Logo Polskiego Radia
Print

Алігархія, карупцыя й міграцыя – праблемы сучаснай Армэніі

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 01.12.2014 06:42
  • Алігархія, карупцыя й міграцыя – праблемы сучаснай Армэніі.mp3
1 студзеня да Мытнага зьвязу далучыцца Армэнія. Сёньня краіна перажывае ня самыя лепшыя часы.

1 студзеня 2015 году да Эўразійскага эканамічнага зьвязу далучыцца Армэнія. Краіна, вядомая сваёй старажытнай культурай і гасьцінным народам перажывае сёньня ня самыя лепшыя эканамічныя часы. Пра штодзённае жыцьцё людзей у новай краіне-сябры Мытнага зьвязу распавядае Аляксандар Папко.

Сталіца Армэніі Ерэван сустракае гасьцей багатымі гатэлямі, шырокімі вуліцамі, дарагімі машынамі, утульнымі кавярнямі. Аднак трохмільённая Армэнія – зусім не багатая краіна. Гадавы даход армяніна у два разы меншы за даход сярэдняга беларуса. Жыцьцё па-за Ерэванам вельмі моцна адрозьніваецца ад жыцьця ў сталіцы – распавядае армянскі палітоляг Армэн Грыгаран.

Фота:
Фота: armradio.am

А. Грыгаран: Асноўныя эканамічныя рэсурсы, вялікія кампаніі і дзяржаўныя ўстановы сканцэнтраваныя ў Ерэване. Сярэдні заробак у Ерэване раўняецца 300 далярам. І людзі, якія жывуць тут, трацяць больш. Менавіта таму тут знаходзяцца самыя багатыя клюбы, кафэ і рэстараны. У іншых гарадах сытуацыя, на жаль, выглядае іначай.

Па-за сталіцай Армэніі людзі працуюць за заробкі ў 120-130 даляраў. Сярод іх – мой наступны суразмоўца таксіст Сагатэл.

Армяне робяць бізнэс паўсюль, акрамя самой Армэніі – скардзіцца ён. Эканоміка не разьвіваецца, бо весьці бізнэс, ня маючы сувязяў і не плацячы хабару чыноўнікам у краіне амаль немагчыма. Сагатэл з настальгіяй прыгадвае часы Перабудовы, калі ў яго была невялічкая фірма, а прадпрымальнікам не перашкаджалі сквапныя чыноўнікі і канкурэнты «з сувязямі»

/

Сагатэл: Дайце людзям спакойна працаваць! Калі чалавеку спакойна, ягоная галава і рукі працуюць. Краіну падзялілі. Тыя, што знайшлі сабе “крышу”, разбагацелі – і задушылі ўсіх астатніх.

Каб дабрацца да сяла Аржыс, якое ляжыць ў маляўнічай даліне недалёка ад мяжы з Карабахам, трэба пераадолець два горныя ланцугі. Нягледзячы на тое, што вёска знаходзіцца ў трох кілямэтрах ад ажыўленай трасы, зімой дабрацца сюды бывае цяжка – дарогу засыпае сьнегам.

Нас гасьцінна сустракаюць настаўнікі мясцовай школы. На працягу апошніх 20 гадоў з-за недахопу сродкаў яна прыйшла ў аварыйны стан: працякаў дах, пачалі рассыпацца сьцены. Школа ў Аржысе ня мела грошай нават на набыцьцё мэблі. На аднаго вучня яна атрымлівае ў год усяго каля 20 эўра. Настаўнікам аказала дапамогу польская амбасада – распавядае дырэктар Валодзя Аўсепян.

/

В. Аўсепян: Пасля землятрусу 1988 году пачалася вайна ў Карабаху. Затым наступіў доўгі эканамічны спад. У дзяржавы і мясцовых уладаў не было сродкаў на падтрымку школаў. Вельмі маую колькасьць удалося ўтрымаць у добрым стане. У гэтых цяжкіх умовах польская амбасада працягнула нам руку дапамогі. З яе дапамогай мы адрамантавалі 10 клясаў, купілі парты і сталы, адрамантавалі санвузлы і настаўніцкую. Мы вельмі ўдзячныя за гэта амбасадзе і ўсяму польскаму народу. Дзякуем вам!

Калі 10 гадоў таму ў школе ў Аржысе вучыліся амаль 300 дзяцей, то цяпер – толькі 108. Працы ў горнай вёсцы няма, і таму людзі выяжджаюць цэлымі сем’ямі, асабліва ў апошнія 2 гады – са смуткам зазначае лябарантка Анаіт Джавалян.

/

А. Джавалян: Наша сярэдняя школа некалі была вялікай, бо вёска была вялікай таксама. А цяпер вялікая міграцыя – людзі зьяжджаюць. У гэтым годзе ў 12 клясах у нас навучаецца 108 вучняў. Ёсьць клясы, у якіх толькі па 5 вучняў.

Беспрацоўе і вялікая міграцыя – гэта праблема ня толькі сельскіх рэгіёнаў. Паводле падлікаў некаторых экспэртаў, з 3-мільённай Армэніі ў пошуках лепшай долі выехалі каля 200 тысячаў чалавек.

Мхэр – студэнт юрыдычнага факультэту з Ерэвана. Ён вельмі любіць сваю краіну, але вырашыў эміграваць, бо бяз сувязяў ані весьці бізнэс, ані зрабіць кар’еру на радзіме немагчыма.

/

Мхэр: Тут знаходзяць сабе месца толькі тыя, хто “умее жыць”. У нас алігархічная сыстэма. Сярэдняга клясу няма. Ёсьць альбо багатыя, альбо бедныя. У нас беспрацоўе, таму ўсе хочуць зьехаць. Але я не хачу выехаць і не вяртацца. Я хачу нечага дасягнуць у Францыі, каб я мог дапамагчы сваёй краіне.

З-за карабаскага канфлікту межы Армэніі з Азербайджанам і Турцыяй застаюцца зачыненымі. Унутраны рынак краіны занадта малы, Армэніі неабходна разьвіваць экспарт. Шмат хто спадзяецца, што ўступленьне ў Эўразійскі эканамічны зьвяз адкрые доступ да расейскага рынку. Аднак мытаў для армянскіх тавараў на расейскім рынку й так няма. Каб краіна пачала экспартаваць, неабходна не ўступаць у эканамічныя саюзы, а пазбавіцца ад алігархічнай сыстэмы эканомікі – тлумачыць палітоляг Армэн Грыгаран. У Армэніі блізкія да ўлады бізнэсмэны ствараюць манаполіі й душаць канкурэнтаў – кажа экспэрт.

А. Грыгаран: Галоўныя нашыя праблемы вынікаюць з алігархіі і дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. У нас абмяжоўваюць канкурэнцыю і не даюць людзям зарабляць, не даюць функцыянаваць рынку.

Толькі перамены ў кірунку дэмакратыі, празрыстасьці ўладаў дадуць краіне шанец разьвівацца – лічыць экспэрт. Галоўны патэнцыял Армэніі – гэта яе высокаадукаваныя людзі з прадпрымальніцкім характарам, якія маюць кантакты па ўсім сьвеце. Нельга забываць, што ўсяго 8 гадоў таму гэтая краіна разьвівалася рэкордна хуткімі тэмпамі – больш за 10% у год. “Я веру ў Армэнію, якая будзе. У нас усё будзе добра, але гэтых пераменаў павінныя дабіцца мы самі” – кажа студэнт Мхэр. Але пакуль што ён шукае, як дапамагчы сваім родным, працуючы за мяжой.

Аляксандар Папко, Ерэван

Каб
Каб з Ерэвана дабрацца да вёскі Аржыс на поўдні Армэніі трэба перасекчы два горныя ланцугі.


Па
Па дарозе мінаем горныя вёскі, якія хаваюццца ў аблоках.

/

Вучні
Вучні невялікай вясковай школы радыя прыезду замежных гасьцей.

Пасьля
Пасьля таго, як у вёсцы зачынілі кацельную, школьныя клясы прыходзіцца абаграваць "буржуйкамі". Умовы суровыя, але дзеці хочуць вучыцца...

Від
Від на гару Арарат з горнай дарогі.

Вуліца
Вуліца ў Ерэване.

Агні
Агні начнога Ерэвана.


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт