Гэта адбылося над Усходняй Украінай. Рэшткі самалёту знайшліся неўзабаве на тэрыторыі, якую кантралююць данецкія сэпаратысты, паблізу мяжы з Расеяй. Загінулі ўсе 298 пасажыраў.
Украінскія ўлады заявілі, што самалёт зьбілі ракетай зямля-паветра сэпаратысты. У сваю чаргу сэпаратысты пачалі перакладаць адказнасьць на ўкраінскі бок. Гэтай жа вэрсіі прытрымліваецца Крэмль. Аднак пакуль Маскву падтрымалі толькі далёкія сябры: Куба ды Вэнэсуэла. Рэшта сьвету адказнасьць ускладае на Крэмль, які ўзбройвае сэпаратыстаў. Апошнімі днямі ў іх зьявіліся расейскія зэнітныя комплексы “Бук”.
Не праясьняе сытуацыі й тое, што сэпаратысты абмяжоўваюць доступ да тэрыторыі, дзе ляжаць рэшткі самалёты. Яны нападаюць на экспэртаў ды ратаўнікоў, забіраючы целы ахвяр і часткі самалёту.
Пазыцыі заходніх краін агучылі міністры замежных спраў Польшчы, Нямеччыны ды Францыі. Яны дамагаюцца сьледзтва дзеля высьвятленьня прычын і абставінаў катастрофы. Гаворыць прэсавы сакратар польскага МЗС Марцін Вайцяхоўскі.
Марцін Вайцехоўскі: У першую чаргу міністры асуджаюць гэты акт, выказваюць глыбокае спачуваньне блізкім ахвяр і дзяржавам, якіх закранула дадзеная трагедыя. Яны рашуча заклікаюць спыніць любую дапамогу для сэпаратыстаў ва Ўсходняй Украіне. Апроч таго, міністры дамагаюцца аб’ектыўнага сьледзтва ў справе катастрофы ды поўнага доступу да месца катастрофы й доказаў, сабраных на месцы.
Міністры зазначылі, што трагедыя пасажырскага лайнэра сьведчыць пра тое, наколькі небясьпечнай стала сытуацыя ва Ўкраіне ды заклікалі спыніць ўзброеныя дзеяньні. Падобныя словы гучаць у самой Польшчы. Прэзыдэнт краіны Браніслаў Камароўскі заявіў, што сьвет павінен цяпер інакш глядзець да ставіцца да канфлікта ва Ўсходняй Украіне.
Браніслаў Камароўскі: Можна і трэба мець надзею, што некаторыя палітычныя колы пазбавяцца акуляраў ілюзій наконт сапраўднага характару канфлікта, сапраўдных, а не магчымых пагрозаў бясьпецы ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы на будучыню.
Яшчэ больш рашуча выказаўся міністар унутраных спраў Польшчы. Трэба казаць наўпрост, што ва Ўкраіне ідзе вайна.
Барталамей Сенкевіч: Вось ужо некалькі месяцаў мы бачым, што ідзе напад на сувэрэнітэт Украіны ды тэрытарыяльную цэласнасьць. Частка тэрыторыі Ўкраіны была захоплена Расеяй ды ўключана ў склад РФ. Ужо некалькі месяцаў працягваецца агрэсія праз мяжу з Расеі людзей са зброяй, якія выступаюць супраць легальна выбраных уладаў у Кіеве. Гэта фэ факта вайна, хоць кажуць, што яна новага тыпу, гібрыдная. Як-бы мы яе ні называлі, гэта вайна й парушэньне сувэрэнітэту адной дзяржавы іншай дзяржавай.
Менш аптымістычна й больш крытычна на справу глядзяць экспэрты. Так галоўны рэдактар парталу Estbook.eu Павал Ліцкевіч падкрэсьліў, што сумесная заява трох міністраў краін ЭЗ не ўскладае адказнасьці за трагедыю на Расею й не дамагаецца ад Масквы забраць сваіх прыхвасьняў з Усходу Ўкраіны.
Павал Ліцкевіч: Кепскім было б тое, што Польшча мусіла б размаўляць так, як буйныя краіны ЭЗ, то бок, казаць увесь час пра спыненьне, славутую нямецкую дээскаляцыю. Насамрэч там казаць трэба не пра дээскаляцыю, а пра ачышчэньне тэрыторыі ад тэрарыстаў ды гарантыі доступу да месца катастрофы. Гэтага не адбудзецца, калі Расейская фэдэрацыя не забярэ сваіх баявікоў з Усходняй Украіны. Гэтага няма, на жаль, у заяве трох міністраў замежных спраў.
Трагедыя малайзійскага самалёту скончыцца нічым, перакананы прафэсар Анджэй Гіль з Інстытуту Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Няма зацікаўленасьці мірным вырашэньнем сытуацыі.
Анджэй Гіль: Гэта ніякім чынам не прывядзе да палітычнага вырашэньня, бо няма такога жаданьня й волі. Для Заходняй Эўропы гэта настолькі далёкія справы, што нават гэтая трагедыя мала што зьменіць у стаўленьні да ўкраінскай праблемы ў заходніх грамадзтвах. Не выглядае на тое, што нехта з расейскага боку панясе адказнасьць, і не выглядае на тое, што Расею як дзяржаву пакараюць санкцыямі ды больш вострымі дзеяньнямі, хаця б байкотам.
Расея ды Ўкраіна будуць імкнуцца выкарыстаць зьбіцьцё самалёта ў прапагандысцкіх мэтах. Кіеў спадзяецца, што міжнародная супольнасьць зьменіць сваё стаўленьне да таго, што адбываецца на Ўсходзе Ўкраіны. Аднак экспэрты даюць хутчэй пэсымістычныя прагнозы.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч