25 гадоў таму, 12 лістапада 1989 году, у вёсцы Кшыжова ля Сьвідніцы ў Ніжняй Сілезіі адбылася гістарычная Імша прымірэньня з удзелам тагачасных прэм'ер-міністраў Польшчы й Нямеччыны -Тадэвуша Мазавецкага й канцлера Гельмута Коля. Гэта падзея стала паваротным момантам у польска-нямецкіх адносінах.
З нагоды 25-годзьдзя гістарычнай Імшы прымірэньня сёньня ў Кшыжовай заплянаванае адмысловае экумэнічнае набажэнства, а таксама міжнародная канфэрэнцыя на тэму значэньня польска-нямецкага прымірэньня.
20 лістапада 25-годзьдзе гістарычнай падзеі ў Кшыжовай адзначаць прэм'ер-міністар Эва Копач і канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель.
Падчас сустрэчы першага некамуністычнага польскага прэм'ер-міністра Тадэвуша Мазавецкага й канцлера Гельмута Коля ў 1989 годзе не было падпісана ніякіх канкрэтных дамоваў. Спатканьне мела вялікае сымбалічнае значэньне – яно было часткай візыту Гельмута Коля ў Польшчы.
Візыт канцлера пачаўся 9 лістапада 1989 году. У той жа дзень дайшло да разбурэньня Бэрлінскага муру. У сувязі з гэтым Гельмут Коль быў вымушаны спыніць візыт і вярнуцца ў Бэрлін. Ён вярнуўся працягваць візыт у Польшчы праз два дні, 11 лістапада.
Лёзунгам пропаведзі, якую падчас імшы прачытаў Апольскі біскуп Альфонс Носаль былі словы: „Ісьці разам – прыміраныя ў праўдзе й любові”.
Каталіцкі ерарх падкрэсьліваў тады, што дар узаемнага прабачэньня зьяўляецца гераізмам, неабходным для таго, каб стварыць новы разьдзел у суіснаваньні двух, дасьведчаных гісторыяй народаў.
Альфонс Носаль: Мы павінны настойліва прасіць Хрыста, каб ён даў нам ласку, якая вядзе да сапраўднага й трывалага прымірэньня паміж нашымі народамі.
Падчас імшы, пасьля слоў „Перадайце сабе знак міру!”, канцлер Коль і прэм'ер Мазавецкі падняліся з каленяў і абмяняліся доўгім поціскам рукі. Фотаздымак, які паказваў гэты момант, на наступны дзень зьявіўся на першых старонках сусьветных СМІ. Ён стаў сымбалем адкрыцьця новага этапу ў польска-нямецкіх адносінах.
У сваім выступленьні, пасьля заканчэньня набажэнства, прэм'ер-міністар Тадэвуш Мазавецкі пераконваў што Імша прымірэньня будзе ўмацоўваць пачуцьцё братэрства паміж польскай і нямецкай нацыямі.
Тадэвуш Мазавецкі: Мы павінны забраць з гэтай імшы ўзмоцненую волю, узмоцненае пачуцьцё братэрства. Хай яны распаўсюджваюцца паміж нашымі народамі й сярод нас самых таксама.
Пасьля імшы канцлер Гельмут Коль выказаў надзею, што з Кшыжовай – месца ўзьнікненьня шматлікіх духовых традыцыяў Нямеччыны, польска-нямецкае сяброўства пойдзе ў напрамку новай, свабоднай Эўропы.
Гельмут Коль: Давайце пойдзем ад алтара ў напрамку дабрай, мірнай, блаславёнай Богам будучыні нашых народаў - польскага народа, нямецкага і ўсіх нас у Эўропе.
Падчас Другой сусьветнай вайны ў Кшыжовай дзейнічала адна з груп супраціву ў Трэцім Рэйху пад назвай „Кола з Кшыжовай”.
Група аб’ядноўвала нямецкую антыфашысцкую апазыцыю, якая ўзьнікла па ініцыятыве Гельмута Джэймса фон Мольтке й Пэтэра Ёрка фон Вартэнбурга.
Мэтай дзейнасьці арганізацыі была распрацоўка асноваў новага палітычнага й грамадзкага парадку, на аснове прынцыпаў фэдэралізму, правоў чалавека й хрысьціянскай грамадзкай думкі. Гэты лад павінен быў ажыцьцявіцца пасьля падзеньня нацысцкага рэжыму.
Назва „Кола з Кшыжовай” была прыдумана гестапа. Яна не ўжывалася сябрамі групы.
Падчас візыту Гельмута Коля ў Польшчу ў 1989 годзе пачаліся польска-нямецкія перамовы па пытаньні аб непарушнасьці мяжы на Одэры й Нэйсе. Размовы па гэтай справе працягваліся яшчэ некалькі месяцаў.
У ліпені 1990 году лінію заходняй мяжы Польшчы прызналі парлямэнты ГДР і ФРГ. Дагавор, які канчаткова вырашыў гэтую справу, быў падпісаны ў лістападзе 1990 году.
Для Польшчы падпісаньне гэтага дакумэнта было заканчэньнем доўгага дыпляматычнага працэсу. Нагадаем, першая дамова адносна польска-нямецкай мяжы была падпісаная зь Германскай Дэмакратычнай Рэспублікай у 1950 годзе ў Згажэльцы. Аднак ФРГ адмовілася прызнаць гэтыя палажэньні, а яе Канстытуцыя прытрымлівалася нямецкіх межаў з 1937 году.
Польска-нямецкія адносіны палепшыліся толькі пасьля ўступленьня на пасаду канцлера Вілі Брандта. У 1970 годзе кіраўнікі ўрадаў ПНР і ФРГ падпісалі пагадненьне аб нармалізацыі адносінаў, у якой межавая лінія на Одэры й Нысе была прызнана заходняй мяжой Польшчы. Асноўныя палажэньні гэтай дамовы сталі падставай паразуменьня з 1990 году.
Палац сям'і фон Мольткэ, ля якога 25 гадоў таму служылася гістарычная імша прымірэньня, цяпер зьяўляецца сядзібай Фонду „Кшыжова” для Эўрапейскага паразуменьня.
аз