Logo Polskiego Radia
Print

Як сьвяткуюць Каляды на Каўказе?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 06.12.2014 06:12
Мы пазнаёмім вас з прысмакамі грузінскай і армянскай кухні, раскажам, што такое чычылакі й як выглядае аліло.
Фота: enjoyarmenia.comФота: enjoyarmenia.com

Каляды ва ўсіх краінах – гэта сям’я, стол з найлепшымі прысмакамі, чаканьне цуда. Сёньня мы раскажам, як сьвяткуюць Раство хрысьціянскія народы Каўказу – грузіны й армяне. Пра тое, калі ў Грузіі ды Армэніі сьвяткуюць Каляды, што гатуюць на сьвяточную вячэру й хто дорыць дзецям падарункі, расказвае Аляксандар Папко.

У Армэніі Раство пачынаюць сьвяткаваць не 25 сьнежня, а 5 студзеня. І прычына гэтага ня ў тым, што адстае царкоўны каляндар, а ў тым, што армянская царква прытрымліваецца вельмі старажытнай традыцыі. Некалі ўсе цэрквы сьвяткавалі нараджэньне Хрыста менавіта 6 студзеня.

Увечары 5 студзеня армяне ідуць у царкву. Падчас службы яны запальваюць сьвечкі, якія сымбалізуюць Бэтлеемскую зорку, і прыносяць іх дадому. Затым сям’я зьбіраецца за сьвяточным сталом. У калядны вечар ня ладзіцца шумных застольляў – расказвае жыхарка Ерэвану Дзіяна.

Дзіяна: Раство – гэта вельмі сямейнае сьвята. У вечар перад Раством мы ідзем у царкву. У нас няма традыцыі сьпяваць калядныя песьні дома, але мы слухаем калядныя сьпевы там. Пасьля новага году родныя й сябры наведваюць адзін аднаго, часта зьбіраюцца вельмі вялікія кампаніі. Аднак на калядную вячэру зьбіраюцца толькі самыя блізкія родныя.

Калядам папярэднічае вельмі строгі пост. Таму на сьвяточнай вячэры няма мясных страваў. Аднак армянская кухня настолькі багатая, што нават посныя стравы прыйдуцца даспадобы любому гурману. Пра калядную вячэру распавядае ерэванская студэнтка Татэв.

Татэв: Галоўнае ўпрыгожаньне стала – чамічов плав. Гэта плоў з 12 сушанымі фруктамі (разынкамі, сьлівамі, курагой і інш). Рыс сымбалізуе народ, а сухафрукты – 12 апосталаў. Другое блюда – ішхан дзук. Гэта прыгатаваная рознымі спосабамі фарэль. Таксама на стале абавязкова будзе пасцу-талма. Гэта посныя галубцы з начынкай з варанай фасолі й чачавіцы. Акрамя таго мы п’ем крыху чырвонага віна. Гэтыя стравы можна знайсьці на стале ў любой армянскай сям’і.

А 6 студзеня пост заканчваецца - ўжо можна ласавацца шашлыкамі, пловам зь мясам, лівернай кілбасой і шматлікімі іншымі прысмакамі. Раніцай у царкве адбываецца урачыстая літургія. Сьвятар асьвячае ваду, якую вернікі забіраюць дадому.

Татэв: 6 студзеня мы ідзем у сабор, дзе ўдзельнічаем у службе, якую вядзе галава армянскай царквы – каталікос. Ад раніцы 6 студзеня ўсе вітаюць адзін аднаго спэцыяльным прывітаньнем: “Хрыстос нарадзіўся й нам аб'явіўся!” А ў адказ кажуць: “Хай будзе блаславёнае нараджэньне Хрыста!”

У Армэніі няма традыцыі дарыць дзецям падарункі на Раство. Таму падарункі армянскім дзецям прыносіць не Сьвяты Мікалай, а Каханд Пап – больш вядомы нам як Дзед Мароз. Адбываецца гэта 1 студзеня.

Грузіны, як і праваслаўныя хрысьціяне ў Беларусі, сьвяткуюць Раство 25 сьнежня паводле юліянскага каледару – гэта значыць 6 студзеня паводле грыгарыянскага. У гэты дзень на акне кожная сям’я запальвае сьвячу, якая сымбалізуе Бэтлеемскую зорку. Калядны вечар пачынаецца ў царкве – расказвае жыхарка Тбілісі Саламэ.

Саламэ: У вечары 6 студзеня грузіны цэлымі сем’ямі ідуць у царкву. Вельмі рэлігійныя людзі праводзяць там ноч. Яны ўдзельнічаюць у сьвяточнай літургіі. Каляды – гэта час, калі заканчваецца пост. Таму гэта шчасьлівы момант для кожнага грузіна. 7 студзеня людзі зьбіраюцца дома, накрываюць традыцыйны стол, запрашаюць сваякоў і сяброў. Яны п’юць добрае віно, віншуюць з Раством і жадаюць адзін аднаму шчасьця. Гэта сьвята для ўсіх, калі людзі розных пакаленьняў радуюцца разам.

Грузія славіцца сваёй кухняй, таму калядны стол выглядае надзвычай багата.

Саламэ: Індычка пад соўсам сацыві – гэта самая традыцыйная ежа, якая павінна быць на стале ў кожнай грузінскай сям’і. Сацыві – гэта соўс які робіцца з грэцкіх арэхаў, кінзы й вялікай колькасьці розных прыправаў. Таксама на стале павіная быць чурчхела – выцягнутыя батончыкі засушанага вінаграднага соку з грэцкімі арэхамі ўнутры. Акрамя таго, на Раство мы частуемся газінакамі (казінакамі), зробленымі зь мёда й арэхаў. І канешне п’ем віно – гэта таксама вельмі важная частка каляднага стала.

Так
Так выглядаюць чычылакі. Фота: Wikipedia.


Замест прывычнай нам каляднай елкі ў дамах на захадзе Грузіі ставяць чычылакі. Гэта высушаны прут арэшніка, які абстругваюць з аднаго канца так, каб доўгія стружкі трымаліся на другім канцы. Атрымліваецца кудравае сьвяточнае дрэўца, якое ўпрыгожваюць слодычамі.

У Грузіі, як і ў Армэніі, падарункі дзецям дораць не на Раство, а на Новы год. Грузінскага Дзеда Мароза завуць Товліс Папа. Аднак дзеці не застаюцца пакрыўджанымі й на Каляды. Яны бяруць удзел у працэсіі Аліло. Гэта галоўная калядная традыцыя Грузіі.

Калядная
Калядная працэсія Аліло. Фота: Wikipedia.

Пасьля ранішняй службы з царквы вырушае мноства людзей. Наперадзе ідуць дзеці ў касьцюмах анёлаў. За імі ў ідуць хлопцы, апранутыя ў кажухі пастухоў, а таксама сьвятары. Працэсія зьбірае грошы, цацкі й слодычы, якія пазьней аддаюць сіротам і дзецям зь бедных сем’яў. Аліло - гэта й песьня, якую сьпяваюць калядоўшчыкі. Традыцыя калядных песьняў мае ў Грузіі вельмі старажытную гісторыю.

У якой краіне вы б ні былі, Раство паўсюль будзе галоўным сьвятам сям’і. Жадаем вам шчасьлівых сямейных Калядаў і ўдалага новага году!

Аляксандар Папко

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт