Цывілізацыйныя xваробы — адна з самых буйных праблем разьвітых грамадзтваў і краін, якія пачалі хутка разьвівацца. Моцны ўплыў на рост захворваньняў аказвае тэхналягічны прагрэс і зьвязанае зь ім забруджваньне навакольнага асяродзьдзя. У сьпіс цывілізацыйных хвароб сёньня ўваходзяць, сярод іншага, цукровы дыябэт, залішняя вага, атлусьценьне, сардэчна-сасудзістыя захворваньні і рак. Апошнім часам усё часьцей называюцца таксама алергія і астма, асабліва ў дзяцей. Як сьцьвярджае СААЗ, у гарадах моцна пагаршаецца якасьць паветра, і гэта дрэнна ўплывае на нашае здароўе.
У буйных гарадах ва ўсім сьвеце працягвае пагаршацца якасьць паветра, што ўяўляе сабой сур'ёзную пагрозу для здароўя жыхароў, гаворыцца ў дакладзе Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ). Гэта пацьвярджаюць таксама польскія дасьледаваньні. У кожнага другога дзіцяці, якое жыве ў Кракаве, праяўляюцца сымптомы алергіі, якая зьяўляецца найбольш распаўсюджанай прычынай астмы. Вінаваты ў гэтым кракаўскі смог.
Навукоўцы Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя здасьледавалі 1600 гарадоў у 91 краіне. Толькі 12 адсоткаў насельніцтва гэтых гарадоў дыхае паветрам, якое СААЗ лічыць дапушчальным стандартам. Прыкладна ў палове гарадзкіх цэнтраў, дзе было праведзенае дасьледаваньне, узровень забруджваньня паветра як мінімум ў 2,5 разы перавышае агучныя СААЗ стандарты.
У многіх гарадах ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў найбольш забруджаныx, зьвесткі аб якасьці паветра не зьбіраюцца. Арганізацыя не змагла скласьці рэйтынгу забруджаных гарадоў менавіта з-за адсутнасьці дакладнай і поўнай інфармацыі.
Тым ня менш, як вынікае з дакладу, горшая якасьць паветра ў гарадах зьяўляецца вынікам залежнасьці ад выкапнёвых відаў паліва, такіх як, напр. вугаль, навалы прыватных транспартных сродкаў у цэнтрах, неашчаднасьці энэргіі ў будынках і выкарыстаньня біямасы для прыгатаваньня ежы і ацяпленьня.
Сытуацыя на вачах пагаршаецца ў большасьці краін, якія сталі на шлях разьвіцьця. У сваю чаргу ў найбагацейшых гарадах якасьць паветра паляпшаецца.
„Забруджваньне паветра аказвае адмоўны ўплыў на здароўе. Сытуацыя драматычная”, — сказала на прэс-канфэрэнцыі ў Жэнэве дырэктар па пытаньнях аховы грамадзкага здароўя Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя Марыя Нэйра. Паводле ацэнак СААЗ, з прычыны хвароб, выкліканых забруджваньнем паветра, у 2012 годзе памерлі 3,7 млн. чалавек ва ўзросьце да 60 гадоў.
У дакладзе Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя гаворыцца, што паказьнік забруданасьці паветра на поўначы Пакістану ў 20 разоў вышэйшы за дапушчальную днорму, у сталіцы Індыі Дэлі — у 28 разоў.
Між тым польскія навукоўцы сьцьвердзілі, што ў Кракаве дзеці значна часьцей пакутуюць ад астмы, чым у іншых буйных гарадах Польшчы. Так вынікае з дасьледаваньня, праведзенага ў шпіталі, які дзейнічае пры Мэдычным унівэрсытэце Кракава.
У цэлым у краіне астмай хварэе каля 4 адсоткаў дзяцей і дарослых. У Кракаве малодшыя пакутуюць ад гэтага захворваньня ўтрая часьцей, чым у іншых закутках Польшчы, кажа прафэсар Эва Чарнабільска з Аддзяленьня алергалёгіі Ўнівэрсытэцкага шпіталя ў Кракаве.
Эва Чарнабільска: У буйных гарадах значна больш выпадкаў бранхіяльнай астмы, асабліва сярод малодшых узроставых груп. У нашых дасьледаваньнях ажно 12% 7-8-гадовых дзяцей з усіх кракаўскіх школаў маюць сымптомы бранхіяльнай астмы.
Асноўная прычына такога стану — гэта забруджаньне паветра і смог, які навіс над Кракавам, падкрэсьлівае прафэсар Эва Чарнабільска.
Эва Чарнабільска: Мы параўналі частату выпадкаў бранхіяльнай астмы ў дзяцей, якія пражываюць побач буйных камунікацыйных шляхоў, у адлегласьці да 200 м і далей, чым 500 м. Сымптомы астмы назіраліся ўдвая часьцей у дзяцей, якія жылі да дарогі бліжэй.
У кожнага другога дзіцяці, якое жыве ў Кракаве, праяўляюцца сымптомы алергіі на нешта адно або на некалькі алергенаў адначасна, а менавіта алергія зьяўляецца найбольш распаўсюджанай прычынай астмы.
За апошні год у Кракаве лекары абсьледавалі 7,5 тысяч дзяцей ва ўзросьце 7-8 гадоў і моладзь 16-17 гадоў. Прафіляктычныя агляды фінансавалі гарадзкія ўлады Кракава.
эб