Усе мы абавязаныя ім жыцьцём. Яны ня толькі нарадзілі, але таксама выхавалі, давалі пачуцьцё бясьпекі, цяплыні і каханьня. У розных краінах сьвету ў розны час сьвяткуецца Дзень маці, у Беларусі – гэта 14 кастрычніка, у ЗША – другая нядзеля мая, гэты ж дзень зьяўляецца сьвяточным для маці з Фінляндыі, Даніі, Эстоніі, Нямеччыны, Турцыі, Бэльгіі ды шэрагу іншых краін. А ў Польшчы мамы сьвяткуюць 26 траўня. Сёньня мільёны польскіх мам пачулі шмат добрых словаў ад сваіх дзяцей, атрымалі мноства кветак і падарункаў.
У Дзень маці прынята віншаваць жанчын, якія ўжо маюць дзяцей, а таксама цяжарных – тых, хто рыхтуецца стаць мамай. Гэтым сьвята адрозьніваецца ад Жаночага дня 8 сакавіка, калі віншаванні прымаюць усе прадстаўніцы жаночай паловы чалавецтва.
Сьвята Маці існавала ўжо ў старажытнай Грэцыі і Рыму. Тады культ датычыў маці-багінь, сымбаляў плоднасьці і ўраджаю. Пазьней, з прыходам хрысьціянства, паявіўся іншы Бог. Але да традыцыі ўшаноўваньня маці вярнуліся ў 17-ым стагодзьдзі ў Англіі. А 26 траўня польскія мамы атрымліваюць як правіла падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі іх дзяцей, кветкі, ласункі. Мэта сьвята – падзякаваць мамам за іх працу, праявіць сваю любоў і пашану. Пра маці памятаюць ня толькі дзеці, але і дарослыя. Напрыклад, два гады таму дзякаваў сваёй маме прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі. У відэазапісе, які паявіўся ў інтэрнэце, ён адзначаў, чым мы абавязаны нашым мамам.
Б. Камароўскі: Мы ўдзячныя ім і за нараджэньне, і выхаваньне, і часам удзячныя ім за боль мацярынскага сэрца за нас, і за радасьць, і за клопат. За ўсё гэта я сардэчна дзякую і жадаю ўсім мамам у Польшчы, каб яны часта адчувалі і шчасьце, радасьць за сваіх дзяцей, і ўдзячнасьць ад іх імя.
А пажаданьні ад самых маленькіх дзяцей, хоць гучаць амаль аднолькава, на самой справе зусім розныя, таксама, як кожная мама, якая пачуе гэтыя пажаданьні.
Дзеці: Мы з братам жадаем шмат здароўя, шмат посьпехаў.
Шмат каханьня і шмат посьпехаў.
Шмат шчасьця, шмат посьпехаў.
А вось у горадзе Катавіцэ з нагоды Дня маці сёньня пачаў сваю дзейнасьць Клюб мамачкі (Klub Mamuśki). Клюб – гэта ідэя, створаная чатыры гады таму, такія месцы існуюць таксама ў іншых гарадах краіны, – адзначае заснавальніца таварыства Эльжбета Возьняк-Лойчук.
Э. Возьняк-Лойчук: Нашым меркаваньнем, шчасьлівая мама – гэта шчасьлівае дзіця, шчасьлівая сям’я. І мы хочам даць мамам такую магчымасьць пабыць без дзяцей. Цягам трох гадзін, а столькі працягваюцца сустрэчы, мама можа паразмаўляць з іншымі маці, падзяліцца сваімі праблемамі, пачуць увагі іншых. Галоўнае – пабыць у іншай атмасфэры, каб з новымі сіламі вярнуцца да дзяцей, да сваіх абавязкаў. Мацярынства – гэта цудоўная рэч, хаця здараюцца цяжкія хвіліны, калі хочацца выйсьці і не вярнуцца. Але ўсьмешка нашых дзяцей дае нам сілу. І я жадаю ўсім мамам перш за ўсё ўсьмешак. Калі мама ўсьміхаецца, то і дзіця ўсьміхаецца. А ўсьмешка дзіцяці – гэта сьведчаньне таго, што яго любяць, што яно здаровае, і разам мы можам зрабіць усё.
Многія жанчыны пачуюць у гэты дзень шмат словаў удзячнасьці ад сваіх дзяцей, некаторыя таксама ад мужоў і партнэраў. Гэта, канешне, прыемна, але на самой справе многія жанчыны былі б больш задаволеныя і шчасьлівыя, калі б адчувалі гэтую ўдзячнасьць ня толькі раз у год, 26 траўня, а штодзённа. Каб дзеці дапамагалі ў хатніх абавязках, каб таксама тата, а ня толькі мама, адвозіў і забіраў дзяцей з дзіцячага садка і са школы, каб хадзіў на школьныя сходы, мыў падлогу і туалет. Туалет – гэта не выпадковы прыклад. З апытаньняў, праведзеных у Польшчы, вынікае, што толькі 3 адсоткі мужчын займаюцца гэтым хатнім заняткам. І 97% жанчын.
Таксама ўсе чакаюць ад жанчын, што яны зоймуцца дзецьмі і домам. А жанчыны хацелі б мець магчымасьць спалучаць прафэсійную дзейнасьць і хатнія абавязкі. Без дапамогі мужчын гэта практычна немагчыма. Дзеля гэтага павінен зьмяніцца таксама падыход саміх жанчын. У Польшчы існуе культ Маці Полькі – жанчыны, якая павінна ўсім заняцца, з усім спраўляцца і ніколі не скардзіцца. На шчасьце, усё часьцей жанчыны разумеюць, што такі падыход вядзе прама ў кабінэт псыхіятра, што жанчыны павінны ўмець прасіць дапамогі ў сваіх блізкіх, не саромецца, калі ў іх нешта не атрымлівацца. Няма ідэальных людзей, і таксама няма ідэальных маці. А мы жадаем усім мамам як мага часьцей ганарыцца за сваіх дзяцей, і не старацца быць ідэальнымі, а толькі добрымі маці.
нг