Прэзыдэнт Украіны Парашэнка павінен паводзіць сябе як канцлер Заходняй Нямеччыны Адэнаўэр: не прызнаваць падзелу дзяржавы, аднак старацца пабудаваць пасьпяховую краіну на тэрыторыі, якую кантралюе Кіеў. Такога меркаваньня прытрымліваецца гісторык Ігар Тарбакоў, выкладчык унівэрсытэту ў швэдзкім горадзе Упсала. Экспэрты з вядучых эўрапейскіх дасьледчых цэнтраў сабраліся ў Варшаве, каб ацаніць перамены, якія адбыліся ва Ўкраіне за мінулы год і спрагназаваць разьвіцьцё падзей.
Эканамічная сытуацыя ва Ўкраіне застаецца вельмі складанай: грыўна абясцэнілася ў больш як тры разы, заробкі насельніцтва ўпалі, валавы ўнутраны прадукт скараціўся на 7%. Сытуацыя цяжкая, але далёка не катастрафічная, кажа эканаміст Рыкарда Гучы. Ён зьяўляецца кіраўніком Нямецкай дарадчай групы, якая кансультуе ўкраінскі ўрад. Вытворчасьць упала толькі ў ахопленым вайной Данбасе. Іншыя прадпрыемствы працуюць і нават нарошчваюць экспарт. У краіне пачынаюцца эканамічныя рэформы. Сытуацыя ў фінансавым сэктары насамрэч складаная. Але справіцца зь ёй дапаможа крэдыт МВФ – пераконвае экспэрт.
Р. Гучы: Журналісты блытаюць эканамічную і фінансавую сытуацыю. Эканамічная сытуацыя праблематычная, але не катастрафічная. Большую трывогу выклікае фінансавая сытуацыя: бюджэт, курс грыўні й банкаўскі сэктар. Сапраўдныя праблемы там, а не ў сфэры вытворчасьці. Аднак чатырохгадовая праграма Міжнароднага валютнага фонду павінна даць вялікі штуршок да паляпшэньня фінансавай сытуацыі.
Ці стомленыя эканамічным крызысам ды расейскай ваеннай агрэсіяй украінцы ня думаюць, што пачынаць Майдан было ня варта?
Расчараваньня ў рэвалюцыі ва Ўкраіне пакуль няма – кажа экспэрт кіеўскага Цэнтра Гаршэніна Дзьмітры Астравушка. Украінцы гатовыя ісьці на ахвяры, каб дабіцца пераменаў, аднак цярплівасьць іх таксама не бязьмежная – кажа аналітык.
Д. Астравушка: Расчараваньне ў самім Майдане няма. Людзі лічаць, што ён працягваецца. Расчараваньне заключаецца ў тым, што праз год пасьля перамогі Майдану абяцаньні палітыкаў альбо ня выкананыя, альбо выкананыя толькі часткова. Калі нейкія рэформы пачынаюцца, то дзякуючы ціску самога грамадзтва. Людзі перажываюць вялікія цяжкасьці – і эканамічныя, і сацыяльныя. У краіне ідзе вайна. Узровень крытыкі ў стасунку да палітыкаў вельмі высокі. Згодна з нашымі дасьледаваньнямі, ажно 39% людзей гатовыя выйсьці на новы Майдан калі пераменаў не адбудзецца. І не выходзяць яны толькі таму, што разумеюць, што гэта зьнішчыць краіну. Гэта значыць, людзі ставяцца сьвядома да таго, што яны робяць.
Рэформы ў галіне барацьбы з карупцыяй, правасудзьдзя, падаткаабкладаньня, аховы здароўя, якіх вельмі чакаюць украінцы, яшчэ не пачыналіся. Ці ёсьць небясьпека таго, што ўкраінская рэвалюцыя скончыцца нічым, як гэта было пасьля 2004 году?
Малаверагодна, што цяперашні Майдан скончыцца новай карумпаванай алігархіяй – кажа экспэрт гішпанскага Фонду міжнародных стасункаў і дыялёгу Натальля Шапавалава.
Н. Шапавалава: Людзі спадзяюцца рэформаў, аднак у адрозьненьне ад 2004 году, яны больш гатовыя браць адказнасьць на сябе. Я не кажу, што адбыліся радыкальныя перамены, але людзі ўжо спадзяюцца на палітыкаў нашмат менш і нашмат больш разьлічваюць на свае сілы. У адрозьненьне ад 2004 году, ва Ўкраіне лепшая ўнутраная сытуацыя для рэформаў і нашмат горшая сытуацыя зьнешняя. Працягваецца эканамічны крызыс і вайна. Існуе пагроза самаму існаваньню ўкраінскай дзяржавы.
Самай галоўным пытаньнем, якое стаіць перад украінскім урадам, зьяўляецца спыненьне вайны Данбасе. Вярнуць Данбас пад свой кантроль Кіеву ня ўдасца, бо гэтага не дазволіць Расея – кажа дасьледчык з унівэрсытэту Упсалы Ігар Тарбакоў.
І. Тарбакоў: Пуцін ня хоча даць Украіне магчымасьць «сысьці ў Эўропу», правесьці сур’ёзныя рэформы стаць прыкладам для людзей, якія жывуць у Расеі. На жаль, ключ ад рашэньня данбаскай праблемы ляжыць Крамлі.
Аднак гэта не азначае, што ўкраінцы нічога ня могуць зрабіць. Яны павіныя пабудаваць нармальную эўрапейскую дзяржаву там, дзе гэта магчыма – лічыць Ігар Тарбакоў.
І. Тарбакоў: Украінцам ня варта імкнуцца аднавіць поўны кантроль над Данбасам – Пуцін проста ня дасьць гэтага зрабіць. У пэўнай ступені ім прыйдзецца зьмірыцца. Магчыма, ім варта заняць пазыцыю, якую заняў у канцы 40-х гадоў канцлер Адэнаўэр. Фактычна й юрыдычна ён не прызнаваў падзелу Нямеччыны, аднак праводзіў сур’ёзныя рэформы, ствараў нармальную дзяржаву на той тэрыторыі, якую ён кантраляваў.
Украінскі ўрад павінен не адкладваць рэформы, а праводзіць іх як мага хутчэй – падкрэсьліў Ігар Тарбакоў. Вяртаньне жа Данбасу й Крыму – гэта пытаньне далёкай будучыні, бо вырашыць яго можна будзе толькі тады, калі ў самой Расеі зьменіцца палітычны рэжым.
Аляксандар Папко