За гэты час арганізатары вылучылі шэраг пытаньняў, якія хвалююць беларусаў. Цяпер яны зьбіраюцца пераадрэсаваць іх дэпутатам, з патрабаваньнем правесьці рэфэфрэндум у краіне.
Ініцыятарамі кампаніі «Народны рэфэрэндум» сталі тры грамадзкія сілы ў Беларусі: Рух «За свободу», партыя БНФ ды грамадзянская кампанія «Гавары Праўду». Пазьней да кампаніі далучыліся іншыя палітычныя ды грамадзкія арганізацыі. За год працы актывісты кампаніі правялі апытаньне беларусаў, якія сацыяльныя, эканамічныя ды палітычныя праблемы краіны іх найбольш хвалююць.
Высьветлілася, што гэта 6 справаў: аплата за паслугі адукацыі й аховы здароўя, выбарнасьць мясцовых кіраўнікоў, напрамкі эканамічнай інтэграцыі, нэўтральнасьць беларускай дзяржавы без замежных вайсковых базаў, абмежаваньне тэрмінаў прэзыдэнцтва, напрамкі інвэставаньня сродкаў ад прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці. Інтарэс да дадзенай інцыятывы ў грамадзтве ёсьць, кажа прадстаўнік Руху «За свободу» Аляксандар Лагвінец.
Аляксандар Лагвінец: Людзі хочуць перамен да лепшага, але стаўленьне да ініцыятывы розьніцца. Ёсьць людзі, што маюць перасьцярогі, ёсьць такія, хто ў нішто ня верыць. Такі працэнт даволі высокі. Тыя, хто ставіць подпісы, зьвязваюць з народным рэфэрэндумам магчымасьць паўплываць на ўлады, паўплываць на зьмену сытуацыі ў Беларусі. Гэтыя людзі задумоўваюцца, у якім кірунку рухаецца наша краіна.
Наступным этапам кампаніі стаў збор подпісаў пад праектам рэфэрэндуму на дадзеныя пытаньні, які накіруюць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Гэты этап завяршаецца, бо сабрана ўжо больш за патрэбныя 50 тысяч. Гаворыць прадстаўнік кампаніі «Гавары Праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.
Андрэй Дзьмітрыеў: Зараз ідзе апрацоўка подпісаў і мы будзем зьвяртацца ў нацыянальны сход. Мы зьвернемся да кожнага дэпутата, каб яны пэрсанальна адказалі, ці яны за мірныя перамены, каб народ шляхам пераменаў выказаўся, ці супраць. Паралельна з гэтым мы працуем над нашымі адказамі. Ёсьць 6 пытаньняў, за год мы распрацуем 6 адказаў на іх, каб гэта стала праграмай зьменаў на базе пытаньняў, што задае большасьць беларусаў.
«Народны рэфэрэндум» паказаў, што праблемныя пытаньні ў людзей ёсьць. Цяпер трэба даць людзям адказы на гэтыя пытаньні, кажа Аляксандар Лагвінец.
Аляксандар Лагвінец: Збор подпісаў мабілізуе людзей на рэакцыю. Колькасьць сабраных подпісаў па народным рэфэрэндуме ўжо на сёньняшні дзень паказвае, што ў грамадзтве гэтая ідэя набыла пэўную моц. Наступным этапам павінна стаць рэалізацыя адной з галоўных задач Народнага рэфэрэндума – патлумачыць грамадзянам краіны, што трэба мяняць і якія ёсьць прапановы дэмакратычных сілаў.
Калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў адхіляць прапанову рэфэфрэндума, арганізатары працягнуць збор подпісаў. Дзеля таго, каб высунуць грамадзкі праект рэфэрэндума, ім спатрэбіцца 500 тысяч подпісаў. Андрэй Дзьмітрыеў перакананы, што гэта даступна, бо ў Беларусі як ніколі разумеюць патрэбу мірных пераўтварэньняў.
Андрэй Дзьмітрыеў: Мы зьбіраем падтрымку грамадзтва праз збор подпісаў і фармуем канкрэтную праграму пераменаў. Усё гэта будуецца на тым, што казалі нам людзі. Я нагадаю, што мы паўгоду езьдзілі па Беларусі, сустракаліся зь людзьмі, сабралі больш за 25 тысяч спэцыяльных анкет, каб даведацца, што людзі лічаць важным, і што трэба зьмяняць. Нашы пытаньні адпавядаюць грамадзкім настроям. Тое, што мы сабралі за 3 тыдні больш за 50 тысяч подпісаў у той час, калі ёсьць крызыс ва Ўкраіне, калі народ занепакоены, паказвае, што людзі разумеюць, як важныя сёньня мірныя рэформы ў Беларусі.
Кампанія «Народны рэфэрэндум» ладзіцца ў Беларусі, каб правесьці новы плебысцыт, які вызначыць, як і куды павінна разьвівацца Беларусь.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч