе грэцкага крызысу пройдуць у аўторак.

Падрыхтаваў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт