Logo Polskiego Radia
Print

Квітнеючая Беларусь?

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.01.2014 17:30
  • Квітней Беларусь.mp3
Беларусы павінны глядзець ў новы год з аптымізамам.
euroradio.fmeuroradio.fm

Да гэта іх заклікае дзяржаўная эканамічная навука. Паводле апошніх ацэнак, Беларусь насамрэч зьяўляецца “эканамічным тыграм”. Эканоміка краіны за апошнія дваццаць год расла 10-працэнтнымі тэмпамі, дабрабыт грамадзян падвайваўся. Цяпер краіну чакае пераход да якасных тэмпаў росту. Мы вырашылі праверыць гэтыя прагнозы.

За апошнія гады ў беларускіх СМІ на стала завітала слова “крызыс”. У першую чаргу яно датычыць беларускай эканомікі. Напрыклад, большую частку мінулага году беларускае насельніцтва правяло ў чаканьні чарговай дэвальвацыі. Гэта недальнабачны падыход, лічыць дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў. У адным са сваіх інтэрв'ю парталу soyuz.by ён зазначыў, што для правільнай ацэнкі трэба глядзець ў пэрспэктыве некалькіх, нават дзесяткаў гадоў. Толькі так можна пабачыць сапраўдныя эканамічныя дасягненьні краіны.

Міхаіл Кавалёў: З 1995 года, калі прэзыдэнтам стаў Аляксандар Лукашэнка, Беларусь вельмі дынамічна разьвіваецца. ВУП на душу насельніцтва з $3400 вырас да больш чым $16 тысяч у мінулым годзе - усяго за 18 год. Значыць, насельніцтва стала жыць амаль у 5 разоў лепш.

Аднак ня ўсе ў Беларусі падзяляюць аптымізм выкладчыка БДУ. Нельга адмаўляць росту дабрабыту ў Беларусі, але гэта шырэйшая рэгіянальная тэндэнцыя, зазначае палітоляг Аляксандар Лагвінец. Больш за тое, калі ўзяць пад увагу іншыя паказчыкі якасьці жыцьця тады можна пабачыць іншую карціну.

Аляксандар Лагвінец: За 20 год узровень жыцьця ў Беларусі вырас. Спрэчным ёсьць памер росту, але гэта частка рэгіянальнай дынамікі, ня толькі Беларусі. У Цэнтральнай Эўропе людзі сталі жыць больш заможна. У самой Беларусі сытуацыя неадназначная. Улады могуць выцягнуць паасобны аспэкты жыцьця, але гэтага ўсяго не адлюстроўвае. Мы бачым, што грамадзтва разьняверылася, шмат моладзі зьяжджае, не бачучы для сябе будучыні ў Беларусі. Гэта вялізарная праблема, якая паказвае, што заявы пра паляпшэньня якасьці жыцьця ня больш чым прапаганда.

Насамрэч якасьць жыцьця ў Беларусі – гэта ў першую чаргу вынік палітыкі напампоўваньня заробкаў ды захаваньня савецкай спадчыны, кажа эканаміст Міхась Залескі.

Міхась Залескі: Лукашэнка праводзіць ўвесь час палітыку Герка -- напампоўваньня заробкаў. Адсюль рост. Аднак, калі расьце ўзровень жыцьця, то істотным чынам працягваецца працягласьць жыцьця. У нас гэтага не назіраецца, мы па працягласьці жыцьця ў хвасьце Эўропы. Трымацца на плаву нам дазваляе татальнае мэдычнае назіраньне, практыка з савецкіх часоў. Так мы падтрымліваем пэўную якасьць, але гэта не дасягненьне сучаснай Беларусі, а парэшткі Савецкага Саюза. За апошнія ж гады вырасла эміграцыя зь Беларусі. Пры гэтым беларуская мадэль міграцыі бясплённая. Пры адсутнасьці кансалідацыі на базе нацыянальнай культуры, беларусы зьязджаюць і адаптуюцца да іншай культуры яшчэ ў першым пакаленьне. Увогуле ў краіне беларусаў засталося паўмільёна, калі браць па царскай статыстыцы, зьвязанай з роднай мовай. У побыце роднай мовай карыстаюцца паўмільёна чалавек у краіне.

Далейшая разьвіцьцё краіны хутчэй пойдзе па пэсымістычным сцэнары «дэпапуляцыі» рэшты краіны, прагназуе экспэрт.

Міхась Залескі: Людзі шукаюць якасьць жыцьця, перамяшчаючыся ў іншыя гарады. Таму ў нас будзе наступная мадэль: вялізны Менск на 3-4 мільёны. Там будуць віраваць усякія казіно ды бардэлі, ды ўсё іншае. Будзе пэўны капітал. На лепшых землях будзе весьціся сельская гаспадарка. Будзе абслугоўвацца транзытная зона, лягістычны кітайскі вузел, руская дарога на Варшаву й Бэрлін. Усё астатняе будзе цудам некранутай прыроды.

За апошнія 20 год у Беларусі вырас узровень жыцьця, грамадзтва стала больш заможным. Затое ўладам усё цяжэй падтрымліваць гэты ўзровень. Тэмпы росту эканомікі запавольваюцца, а на ўсіх грошай не хапае. Адзіная надзея -- ісьці ў сьвет?

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт