Logo Polskiego Radia
Print

Са ствалавых клетак выгадавалі чалавечую печань

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 29.07.2013 07:13
Група японскіх дасьледнікаў змагла атрымаць мініяцюрную печань з чалавечых ствалавых клетак.

/

Плюрыпатэнтныя клеткі ператварыліся ў дыск дыямэтрам 4 мілімэтры, які пацьвердзіў сваю працаздольнасьць, калі яго перасадзілі ў арганізм паддосьледнай мышы. Падрабязнасьці працы прыведзеныя ў часопісе Nature.

Дасьледнікі выкарысталі індукаваныя плюрыпатэнтныя клеткі, або іншымі словамі, ствалавыя клеткі, атрыманыя шляхам перапраграмаваньня сьпелых клетак дарослага чалавека. Далей іх удалося ператварыць як у гепатацыты, гэтак і ў клеткі сасудаў і злучальнай тканкі; навукоўцы атрымалі трохмерную структуру, гісталягічныя аналіз якой паказаў наяўнасьць усіх неабходных для печані элемэнтаў.

Перасадка выгадаваных у прабірках мініяцюрных дыскаў дыямэтрам каля чатырох мілімэтраў паддосьледным мышам прадэманстравала працаздольнасьць штучнай печані. Праз двое сутак пасьля апэрацыі крывяносныя сасуды зьвяркоў злучыліся з сасудамі печані, а клеткі працягнулі дзяленьне: орган пачаў расьці далей. Печань вядомая сваёй высокай здольнасьцю да рэгенэрацыі, таму хворым, якім патрабуецца новая печань, часта перасаджваюць невялікую частку органа, узятую ў жывога донара.

Казаць пра хуткае увядзеньне ў клінічную практыку перасадак печані са ствалавых клетак пакуль рана. Дасьледнікі маюць намер спачатку паназіраць за паводзінамі штучнай печані ў арганізьме мышы, каб пераканацца ў яе стабільнасьці. Некаторыя папярэднія навуковыя працы паказалі, што індукаваныя ствалавыя клеткі часьцей перараджаюцца ў пухлінавыя клеткі, таму спачатку трэба ўпэўніцца ў здольнасьці новай печані абмяжоўваць свой рост і захоўваць патрэбныя функцыі.

Нягледзячы на ​​тое, што перасадкі печані добра адпрацаваныя і пацыенты пасьля іх могуць вяртацца да актыўнага жыцьця, іх нельга назваць руціннай апэрацыяй: імуналягічныя абмежаваньні абцяжарваюць падбор донара. Для вырашэньня праблемы дэфіцыту органаў навукоўцы цяпер працуюць у некалькіх накірунках: адныя групы спрабуюць сабраць печань з гатовых клеткавых культур, іншыя спрабуюць паўтарыць працэс фармраваньня органа са ствалавых клетак з нуля.

эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт