Польскія падлеткі два разы больш часу праводзяць перад кампутарам, чым займаючыся спортам. Сярэднестатыстычнае дзіця ў Польшчы сядзіць перад кампутарам больш за тры гадзіны ў дзень. Пра гэта сьведчыць апошні даклад, апублікаваны Галоўным статыстычным упраўленьнем, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
Экспэрты б'юць трывогу: маларухомы лад жыцьця зьяўляецца прычынай распаўсюджваньня эпідэміі атлусьценьня сярод падлеткаў і праблемаў з хрыбетнікам.
„Кожны год фізычная форма дзяцей у Польшчы пагаршаецца. Шмат сьведчыць пра тое, што цяперашняе маладое пакаленьне ня будзе жыць даўжэй, чым ягоныя бацькі”, - лічыць дзіцячы лекар Анджэй Вайтыла.
Паводле экспэртаў, праблемы са здароўем не былі б настолькі сур’ёзныя, калі б дзеці не праводзілі столькі часу перад кампутарамі.
Паводле дакладу Галоўнага статыстычнага ўпраўленьня, кожнае другое дзіця ва ўзросьце ад 10 да 14 гадоў праводзіць перад кампутарам амаль 2 гадзіны. У гэтым часе яны галоўным чынам гуляюць у кампутарныя гульні.
35% апытаных прызнаюць, што як мінімум 1,5 гадзіны ў дзень шукаюць у інтэрнэце розныя інфармацыі ці карыстаюцца сацсеткамі.
Дзеля параўнаньня ў свабодным ад вучобы часе спортам займаюцца толькі 40% дзяцей ва ўзросьце ад 10 да 14 гадоў. Гэткая актыўнасьць займае ня больш за 2 гадзіны.
Кнігі чытае толькі кожнае чацьвёртае дзіця, у сярэднім цягам гадзіны.
Гэта вынік ладу жыцьця бацькоў, тлумачыць дзіцячы псыхоляг Моніка Пэркоўска. Паводле яе, занятыя бацькі ня маюць часу гуляць зь дзецьмі. Тым больш, што з доступам да мультымэдыйных прыладаў няма ніякіх праблемаў.
Усё ж, на думку адмыслоўцаў, само карыстаньне кампутарам - гэта не праблема. Важна, каб кампутарныя гульні адпаведна выбіраць.
Важна таксама, каб гульня на кампутары не была адзінай формай актыўнага праводжаньня часу ў дзень. Псыхолягі перасьцерагаюць, што дзеці, якія больш часу праводзяць дома, чым на панадворку, маюць праблемы ў адносінах з калегамі.
Тым часам маларухомы лад жыцьця - гэта таксама праблема для арганізма маладога чалавека. Гаворка ідзе пра атлусьценьне й праблемы з хрыбетнікам. Мала руху на сьвежым паветры - гэта праблемы зь інфэкцыямі.
У сваю чаргу дрэнная форма ў дзяцінстве - гэта праблемы са здароўем у дарослым узросьце. Перш за ўсё гаворка ідзе пра хваробы сэрца й дыябэт, перасьцерагаюць экспэрты на старонках выданьня „Rzeczpospolita”.
аз