Пэрспэктыва дэфолту Грэцыі становіцца рэальнасьцю. Сустрэча міністраў фінансаў краінаў Эўразоны ў панядзелак скончылася безвынікова. Грэцыя не пагаджаецца са скарачэньнямі бюджэтных выдаткаў, а Эўразьвяз не пагаджаецца без рэформаў даць грэкам чарговы крэдыт. Ці можа Грэцыя аб’явіць дэфолт? Што стане тады з валютай эўра і эўрапейскай эканомікай? Пра гэта ў экспэртаў пытаўся Аляксандар Папко.
Эўракамісія і Эўрапейскі цэнтральны банк патрабуюць ад Грэцыі падняць пэнсійны ўзрост да 67 гадоў, зьменшыць пэнсіі, і павысіць падаткі на лекі ды электраэнэргію. Без далейшага скарачэньня сацыяльных выдаткаў Грэцыя не атрымае крэдыту ў 5,6 мільярдаў эўра. Грошы патрэбныя Грэцыі... каб выплаціць крэдыт 1,6 мільярды эўра, узяты раней у Міжнароднага валютнага фонду.
Грэцкі ўрад не пагаджаецца на скарачэньні, таму на пачатку ліпеня можа адмовіцца вяртаць крэдыты. На жаль, дэфолт становіцца ўсё больш рэальным. Гэта ўжо не страшылка, якой Афіны шантажавалі крэдытораў – кажа экспэрт Польскага інстытуту міжнародных стасункаў Патрык Тапароўскі.
Грэцыя не зьяўляецца вялікай краінай. Яе эканоміка не дасягае нават 2% ВУП Эўразьвязу. Аднак дэфолт Афінаў падарве давер для эўрапейскай валюты.
П. Тапароўскі: Фінансісты палічаць, што сытуацыя ў Эўразоне небясьпечная. Курс эўра ў адносінах да даляра панізіцца. Упадзе вартасьць каштоўных папераў краінаў Эўразоны. Акрамя таго, менавіта краіны, якія ўвялі валюту эўра (Нямеччына, Францыя, Гішпанія, Бэльгія, Італія), выдалі Грэцыі крэдыты на суму 194 мільярды даляраў. Калі Грэцыя аб’явіць дэфолт, гэтыя пазыкі ператворацца ў чыстыя страты. Гэта пагоршыць фінансавую сытуацыю такіх краінаў, як Гішпанія ці Італія. Іх уласная запазычанасьць перавышае 120% ВУП. Можа выйсьці так, што яны самі будуць патрабаваць эканамічнай дапамогі.
Грэцкія палітыкі і міжнародныя СМІ заяўляюць пра магчымы выхад Грэцыі з Эўразоны. Аднак увядзеньне ўласнай валюты, яе дэвальвацыя і наступнае зьбядненьне насельніцтва – гэта дрэнная альтэрнатыва скарачэньню выдаткаў, кажа прафэсар Інстытуту эўрапейскіх дасьледаваньняў Варшаўскага ўнівэрсытэту Павал Баркоўскі. Як дэвальвацыя, так і скарачэньне дзяржаўных выдаткаў паправіць сытуацыю Грэцыі толькі на кароткі час. Краіне трэба зрабіць сваю эканоміку больш сучаснай і прадукцыйнай – кажа Павал Баркоўскі.
П. Бароўскі: Дзякуючы адзінай валюце можна было толькі на некаторы час пазьбегнуць праблемаў, зьвязаных з розьніцай у прадукцыйнасьці працы. Цэнтар Эўропы – Нямеччына, Галяндыя, Францыя – значна пераўзыходзіць па прадукцыйнасьці пэрыфэрыю, у тым ліку Паўднёвую Эўропу. Грошы, якія Эўразьвяз плаціў Грэцыі, не накіроўваліся на мадэрнізацыю эканомікі, а проста праядаліся. Грэцыі трэба зрабіць стаўку на новыя тэхналёгіі, на інавацыйнасьць. А гэта зноў патрабуе інвэстыцыяў.
Каб залатаць дзіры ў бюджэце, заробкі грэкаў павінныя ўпасьці амаль да ўзроўню польскіх. Грэкі лічаць такую пэрспэктыву непрымальнай – кажа Патрык Тапароўскі. Акрамя таго, скарачэньне бюджэтных выдаткаў без структурных рэформаў завядзе грэцкую эканоміку ў тупік.
П. Тапароўскі: Калі падаткі растуць і зьбіраюцца з усё большай колькасьці людзей, то гэта вядзе да закрыцьця вытворчасьцяў. Ужо сёньня ў Грэцыі шмат людзей жыве толькі з пэнсіяў, якія атрымліваюць іх старэйшыя сваякі, бо іншыя родзічы ўжо страцілі працу. Як падштурхнуць эканоміку? Гэта вялікая праблема грэцкага ўраду.
Адмова Грэцыі вяртаць пазыкі не заб’е эўрапейскай эканомікі, але напэўна панізіць курс эўра. Акрамя таго, банкруцтва Афінаў створыць вялікую дзіру ў фінансах буйных эўрапейскіх краін.
Шанцы адмовы Грэцыі ад эўра экспэрты ацэньваюць як невысокія. Вырашэньне праблемаў краіны ляжыць не ў скарачэньні бюджэтных выдаткаў і не ў выхадзе з Эўразоны, а ў павышэньні эфэктыўнасьці эканомікі. Як гэта зрабіць – пакуль не прыдумаў ніхто. А Грэцыя пакуль працягвае балянсаваць на мяжы дэфолту.
Аляксандар Папко